Як Еўразвяз змяніў цябе ці тваю супольнасць: конкурс эсэ

Праект “EU NEIGHBOURS east” абвяшчае конкурс эсэ для моладзі з краін Усяходняга Партнёрства ва ўзросце ад 18 да 26 гадоў.

Шэсць пераможцаў – па аднаму з кожнай краіны – атрымаюць магчымасць узяць удзел у Форуме Ўсходняга Партнёрства, што пройдзе ў Польшчы.

Каб паўдзельнічаць у конкурсе, неабходна напісаць гісторыю пра ўздзеянне ЕЗ на сваё прыватнае жыццё ці супольнасць. Тэма можа закранаць усё, што заўгодна, звязанае з Еўразвязам – праекты, праграмы, адукацыйныя абмены і г.д. Аб’ём – не больш за 600 слоў на ангельскай мове. Гісторыі, якія будуць суправаджацца адпаведным здымкам у добрай якасці, атрымаюць дадатковыя балы.

Да ўдзелу запрашаюцца грамадзяне Арменіі, Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

Як падацца

Удзельнікі мусяць даслаць сваю гісторыю на электронную пошту youngeuneighbours@ecorys.com з тэмай ліста “#EUaroundU – Tell your story“. Ліст мусіць утрымліваць:

  • поўнае імя, узрост, адрас, нумар тэлефона і кароткае пазначэнне сферы, у якой кандыдат працуе/вучыцца;
  • копія пашпарта;
  • гісторыю ў PDF-фармаце, аздобленую фатаграфіяй, калі гэта магчыма.

Прызам для пераможцаў стане ўдзел у Eastern Partnership Youth Forum у Варшаве 22-23 чэрвеня 2017 года. Усе выдаткі (віза, падарожжа, пражыванне) пераймаюць арганізатары. У дадатак за 2 і 3 месца пераможцы атрымаюць планшэт.

Даведацца пра конкурс больш можна па спасылцы.

Дэдлайн – 31 сакавіка 2017 года.