«Навучанне можа быць цікавым!» Гісторыя Ганны Гаўрушынай – выпускніцы «Адукуй сябе пра Еўропу»

  • Час чытання: 5 хвілін

Ганна Гаўрушына – выпускніца другога набору «Адукуй сябе пра Еўропу». Студэнтка 3 курсу Інстытуту бізнесу БДУ. У вольны час любіць падарожнічаць, знаёміцца з традыцыямі розных краін, вучыцца, атрымліваць новы досвед.

Раскажы, як ты даведалася пра курс «Адукуй сябе пра Еўропу»?

Я доўгі час была падпісана на суполкі пра адукацыйныя магчымасці для беларусаў. Здавалася, што на праекты трапляюць вельмі разумныя людзі, у якіх ужо ёсць нейкі бэкграўнд. Але калі я ўбачыла на сайце Адукацыі набор на «Адукуй сябе пра Еўропу», вырашыла паспрабаваць. І ні кроплі пра гэта не пашкадавала. Праект моцна змяніў маё ўяўленне пра навучанне. Навучанне можа быць цікавым!

Што з праекту стала найбольш запамінальным?

Курс прадугледжвае выкарыстанне метадалогіі “blended-learning”. Мы маглі сядзець дома, піць гарбату і выконваць інтэрактыўныя заданні ці тэсты. На вочных сесіях сустракаліся з выдатнымі экспертамі, яны дзяліліся сваім досведам, давалі шмат карыснай інфармацыі.

Але самае каштоўнае, што бывае ў любым праекце, – гэта людзі. У нас была выдатная каманда. Сам час у дарозе і размовы прыносілі задавальненне. Я і зараз падтрымліваю сувязь з многімі ўдзельнікамі.

Ці былі якія-небудзь асабістыя чэленджы?

У рамках міні-праекта мы з камандай вырашылі абраць адно з самых складаных заданняў – вулічнае відэа-апытанне. Вопыт для ўсіх быў новы. Было бачна, што кожнаму з нас даводзілася выходзіць з уласнай зоны камфорту. Гэта выдатна развівае ўпэўненасць у сабе.

Як на цябе паўплываў курс «Адукуй сябе пра Еўропу»?

EduOnEU – гэта першы праект, у якім я ўдзельнічала. Я так натхнілася атмасферай нефармальнага курсу, адукаванымі і цікавымі людзьмі, што ў першы ж дзень пасля сканчэння EduOnEU адправіла некалькі заявак на іншыя адукацыйныя праекты.

Праз два тыдні я трапіла на летнік, які праходзіў на радзіме Васіля Быкава. На працягу пяці дзён мы жылі ў палатках, рыхтавалі ежу на вогнішчы, плавалі ў найпрыгажэйшым возеры, танцавалі пад купальскія песні і чыталі вершы. Усе пяць дзён мяне не пакідала пачуццё еднасці з прыродай. Акрамя нас у вёсцы было чалавек дзесяць. Склалася адчуванне, што мы стварылі свой маленькі свет.

Фота: Летнік на радзіме Васіля Быкава

Летнік на радзіме Васіля Быкава

Увосень я паехала на 10 дзён у польскі горад Лодзь, дзе брала ўдзел у праграме “Study Tours to Poland”. Гэта праграма для студэнтаў з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы. Падчас праекту мы пазнаёміліся з польскай культурай, сустракаліся з палітыкамі, прадпрымальнікамі, наведвалі тэатры, выставы і жылі ў польскай сям’і.

Фота: Study Tours to Poland, экскурсія па Варшаве

Study Tours to Poland, экскурсія па Варшаве

Ты паўдзельнічала ў розных адукацыйных праектах. Як лічыш, у чым спецыфіка нефармальнага навучання?

Мне здаецца, да нефармальнай адукацыі чалавек прыходзіць больш усвядомлена. Пачынае шукаць мерапрыемствы, якія цікавыя асабіста яму. Няма сумнай хатняй працы, кантрольных, адзнак. Увесь падыход заключаецца ў тым, каб студэнт атрымаў веды ў займальнай форме. Ніхто не прымушае вучыцца, гэта асабісты выбар.

Што бы ты параіла тым, хто пакуль не ведае, што і як шукаць?

Сустракала людзей, якія даведваюцца аб адукацыйных праграмах, калі ўжо не падыходзяць па ўзросту. Ім крыўдна, што яны так позна атрымалі інфармацыю пра такія магчымасці. Таму калі вы маладыя і вам ад 18 да 30 гадоў (у большасці праграм такое абмежаванне па ўзросце), то ўсё ў вашых руках. Не хвалюйцеся, калі вы яшчэ нідзе не ўдзельнічалі. Гэта добрая магчымасць, каб пачаць.

Падзялюся з вамі спасылкамі на рэсурсы, дзе я шукаю адукацыйныя і валанцёрскія магчымасці:

 

І, напэўна, самае цікавае пытанне – а што далей? Якія ў цябе планы?

Планы ёсць, іх шмат. Вельмі хачу паглядзець свет (як бы банальна гэта не гучала). Ведаю, што ёсць магчымасць паехаць валанцёрам пасля сканчэння ўніверсітэту ў іншую краіну (гаворка ідзе аб валанцёрскай праграме ESC, былой EVS). Цяпер шукаю інфармацыю пра гэтую магчымасць, размаўляю з удзельнікамі папярэдніх гадоў. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.