Забараніць немагчыма(е) – інтэрактыўны праект ад ECLAB

Важнейшымі складнікамі забеспячэння правоў чалавека з’яўляюцца не толькі дзейнасць дзяржаваў ды міжнародная супраца, але і сацыяльныя змены. У дэмакратычных краінах яны прывялі да з’яўлення новых сацыяльных практык і інстытутаў. Аднак і дыскрымінацыя, і стэрэатыпы працягваюць існаваць ва ўсіх краінах свету, да таго ж у абвостраным глабалізацыяй выглядзе. Гэты фаткт кажа пра неабходнасць новага погляду на сацыяльнае ўладкаванне навогул, патрабуючы трансфармацый на аснове паняцця і практыкі інклюзіі.

Арганізатары другога інтэрактыўнага праекта ECLAB “Забараніць немагчыма(е)” запрашаюць сфакусаваць увагу на праблеме сацыяльнага ўключэння ў Беларусі. З аднаго боку, яны прапануюць паразмаўляць пра тое, што вызначаецца ў Беларусі як палітычна, сацыяльна і культурна непрыймальнае і якім чынам яно на гэтай падставе выключаецца і забараняецца. З іншага боку, сумесна з глядачкамі і гледачамі яны хочуць адшукаць тыя стратэгіі і сродкі, якія б дазволілі адказаць на забароны з дапамогай практык уключэння.

Да абмеркавання выносяцца наступныя пытанні: якія групы ў Беларусі пакутуюць ад недахопу інклюзіі і з якіх нагодаў? Чаму многія формы гвалту застаюцца нябачнымі і як гэта выправіць? Якія стэрэатыпы ўплываюць  на наша разуменне сацыяльнага гвалту, прыніжэння і дыскрымінацыі? Што мы мы можам  супрацьпаставіць ім на ўзроўні індывідуальных і калектыўных дзеянняў?

“Забараніць немагчыма(е)” – гэта інтэрактыўны праект, які прапаноўвае наведніцам і наведнікам выставы забыцца на ролі пасіўных назіральнікаў і актыўна ўключыцца ў стварэнне арт-аб’ектаў, а таксама прыняць удзель у абмеркаванні інклюзіўнага і талерантнага грамадства.

Куратарская група: Аксана Жгіроўская, Вольга Шпарага, Валянціна Мароз, Аляксей Братачкін.

Каардынатарка праекта: Аксана Жгіроўская, сукіраўнічка канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» ECLAB

Працоўная група: студэнткі і студэнты, выпускніцы и выпускнікі, выкладчыцы і выкладчыкі ECLAB.

Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны. Час працы выставы: 12:00-21:00

9 чэрвеня, пятніца

19.00. Адкрыццё праекта

19.30. Прэзентацыя ECLAB-2017/2018

10 чэрвеня, субота

17.00. Нябачнасць ЛГБТ+ у гарадской прасторы: вопыты і спробы пераадолення. Інтэрактыўная лекцыя ўкраінскай даследчыцы Надии Чушак пра супярэчлівыя працэсы станаўлення ЛГБТ+ ідэнтычнасцяў у постсацыялістычнай гарадской прасторы, заснаваная на эмпірычным матэрыяле з Украіны і Сербіі.

11 чэрвеня, нядзеля

17.00. Анкацела – ненарматыўнае цела. Лекцыя гендарнай даследчыцы Алены Агарэлышавай  пра тое, як рак грудзей з выключна медыцынскай тэмы стаў прадметам публічных дыскусій, што прывяло да зменаў уяўленняў пра нарматыўнасць жаноцкай цялеснасці.

12 чэрвеня, панядзелак

19.00. Што мы ведаем пра хатні гвалт? Лекцыя і дыскусія з пошукам адказаў на пытанні, што замінае распазнаваць сямейны гвалт і якія рэальныя маштабы праблемы ў Беларусі.

Мадэратаркі: Вольга Гарбунова (кіраўніца крызіснага цэнтра для жанчын і дзяцей «Радзіслава»), Аксана Жгіроўская (ECLAB).

13 чэрвеня, аўторак

18.30. «А калі гэта каханне?» – савецкі фільм-дыспут пра штодзённы гвалт.

Прагляд і абмеркаванне сацыяльнай драмы Ю. Райзмана 1962 года пра першае каханне і спецыфіку савецкага школьнага і хатняга выхавання.

Каментары і мадэрацыя дыскусіі  – Вольга Раманова (ECLAB).

14 чэрвеня, серада

19.00. Гісторыя ХХ стагоддзя ў школьных падручніках Беларусі. Прэзентацыя даследвання Цэнтра публічнай гісторыі ECLAB. Як у беларускіх школьных падручніках сёння расказваецца пра траўматычныя вопыты ХХ стагоддзя? Як там прадстаўлены дзяржава, сацыяльныя групы і пэўныя асобы? Пра даследванне распавядзе кіраўнік Цэнтра Аляксей Братачкін.

15 чэрвеня, чацвер

19.00. Уявіць прыймальнае грамадства: ад эмпатыі да інклюзіі. Лекцыя Вольгі Шпарагі (ECLAB) пра тое, як узнікла і з якімі ідэямі звязана паняцце інклюзіі. Чаму паняцце «прыймальнае грамадства» выкарыстоўваць прадуктыўней за «здаровае грамадства»? Як інклюзія звязана з эмпатыяй? Што стаіць за непатэрналісцкай ідэяй справядлівасці?

17 чэрвеня, субота

18.00. Схованка. Дакументальны спектакль пра сямейны гвалт, основай для якога сталі інтэрв’ю з жанчынамі, якія сталі яго ахвярамі. Рэжысэрка – Валянціна Мароз, кампазіцыя тэксту – драматург Канстанцін Сцешык,  інтэрв’юеры, акцёры і акторкі – студэнткі і студэнты канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» ECLAB.

19.00. Схованка: паміж мінулым і будучыняй. Дыскусія пра спектаклі і праблемы сямейнага гвалту. Мадэратаркі: Вольга Гарбурнова (“Радзіслава) і Валянціна Мароз (ECLAB).

18 чэрвеня,  нядзеля

Выстава працуе да 18.00.

Падзея ў Facebook

Партнэры праекта: Культ. цэнтр «Корпус», ОО «Радзіслава», квір-фестываль DOTYK, адукацыйны партал Адукацыя.Інфо, праект MAKEOUT, культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», анлайн-часопіс «Культпросвет», платформа перфарматыўных практык «зЕрне», Агенцтва соцыяльных навінаў, партал Relax.by, кафэ «Культура».