Навошта ехаць на моладзевы абмен?


Яўгенія Ларыкава, за плячыма якой больш за дзясятак міжнародных сустрэч і 25 краінаў, распавяла для Adukacyja.Info, навошта ехаць на моладзевы абмен, як з кандыдата ператварыцца ва ўдзельніка і дзе можна пасябраваць з паловай Еўропы.

***

Якой была твая галоўная матывацыя вырашыцца ды паехаць на першы моладзевы абмен?

У першы праект я трапіла, можна сказаць, выпадкова. Тады Беларусь толькі пачынала ўдзельнічаць у праграме Erasmus+, мала хто ведаў, што ад яе чакаць. Гэта было спантаннае рашэнне, бо ўдзельнікаў шукалі вельмі тэрмінова. Я скарылася жаданню паспрабаваць нешта новае. Тым больш апісанне праекту было вельмі прыцягальным: удзельнікі з розных краінаў, цікавая тэма (пра магчымасці працаўладкавання моладзі) і класнае месца (праект адбываўся ў курортным гарадку Закапанэ, у польскіх Татрах).

SONY DSC

Што табе запомнілася з тваёй першай міжнароднай сустрэчы?

Яна была для мяне сапраўдным адкрыццём. Больш за ўсё запомнілася тое, як хутка ўдзельнікі пасябравалі адзін з адным. Атмасфера, сама праграма і фармат мерапрыемства спрыяюць таму, што за вельмі кароткі перыяд – усяго за 7 дзён – можна пасябраваць з зусім незнаёмымі людзьмі і застацца сябрамі надоўга. Я дагэтуль падтрымліваю зносіны з некаторымі ўдзельнікамі таго праекту.

 

1010582_10151996764174698_1849892523_n

Як звычайна адбываюцца такія праекты? Хто і навошта збіраецца разам?

Звычайна трэнінгі і абмены цягнуцца каля тыдня, могуць быць карацейшымі або даўжэйшымі. Цягам усяго праекту ўдзельнікі жывуць, працуюць і бавяць вольны час разам у новай краіне, часта ў аддаленым ад цывілізацыі месцы. Увесь дзень з перапынкам на абед арганізатары ладзяць пэўныя варкшопы, накіраваныя на тэматыку праекту ці на знаёмства і стварэнне каманднай цеплыні паміж удзельнікамі. Практычна заўсёды арганізатары прапануюць якую-небудзь экскурсію ці імпрэзу для знаёмства з мясцовым жыццём, гісторыяй, культурай. У праектах бяруць удзел зацікаўленыя людзі з некалькіх краінаў. Колькасць краінаў можа быць рознай, напрыклад, 4, 6, 10, але як мінімум дзве. Удзельнікаў можа быць ад 20 да 40.

IMG_5739

Як можна трапіць на моладзевы абмен? Што арганізатары лічаць важным параметрам, які можа дапамагчы з кандыдата ператварыцца ва ўдзельніка?

Перш за ўсё, трэба знайсці ў сваёй краіне арганізацыю, якая мае сувязь з Erasmus+. У нас гэта, напрыклад, Ліга дабрачыннай працы моладзі, New Faces, Fialta і іншыя. Такія арганізацыя на сваіх сайтах, у сацыяльных сетках змяшчаюць абвесткі пра набор удзельнікаў. Тут можна знайсці падрабязнае апісанне тэматыкі, месца, датаў, іншых дэталей, якім чынам можна падаць заяўку. У ёй, як правіла, трэба распавесці пра сваю матывацыю на ўдзел. Як ужо арганізатар праектаў, у першую чаргу ў кандыдатах я шукаю сапраўдную матывацыю на працу. Добра, калі тэма праекту шчыльна звязана з цяперашняй дзейнасцю ўдзельніка, калі выразна бачна, дзе і як ён альбо яна зможа выкарыстаць атрыманыя на праекце веды і досвед.

Babel YE Turku 2014 268

Чым моладзевы абмен адрозніваецца ад трэнінгу?

Розніца ў тым, што трэнінг дае больш экспертных ведаў. Мяркуецца, што тут удзельнікі набудуць канкрэтныя новыя веды і ўменні ў працы з моладдзю. То бок удзел у трэнінгах у асноўным для людзей, праца якіх звязана з маладымі людзьмі ці для тых, хто плануе працаваць у гэтай сферы.

