“Навучыліся не толькі пісаць ларпы, але і паважаць межы адзін аднаго”

  • 27.09.2016
  • Блог
  • Здымкі: з архіву арганізатараў

Ці здаралася з вамі такое, што тыдзень жыцця мінае, быццам хвіліна? За гэты час у вас з’яўляецца безліч сяброў з 19 краін свету ды 3 кантынентаў, вас не адпускае выдайтнейшы настрой і час ад часу хочацца сябе моцна ўшчыпнуць за якое-небудзь пяшчотнае месца (каб дакладна ўжо адчуць, што ўвесь цуд навокал – гэта дакладна не сон)?

Вельмі крута, калі вы задаволена кіўнулі галавой, але й няблага, калі сціпла паціснулі плячыма. Бо зараз я раскажу вам пра магічнае мерапрыемства –  Larp Writer Summer School 2016, на якой ёсць дзіўная магчымасць судакрануцца з таемствам стварэння ларпаў пад кіраўніцтвам дасведчанах чараўнікоў.

13659098_1419230898104172_6434272672498266807_n

Але пачаць трэба з тлумачэння, што ж такое ларпы і навошта яны патрэбны. Ларп (LARP– living action role play) – ролевая гульня, якая дазваляе адчуць сябе ў іншым месцы, іншым часе, іншым чалавекам. Ларпы бываюць рознымі і па тэмах, і па відах, і па мэтах. Іх можна падзяліць на вербальныя і невербальныя, абстрактныя ды канкрэтныя, з касцюмамі альбо без іх, агулам, можна прыдумаць самую розную камбінацыю, каб перадаць свой творчы імпульс людзям.

14458883_10154391489606011_79255553_n

Ларпы дазваляюць зразумець чалавека, якім вы ніколі не былі, аказацца ў сітуацыях, у якія вам цяжка трапіць. Вы можаце атрымаць моцны досвед, даследаваць канкрэтную тэму ці (што часцей) саміх сябе.

Працягваем экскурс у структуру ларпа.

Ён звычайна ўключае некалькі частак: знаёмства, на якім людзі, якія збіраюцца ў яго гуляць, маглі адчуць сябе камфортна адно з адным, даверыць свае эмоцыі і пачуцці чалавеку побач; потым варкшопы – практыкаванні, якія дазваляюць гульцу паглыбіцца ў ролю, ствараюць атмасферу і адносіны з іншымі персанажамі і г.д. Наступны крок – менавіта сам ларп, які можа цягнуцца ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён, і ён абавязкова сканчаецца дэбрыфам, на якім удзельнікі ларпа разам з арганізатарамі размаўляюць пра тое, што адбылося.

Гэта вельмі інтымны, але неабходны момант, бо, калі гульцы стварылі сабе цяжкія ролі, што маглі давесці да слёз, адчування самотнасці ці злосці, ёсць вялікая неабходнасць даць выхад усім эмоцыям, у іншым выпадку існуе верагоднасць нанесці ў той ці іншай ступені псіхалагічную траўму.

Каб глыбей даведацца пра гісторыю ларпаў у Беларусі, мы пагутарылі з Аляксандрам Каралевічам, арганізатарам ларп-школаў:

