Навучанне ў WSNHiD у Познані
Жыццё віравала. Я скончыла першы курс культуралогіі ЕГУ ў Менску, а ўнівер зачынілі ў той жа год. Але адначасна для студэнтаў адчыніліся дзверы розных замежных ВНУ. Нас было некалькі беларусаў, з розных факультэтаў, і Вышэйшая Школа Гуманітарных Навук і Журналістыкі ў Познані пасавала нам усім.
Упрошваць не даводзілася. Сабралі валізкі дый паехалі. Напачатку нам вельмі дапамагалі студэнты з Украіны і Расіі, якія тут вучыліся ўжо некалькі гадоў. Польскай мовы мы не ведалі, таму пайшлі на паскораны моўны курс. Студэнты з самакіравання дапамаглі нам асвоіцца ў горадзе…
Як вучылася?
Мне было ўсяго 18. Пасля першых дзён у Познані я захварэла. Тады яшчэ не паспела набыць польскую sim-карту, таму знікла на 5 дзён. Мяне, як апынулася, шукалі студэнты з самакіравання. Калі ж з’явілася, адна з амерыканскіх студэнтак па-сяброўску дакорліва сказала: “Ты што, нельга ж так знікаць!”, – і прэзентавала мне тэлефон з польскай сімкай. Падтрымкі з усіх бакоў хапала. У мяне было досыць шмат вольнага часу на самаадукацыю, на падрыхтоўку да школы і пазней – на падзаробак. Чакаць ласкі з-за няведання мовы не даводзілася. Мець зносіны з выкладчыкамі мусіш толькі на польскай мове.
Як будзе вучыцца вам?
Заняткі на дзённым аддзяленні ідуць 3-4 дні на тыдзень. У дадзены момант WSNHiD прапануе навучанне на сямі факультэтах:
1. Бяспека ў бізнэсе;
2. Кансультаванне і коўчынг;
3. Графіка;
4. Інфарматыка;
5. Педагогіка;
6. Крэатыўны мэнэджмэнт;
7. Mediaworking (новае).
Якія трэба дакументы?
Паступленне на ўсе спецыяльнасці, акрамя графікі, ажыццяўляецца з падачай поўнага пакета дакументаў (апастыль атэстату са школы або дыплому ўніверсітэта, медыцынская даведка, страхоўка). Пасля гэтай працэдуры атрымліваеш даведку пра тое, што прыняты, і на аснове гэтага дакумента атрымоўваеш студэнцкую бясплатную візу. Паступленне на факультэт графікі адбываецца па выніках здачы ўступных іспытаў і асабістага партфоліа. Набор на наступны навучальны год звычайна пачнецца ў сярэдзіне красавіка. Тады можна будзе знайсці новую анкету для абітурыентаў. Улетку плануецца паскораны курс польскай мовы.
Што з фінансамі і жытлом?
Навучанне ў WSNHiD – платнае. Але скончыўшы першы год з добрай сярэдняй адзнакай, можна атрымаць стыпендыю.
WSNHiD забяспечвае студэнтаў інтэрнатам, які знаходзіцца побач са школай і каштуе значна танней, чым арэнда кватэры ці пакоя. Аднак, калі нехта жадае здымаць жыллё, ёсць тры варыянты: можна самастойна пашукаць у інтэрнэце аб’явы і зняць кватэру ці пакой у студэнцкай кватэры; звярнуцца ў пасрэдніцкае агенцтва, заплаціць камісію і нешта знайсці; або звярнуцца за дапамогай да мяне, і мы разам зоймемся пошукам. Кошт пакою з высокім стандартам і з інтэрнэтам будзе каля 300$.
Дзе знаходзіцца?
Будынак WSNHiD знаходзіцца ў цэнтры горада і дабрацца да ўнівера вельмі проста. За дзесяць хвілін ад WSNHiD – Стары кірмаш з кавярнямі, барамі і рэстаранчыкамі. Насупраць – велізарны парк Цытадэль, дзе ў добрае надвор’е крута арганізаваць пікнік ці пакатацца на ровары. Познань часта называюць студэнцкім горадам. У студэнтаў тут з’яўляецца шмат магчымасцяў рэалізоаваць сябе і пазнаёміцца з новымі цікавымі людзьмі. Познань знаходзіцца за тры гадзіны язды ад Берліна, куды можна зганяць на выходныя.
Бонусы
Вольны доступ для студэнтаў да інтэрнэту, спартыўных заляў, сквош-кортаў і рускамоўнай дапамогі. Дадатковая інфа тут.
Калі ў вас ёсць пытанні, звяртайцеся па дапамогу і кансультацыю па мэйле:aliaksandra.balashova@wsnhid.pl