Абмены ж створаныя для самой моладзі, у іх і абмежаванне па ўзросце ёсць (да 30 гадоў, за выключэннем груп-лідара). На абменах няма трэнера ці эксперта, які даваў бы веды ўдзельнікам. Ёсць фасілітатар, які з дапамогай інтэрактыўных метадаў стварае для ўдзельнікаў атачэнне, у якім яны самі змогуць даведацца новае адзін пра аднаго. Яны дзеляцца досведам, распавядаюць пра сітуацыі і практыкі ў сваіх краінах. Такім чынам, абмен – гэта сапраўды абмен. Тут сам удзельнік – гэта і крыніца, і рэцыпіент ведаў.

Дзе ты ўжо пабывала дзякуючы трэнінгам і моладзевым абменам?

Менавіта ў межах праграмы я змагла наведаць Польшчу, Грузію, Літву, Латвію, Эстонію, Фінляндыю, Арменію, Гішпанію і Францыю. Ва ўсіх гэтых праектах я набыла шмат сяброў і знаёмых са ўсёй Еўропы. Да іх я не раз наведвалася ў госці і такім чынам пашырыла сваю геаграфію падарожжаў. Зараз у капілцы ўжо 25 краінаў.

Processed with VSCOcam with f2 preset

Звычайна такія сустрэчы адбываюцца ў вельмі жывапісных месцах і часта ўспрымаюцца патэнцыйнымі ўдзельнікамі як выдатны спосаб танна павандраваць. Што ж у гэтым галоўнае: сам абмен, навучанне, пашырэнне асобасных гарызонтаў ці судакрананне з новай краінай?

Сапраўды, шмат хто матывуецца толькі магчымасцю танна з’ездзіць у новую краіну. Няма нічога кепскага ў жаданні вандраваць, але, ты не менш, арганізатарам заўсёды хочацца, каб мэты праекту таксама былі дасягнутыя. Калі шчырая матывацыя ўдзельніка не ўключае жадання даведацца нешта новае па тэме праекту, з такімі ўдзельнікамі складана працаваць. Але ўсё ж такі паглыбленне ў краіну, знаёмства з мясцовай культурай – гэта неад’емная частка гэтых праектаў. Бо адна з асноўных мэтаў усёй праграмы – знайсці паразуменне паміж тымі, хто адрозніваецца, усталяваць міжнацыянальныя сувязі, адкрыць для сябе новыя краіны і, мабыць, нават сусветы.

Чаму ты навучылася дзякуючы сваім шматлікім праектам?

Можна сказаць, большая частка маёй асобы сфармавалася дзякуючы міжнародным праектам, зносінам і падарожжам. Я навучылася быць адкрытай, пазбавілася ад стэрэатыпаў, набыла шмат сяброў і цікавых знаёмстваў. Сярод практычных уменняў – праектны мэнэджмент. Я навучылася ствараць і каардынаваць уласныя праекты. Мне гэта вельмі падабаецца і, здаецца, атрымоўваецца няблага. Я навучылася глядзець на праблемы з розных бакоў, зразумела каштоўнасць іншых людзей і іх поглядаў.

IMG_9258

Што табе запомнілася больш за ўсё?

Адно з самых яскравых уражанняў засталося пасля Грузіі. Гэта неверагодна прыгожая і гасцінная краіна. Праграма дазваляе знаходзіцца ў краіне колькі дадатковых дзён па-за тэрмінамі праекту, таму мы з іншымі беларускімі ўдзельнікамі і нашымі новымі сябрамі з Грузіі вырашылі з’ездзіць у горы, у Казбегі. Там невымерна прыгожа і душэўна, успаміны на ўсё жыццё.

Яскравы адбітак пакінуў у памяці праект у Фінляндыі. Мы жылі ў моладзевай базе, у лесе, наўпрост на беразе мора. Можна было хадзіць у фінскую саўну кожны дзень:) Атмасфера ў групе была суперлагодная і цёплая. У выніку ў нас атрымалася разам стварыць пастаноўку для мясцовых дзетак, хоць амаль ніхто з 24 чалавек першапачаткова не ўяўляў, як гэта зрабіць. Але калі меркаваць па ўзрушаных вачах малых ды іх бацькоў, у нас атрымалася.

IMG_5181

Як і дзе атрыманыя веды і досвед дапамагаюць табе ў жыцці?

Знаёмствы з людзьмі з такой колькасці краінаў, з іх культурамі неверагодна пашырылі мае далягляды. Цяпер я магу назваць сябе culturally aware person. Гэта дапамагае адчуваць сябе больш упэўнена ў вандроўках ці падчас зносінаў з замежнікамі.

Зараз у мяне ёсць магчымасць паралельна з працай займацца тым, што мяне вельмі натхняе і цешыць. Я сама каардыную трэнінгі, спрабую сябе ў якасці трэнера, увасабляю ўласныя ідэі. Для мяне гэта бясцэнна.