– Ларпы – адна з форм ролевых гульняў, якімі ў нашай краіне займаюцца з 80-ых гадоў мінулага стагоддзя. Ролевыя гульні бываюць самымі рознымі, але ж нас як адукацыйную арганізацыю зацікавілі ларпы менавіта скандынаўскага тыпу, бы мы спрабуем ужываць розныя інтэрактыўныя метады, у тым ліку гульневыя, у розных адукацыйных праграмах. “ПОСТ” даволі старая арганізацыя, нам ужо 19 гадоў. За гэты час мы рэалізавалі вялікую колькасць адукацыйных праграм. Увесь час шукалі цікавыя, карысныя формы і метады, якія дапамагалі б працаваць з тэмамі грамадзянскай адукацыі, уздымаць важныя пытанні і праблемы. І ў 2007 годзе мы пазнаёміліся з дасведчанымі ларп-дызайнерамі з Нарвегіі, і ў нас атрымалася першая кааперацыя, у межах якой мы стварылі ларп “1943” пра тое, як людзі перажывалі акупацыю ў перыяд другой сусветнай вайны. Мы зрабілі нават экспедыцыю: ездзілі па краіне, збіралі гісторыі і ўспаміны. Удзельнікі ларпа былі засталіся вельмі ўражанымі, бо пасля яго яны ўбачылі сітуацыю ў новым святле, не ў тым сэнсе, што чорнае змянілася на белае, а ў тым, што гэта стала для іх сапраўды больш персанальным. І мы зразумелі, што калі нейкая тэма, праблема робіцца індывідуальнай, яна мае моцны адукацыйны эфект. Яна вельмі кранае чалавека. І пасля такога чалавек ужо не можа яе “разбачыць”.

13710438_10207260786580325_6989203564412323748_o

Праект “1943” быў пачаткам, потым мы зразумелі, што нам цікава гэта развіваць: мы зладзілі конкурс на лепшы сцэнар для ларпу, потым праводзілі розныя семінары, фестывалі. Але ў пэўны час мы зразумелі, што нам не хапае апоры – людзей, якія б таксама палалі гэтым. І тады паўстала ідэя зрабіць вялікае мерапрыемства, дзе можна было б спрабаваць у рэальнасці свой досвед і вучыць людзей ствараць ларпы. І вось першая ларп-школа адбылася ў 2012 годзе. Яна вельмі адрознівалался ад школы гэтага году. Мы зрабілі эксперымент, з цягам часу праграма ўдасканальвалася. Увогуле, калі мы пачыналі, то не ведалі, што школа так “выбухне”, але потым і мы самі, і ўдзельнікі былі вельмі ўражаныя і вырашылі, што трэба рабіць яе яшчэ і яшчэ. І зараз былыя ўдзельнікі ларп-школы тусуюцца каля адукацыйнага цэнтру “ПОСТ”, гуляюць у ларпы, ставараюць ларпы… І мы дапамагаем ім у гэтым і тэхнічна, і фізічна.

13662170_10154189691236011_5242648890020651909_o

***

Як вы ўжо даведаліся, ларп-школа – Larpwriter Summer School ­- ладзіцца пяты год. Ад сябе дадам, што праводзіцца яна непалалёк ад Вільні: увесь цуд і магія адбываюцца ў неверагодна маляўнічым месцы Рута. Школа збірае людзей з усяго свету, людзей розных прафесій, поглядаў на жыццё, але аднолькавых у сваёй цікавасці і любові да ролевых гульняў. Там сустракаюцца натхнёныя асобы, якія прагнуць ведаў, камунікацыі, творчасці ды ларпаў, людзі, што амаль не маюць досведу ў гэтым і толькі робяць свае першыя крокі ў накірунку. Гэта месца, дзе кожны чалавек значны, дзе ўнікальнасць любога ўдзельніка шануецца, дзе кожны можа адчуваць сябе максімальна камфортна, проста застаючыся самім сабой, дзе, куды ні глянь, людзі шчасліва ўсміхаюцца і заўсёды абдымаюць адзін аднаго.

Што мы рабілі на ларп-школе, акрамя таго, што абдымаліся ды смяяліся? Шмат чаго! Праграма была вельмі насычанай: камунікавалі мы недзе ў перапынках, абпіваючыся кавай ды гарбатай і “ўпіваючыся” размовай адзін з адным, елі мы таксама на перапынках, нярэдка хрумкалі ціхенька нешта на лекцыях, праглынаючы не толькі кавалачкі ежы, але і новыя веды. Кожны дзень складаўся з некалькіх відаў актыўнасцей: лекцыі, ларпы ды варкшопы. На лекцыях (гэта вельмі шэрае і нязграбнае слова так і аддае акадэмічнасцю, але ж нічога падобнага яны не ўяўлялі) мы даведваліся больш пра ларпы, пра тое, як іх будаваць, структуру, параметры, якія важна ўлічваць ды выкарыстоўваць, калі пішаш ларп (напрыклад, наколькі важна для ларпа асяроддзе, ці павінна ўсё навокал быць непадобным на рэальнасць, у якой мы існуем, альбо на гэтым можна не засяроджваць увагі і проста выкарыстоўваць сваю фантазію, каб уявіць нейкія рэчы). Мы слухалі пра бяспеку падчас ларпу, як фізічную, каб гульцы не атрымалі траўму, так і псіхалагічную, бо па настроі і сэнсе ларпы бываюць вельмі цяжкія, настолькі, што перезагружаюць ваш унутраны сусвет.

