Жадаеш вырашыць праблемы свайго ўніверсітэта? Акадэмія студэнцкага лідарства запрашае

Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятыў абвяшчае набор удзельнікаў у “Акадэмію студэцкага лідарства“.

Акадэмія – гэта 3-месяцовая праграма, за час якой удзельнікі змогуць:

  • вырашыць любую праблему ў сваім універсітэце;
  • даведацца пра студэнцкі рух у Беларусі;
  • разабрацца ў беларускай сістэме адукацыі і яе перспектывах;
  • развіць навыкі прамоўніцкага мастацтва, перамоў, кіравання рызыкамі і г.д.

Навучанне складаецца з вочных і анлайн-семінараў, якія робяць акцэнт на дыскусіях, абмеркаваннях і практычных заданнях: усе ўдзельнікі вызначаюць праблемы ў сваіх універсітэтах, над вырашэннем якіх яны будуць працаваць. Згодна з характарам праблемы, удзельнікі размяркоўваюцца па факультэтах (пачытаць падрабязней). Вочныя семінары адбываюцца ў Мінску згодна з графікам:

  • 25-26.02 – семінар “Беларускае студэнцтва і сістэма адукацыі”;
  • 18-19.03 – семінар “Планаванне кампаній удзельнікаў”;
  • 1-2.04 – семінар “Развіццё асабістых якасцяў удзельнікаў”.

Падчас кожнага з гэтых семінараў арганізатары пакрываюць выдаткі іншагародніх і мінскіх удзельнікаў на праезд, пражыванне і харчаванне.

Акрамя гэтага, напачатку траўня адбудзецца адукацыйны візіт у адну з еўрапейскіх краін для абмену досведам са студэнцкімі арганізацыямі і знаёмства з замежнай сістэмай адукацыі.

Патрабаванні – мець жаданне змяніць свой універсітэт да лепшага і гатоўнасць працаваць над сваім праектам. Гэта не патрабуе ніякіх спецыяльных ведаў ці навыкаў, толькі адказнасць і троху рамантызму.

Перавага аддаецца студэнтам і студэнткам 1-3 курсаў вочнага аддзялення, але калі вы не падпадаеце пад гэты крытэр – не спяшайцеся адмаўляцца!

Як падаць заяўку

Неабходна напісаць матывацыйны ліст з тлумачэннем вынікаў, якія вы хочаце атрымаць ад праграмы, і даслаць яго на пошту belstudacademy@gmail.com або праз форму. Звярніце ўвагу, арганізатары размяркоўваюць 10 стыпендый сярод тых, хто даслаў заяўку да 5 лютага і яшчэ 10 – сярод тых, хто зробіць гэта да 15 лютага.

Пасля гэтага трэба прайсці анлайн- ці вочнае сумоўе. Мэта – зразумець, наколькі вашыя каштоўнасці адпавядаюць каштоўнасцям праграмы.

Навучанне бясплатнае?

На праграме прадугледжана 20 стыпендый. Без стыпендыі навучанне каштуе 200 BYN.