«Жывая бібліятэка» запрашае на Дзень народзінаў

24 кастрычніка «Жывая бібліятэка» запрашае ў чарговы раз пазбавіцца стэрэатыпаў і задаць пытанні, якія цікавяць.

Абяцаюць, што пасля наведвання ЖБ вы дакладна задумаецеся аб разнастайнасці свету і пра стэрэатыпы ў галаве.

Бібліятэка адчыніць дзверы 24 кастрычніка з 16 па 22 гадзіну ў бары «ДК» (ст.м. Парк Чалюскінцаў, вул. Талбухіна 4).

«Жывая Бібліятэка» — гэта незвычайная бібліятэка. Тут замест звыклых «кніг» выступаюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі, гатовыя адказаць на любыя пытанні. Працуе «Жывая Бібліятэка» гэтак жа, як і звычайная: «чытачы» прыходзяць, атрымліваюць «бібліятэчную картку», выбіраюць «кнігу» і чытаюць яе цягам пэўнага часу.

Адпаведна, на Жывой бібліятэцы ёсць 3 ролі: «Кніга», «Чытач» і «Бібліятэкар». Кніга — гэта чалавек, які мае якую-небудзь ідэнтычнасць, рэдкую прафесію, унікальны досьвед. Чытач — гэта ўдзельнік мерапрыемства. Бібліятэкар — арганізатар, які ў любую хвіліну адкажа на ўсе пытанні.

«Жывая бібліятэка» можа быць карыснай, калі вы хочаце:

  • абмеркаваць стэрэатыпы і пазбавіцца ад забабонаў у адносінах да іншых людзей;
  • задаць пытанні людзям — прадстаўнікам пэўных сацыяльных груп або прафесій, даведацца пра іх жыццёвы досвед, пачуцці і праблемы ў грамадстве;
  • лепш зразумець сваякоў, сяброў, калег па працы, з якімі вас падзяляюць якія-небудзь адрозненні.

Арганізатары падрыхтавалі шмат сюрпрызаў у гонар першай гадавіны. Вас чакае невялікі канцэрт і фуршэт, а таксама незабыўныя размовы з людзьмі і багата іншага! Таксама пажадана (але не абавязкова) зарэгістравацца на мерапрыемства тут.