13669833_10154441150264309_2231573259010310283_n

Мы знаёміліся крыху і з тым, як эфектыўна выкарыстоўваць святло і прастору падчас ларпу, як напісаць характар, у якім чалавеку будзе цікава, як увогуле зрабіць гульню, каб пасля яе людзі не выходзілі расчараванымі, не разумеючы, што з імі толькі што адбылося, а вярталіся натхнёнымі, энергічнымі ды ўражанымі (напрыклад, як удзельнікі ларп-школы пасля яе сканчэння). Магу сказаць упэўнена: гэта былі адны з самых запамінальных лекцый у маім жыцці! Яны былі такімі непадобнымі да таго, што я слухаю ва ўніверсітэце (мажліва, вам пашанцавала і ваша жыццё напоўнена крутымі ды цікава праведзенымі лекцыямі), бо ў іх адчувалася, што лектар падыходзіць да працэсу адказна, рыхтуецца да яе разоў дзесяць, хоць і чытаў ужо разоў сто насамрэч. А яшчэ ў кожнага спікера быў свой унікальны спосаб прыцягнуць увагу аудыторыі: адзін з іх уключаюў цяжкі рок на дваццаць секунд і ставіў фотаздымак блэк-метал музычнага гурту, а мы мелі магчымасць рычаць ды крычаць на працягу гэтага часу, уяўляючы сябе сапраўднымі зоркамі рок-сцэны. Ці вось яшчэ прыклад: у лекцыі выкарыстоўваліся даволі складаныя тэрміны, якія пісаліся вялізнымі літарамі, а перед слайдам з гэткім тэрмінам ішоў слайд з малюнкамі мілых коцікаў ці смешных янотаў. Гэтага дакладна не хапае на лекцыях у медыцынскім універсітэце.

Калі я ўспамінаю пра варкшопы на школе – становіцца адначасова горача і салодка, бо

гэта было тое, пра што мараць усе, хто нешта вывучае: практыка ідзе побач ці адначасова з тэорыяй, гэта ж дах ад шчасця едзе! У мяне дакладна.

Варкшопы вучылі нас, як стварыць ассяроддзе з дапамогай музыкі і гукаў, як яны змяняюць настрой гульцоў, як перакіроўваецца сюжэтная лінія ларпу са зменай музыкі. Мы адчулі на ўласным досведе, як прастора, дакладней, размяшчэнне аб’ектаў у ёй, уплывае на развіццё стасункаў персанажаў ларпа: практыкаванне было накіравана на тое, каб удзельнікі школы, выкарыстоўваючы розныя рэчы, абставілі невялічкі кавалак пакою, у якім у хуткім часе будзе праходзіць міні-ларп пра бацькоў, якія знаёмяцца з абраніцай іх сына. Неверагодна, што можа адбыцца, калі стулы паставіць даволі блізка адзін да аднаго. Напрыклад, зрабіць адносіны давяральнымі ды пяшчотнымі, а калі яны стаяць у рознях кутах або нават на розных узроўнях – вось тут адчуваеш, што хутка будзе калі не трагедыя, то як мінімум драма.

