Наведыпаціліся па-амерыканску: вынікі і карысныя спасылкі
- 06.10.2016
- Блог
На мінулым тыдні ва ўтульных сценах музея Максіма Багадновіча прайшла наша чарговая – ужо дзявятая! – Веды-паці. Калі казаць, што гэта адзін з самых любімых фарматаў мерапрыемстваў – гэта нічога не казаць, бо ў падрыхтоўцы такіх паці ўдзельнічаюць літаральна ўсе! І вось разам з камандай, нашымі шаноўнымі гасцямі і, безумоўна, удзельнікамі мы зладзілі сапраўды амерыканскі вечар у Мінску. Што карыснага там пачулі?
Адукацыя ў ЗША – гэта справа не самая простая і не самая хуткая. Як распавёў Віктар Хоцім, прадстаўнік кансультацыйнага аддзела Госдэпартамента ЗША праграмы EducationUSA, для таго, каб знайсці цікавую для сябе праграму, здаць усе тэсты і падрыхтаваць добрую заяўку з поўным пакетам дакументаў, трэба закладаць 8-12 месяцаў – зусім нежартоўныя тэрміны.
Безумноўна, самы вялікі і цяжкі крок – гэта выбар праграмы: з чаго пачаць, на якія моманты звярнуць увагу, а пра якія лепш забыцца? На некаторыя пытанні можна знайсці адказы ў кароткіх відэа, якія апублікаваны на youtube-канале EducationUSA. Дарэчы, EducationUSA пастаянна, раз на месяц-два, праводзіць інфармацыйныя сесіі пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Мінску, за раскладам гэтых сустрэч можна сачыць у іх суполках: vk.com/advisingbelarus і facebook.com/groups/belarus.eac. Таксама яны рэалізуць некалькі сваіх праграм, якія дапамагаюць маладым перспектыўным беларусам з нізкім узроўнем даходу падаць заяўкі ў амерыканскія ўніверсітэты – Graduate Study і Opportunity. Калі вас хвалююць пытанні менавіта па гэтых праграмах, можна неадкладна чытаць адпаведныя тэмы ў ВКонтакте, а таксама пісаць лісты на е-адрас – адказваюць хутка і па справе, мы правяралі!
Шмат чаго цікавага распавялі нам прадстаўнікі Амбасады ЗША Юры Дудзінскі і Антон Пянькоўскі. Дзякуючы Юрыю мы даведаліся аб тых шматлікіх адукацыйных і прафесійных праграмах, якія рэалізуе Амбасада: нешта сваё змогуць знайсці і школьнікі, і студэнты, і маладыя выпускнікі, і сталыя прафесіяналы. Праграмы рэалізуюцца для розных спецыяльнасцей, на розныя тэрміні і цягам усяго года: браць удзел могуць усе ад фізікаў да адвакатаў – свая праграма знойдзецца для кожнага! Звычайна ўся інфармацыя па праграмах знаходзіцца ў адкрытым доступе і можа быць лёгка знойдзена на сайце амбасады, у суполках на Facebook і ў ВКонтакте. То бок адзінае, што вам застаецца – гэта падпісацца на гэтыя суполкі і сачыць, сачыць за абвесткамі, каб у патрэбны момант пачаць свой шлях за новым адукацыйным досведам.
Калі ж вы яшчэ не вызначыліся, ці патрэбны вам гэты адукацыйны досвед у асобе ЗША, то можна пачаць з простага знаёмства – у Інфармацыйным цэнтры Амбасады ЗША шмат карыснай літаратуры, якая дапаможа вам глыбей разабрацца ў сістэме адукацыі, а для тых, хто ўжо вызначыўся – падрыхтавацца да экзаменаў. У іх шмат актуальнай літататуры для падрыхтоўкі да ўсіх міжнародных іспытаў. Для таго, каб патрапіць у цэнтр, трэба ці напісаць ліст на імэйл, ці паведамленне ў сацсетках. Хутка адказваць не абяццалі, але будуць старацца!
Адным з самых гарачых выступаў адзначылася Наталля Кулінковіч, кіраўнік суполкі карпаратыўных настаўніках ангельская мовы TeachersTalkShop. Яна вельмі хутка і змястоўна распавяла нам пра тыя рэсурсы, якія дапамогуць патэнцыйным студэнтам рыхтавацца да TOEFL – экзамена на веданне ангельскай мовы, які трэба будзе здаваць усім, хто паедзе ў ЗША за дыпломам таго ці іншага ўзроўню. Прывядзем тут некалькі з іх:
- Quizlet (quizlet.com) – сайт і прылада для мабільнага, якая дазваляе ствараць уласны слоўнік замежных словаў, а таксама паказвае тыя, што ўжо зрабілі іншыя карыстальнікі. Зрабіце пошук па словах toefl, toefl exam і г.д. – і вы даведаецеся шмат новых ангельскіх выразаў!
- Адзін з лепшых сродкаў падрыхтоўкі да часткі Listening – пастаянна слухаць радыё, ды не з музыкамі, а з актуальнымі навінамі. BBC Radio (bbc.co.uk/radio) вам у дапамогу! Слухайце, запісвайце галоўныя думкі з кожных блокаў, шукайце цікавыя выразы і запаўняйце свой слоўнік на Quizlet.
- Няма лепшага спосабу добра напісаць эсэ, як зрабіць гэта сотню разоў – зранку ці звечара сядайце за стол і пішыце свае тэксты. Якія тэмы абіраць і на якую структуру арыетавацца, можна паглядзець тут: ets.org/toefl/ibt/prepare.
Дадаткова ад Адукацыі.Інфо:
- ёсць добры, часткова бясплатны рэсурс Magoosh (magoosh.com/toefl), на якім проста бясконцая колькасць карысных парадаў і заданняў для падрыхтоўкі, а мабільнай прыладай зручна карыстацца падчас шляху на работу ці вучобу – за 40 хвілін можна даведацца 40 новых словаў.
- На edx.com (анлайн-платформе з рознымі курсамі) часам распачынаюцца наборы на бясплатны курс TOEFL® Test Preparation: The Insider’s Guide (актыўны – edx.org/course). Ён доўжыцца 6 тыдняў, цягам якіх вы пазнаёміцеся з усімі часткамі экзамена, атрымаеце шмат карысных спасылак і парадаў ад прадстаўнікоў ETS.
Канешне, апроч карысна-адукацыйнай часткі, мы падрыхтавалі яшчэ некалькі сюрпрызаў і, канешне, запрасілі колішніх удзельнікаў праграм, каб яны распавялі пра свой амерыканскі адукацыйны вопыт. Падаецца, атрымалася няблага, бо смяяліся і ўважліва слухалі мы шмат! Прыгожым заканчэннем вечара сталі танцы ў стылі блюз, майстар-клас па якім для нас правялі настаўнікі і вучні школы Юліі Шостак. Ой, падаецца, пра гэтыя рэчы не трэба слухаь – іх трэба глядзець, таму трымайце зусім не справаздачнае відэа ад нашай Леры – youtube.com.