14408944_10154391489611011_1228607307_n

На адным з варкшопаў мы падзяліліся на тры часткі: рэжысёры (ці кіроўцы), удзельнікі ларпу ды гледачы. Кіроўцы вучыліся выкарыстоўваць святло розных колераў ды інтэнсіўнасці, музыку рознага тэмпу ды жанру і розныя рэчы ад паветраных шарыкаў да кветак. Удзельнікі павінны былі даць інтэрпрытацыю таму, што бачаць, чуюць ды адчуваюць навокал, і рэагаваць нейкім чынам (вядомым толькі ім), а гледачы ў сваю чаргу давалі пасля сканчэння карысныя фідбэкі. Потым ролі мяняліся, і таму кожны атрымліваў магчымасць пабыць у розных ролях.

Асаблівыя пачуцці выклікаў у мяне шэраг фізічных варкшопаў, мэтай якіх было навучанне ўдзельнікаў адчуваць лепш свае цела ці нават цела людзей побач. Гэта быў незабыўны досвед таго, як размова можа адбывацца невербальна – з дапамогай рухаў, дотыкаў, поглядаў. Пасля такога адчуваеш сябе бліжэй да людзей, з якімі быў на варкшопе, бо адна з самых інтымных  межаў камунікацыі – тактыльні кантакт – ужо адбыўся. На дэбрыфе я чула, што нехта зразумеў, што яму не падабецца, калі яго датыкаюцца малазнаёмыя  людзі (будзем сумленнымі), а хтосьці наадварот – адчуваў хвалю сіл ды прыемнае захапленне ад фізічнага ўзаемадзення з іншымі.

Не думайце, што ўвесь наш дзень быў такім афіцыйным (хаця афіцыйным ён быў умоўна, бо арганізатары – вельмі кантактныя і адкрытыя людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу ці падтрымаць вас, калі вам голадна/халодна/самотна). Пасля вячэры пачыналўся вольны час, у які ўсе, хто мог ды жадаў, рабілі свае мерапрыемствы: гульня ў настолкі, свежы ларп, ларп, напісаны даўно, ды філасоўскія размовы.

Варта сказаць, што дзесьці ў сярэдзіне тыдня да нас прыехалі выпускнікі мінулых школ. Пасля гэтага мы сталі адчуваць сябе, як самая вялікая сям’я на свеце! Яны падрыхтавалі незабыўны фінал нашай школы: па матывах “Алісы ў краіне цудаў” (хаця больш верагодна, гэта была “Alice in LARPland”). Вечар закрыцця школы быў поўны любові, натхнення, надзеі ды крышачку самоты, што хутка мы развітаемся. У гэты вечар арганізатары апынуліся ў віры шчырай падзякі, захаплення і абдымкаў, бо яны стварылі для нас незабыўны і неверагодны свет ларп-школы. Вечар быў поўны смеху, грукання келіхаў і, канешне, танцаў. А зраніцы мы пачалі пакрысе збірацца дадому: прыбраліся ў пакоях, сабралі рэчы ў заплечнікі ды торбы і зноўку апынуліся ўсе разам у адным пакоі, каб развітацца з гэтым чароўным месцам і з былым “я”. Мы паглядзелі смешныя фоткі ды відэа, паслухалі апошнія словы спікераў ды напісалі да саміх сябе лісты ў будучыню.

13619871_10154194708411011_3349556605536253926_n

Мы навучыліся не толькі пісаць ларпы, гуляць у ларпы, разумець ларпы, але і паважаць межы адзін аднаго, давяраць людзям і, здаецца мне, сталі больш open-minded, дзякуючы не толькі культурнаму міксу, але і той атмасферы, якая была створана дзякуючы навыкам арганізатараў, як тэхнічным, так і псіхалагічным. Калі вы здолелі дачытаць гэты тэкст да канца і зразумелі, што вам абавязкова трапіць на ларп-школу, паўдзельнічаць у ёй, альбо вы не зразумелі нічога з гэтага захаплёнага палатна тэксту і жадаеце пачытаць больш, то далучайцеся да суполкі ў фэйсбуку, ВКонтакце і сачыце за навінамі на сайце larpwriter.by.