Назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі ў Грузіі
- 10.04.2013
- Блог
Мне выпаў шанец назіраць за выбарамі ў краіне гранатаў і тархуна у рамках праекта EOTP, які рэалізуецца Belarus Watch, ЕГУ і Беларускім Домам правоў чалавека імя Барыса Звозскага. Праект праходзіць у некалькі этапаў. Першы ўключае ў сябе тэарэтычную і наступную за ёй практычныя часткі. Пасля паспяховага праходжання ўсіх этапаў, выпускнікі атрымліваюць пэўную колькасць крэдытаў (адзнаку за пройдзены курс у рамках еўрапейскай сістэмы ацэнкі студэнтаў ECTS), а таксама неабходныя навыкі для далейшага іх выкарыстання ў якасці назіральнікаў на выбарах.
Да пачатку тэарэтычнай частцы курсу ў Вільні, якая ўключада лекцыі нямецкіх і шведскіх кваліфікаваных прафесараў, сустрэчы з дасведчанымі назіральнікамі і настаўнікамі, ніхто з удзельнікаў не меў уяўлення, дзе будзе адбывацца практычная частка.
Тэарэтычная частка аказалася толькі паловай справы ў падрыхтоўцы да працы «ў полі». Акрамя гэтага, кожнаму з удзельнікаў праекта трэба было падрабязна даследаваць “грузінскую глебу”, перш чым назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі. Такое даследаванне праводзілася сумеснымі намаганнямі ўдзельнікаў, якія абменьваліся спасылкамі на крыніцы СМІ, меркаваннямі, справаздачамі экспертаў і экспертных арганізацый.
У краіне гранатаў і тархуна
Нашай групе пашчасціла замацаваць свае веды па назіранні за выбарамі ў Грузіі, якая атрымала сваю незалежнасць, як і нашая сінявокая, ў 1991. За гэты час дзяржава, якая знаходзіцца на мяжы заходняй Азіі і Усходняй Еўропы , прарабіла доўгі шлях , перажыўшы ў постсавецкі перыяд эканамічны крызіс, Рэвалюцыю Ружаў, змену пяці прэзідэнтаў. Паўнамоцтвы апошняга прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі спыніліся ў канцы яго другога тэрміну.
Горад Тбілісі мае гісторыю, якая прасціраецца на стагоддзі. Сёння сталіца выглядае вельмі кантрастна: вялікія сучасныя спальныя раёнамі, “прыватныя сектары”, велізарныя паркі і унікальны стары горад, у якім ёсць будынкі яшчэ чацьвертага стагоддзя, з прыгожымі схіламі і вадаспадам.
Лінгвістычная сітуацыя сярод насельніцтва цікавая. Усе шыльды, рэкламы , афішы і аб’явы – на грузінскай мове. За выключэннем тых, што завабліваюць руска- альбо англамоўных турыстаў. Маладое пакаленне вельмі слаба валодае расейскай мовай, у адрозненне ад замежных. Затое з англійскай у гэтай краіне можна выжыць! Мала таго, што ў метро станцыі абвяшчаюць як на грузінскай, так і на англійскай, дык і большасць грузінаў валодаюць англійскай, асабліва тыя, хто працуе ў сферы паслуг.
Цікава, што ў гэтай краіне мае права быць таксістам кожны, у каго ёсць правы і аўтамабіль. Таму дадзены від транспарту вельмі танны. Менавіта ў паездцы на таксі прыйшлося выпрабаваць на сабе настойлівую гасціннасць грузінаў. Кіроўцам таксі, у якое я села, быў дзядуля гадоў 70. Калі ён даведаўся, што я з Беларусі і за 3 дні яшчэ горад не паглядзела, таму што была занятая, усю дарогу ўгаворваў мяне наведаць самыя знакамітыя месцы.
Вадзіць самім страшна, бо гэтая краіна са сваімі правіламі на дарогах, якія вельмі адрозніваюцца ад таго, што дазволена заканадаўча.
Грузіны абазнаныя ў музыцы, добра разбіраюцца ў садавіне і ежы. Вельмі часта на вуліцах натыкаешся на крамы з садавінай, чурчхэлай (такія мясцовыя хатнія прысмакі), альбо месцы, дзе рыхтуюць смачныя кебабы і выпечку. Што ўжо казаць аб традыцыйнай кухні, якую можна паспрабаваць ў многіх месцах. У такой маленькай краіны ёсць больш за дзесятак рэгіянальных кухняў, якія паміж сабой вельмі адрозніваюцца. І тут не абысціся без дапамогі мясцовых, каб знайсці месца, дзе рыхтуюць самабытную кухню, а не толькі хінкалі, хачапуры і шашлыкі.
Музыка ў Тбілісі на кожным кроку. Тут нават моладзь дасканала валодае нацыянальнымі традыцыйнымі музычнымі інструментамі і выконвае народныя песні, што нам давялося не раз пачуць і ўбачыць.
Краіна мае вельмі цікавую гісторыю, а таксама народ, які чуйна рэагуе на тое, што адбываецца падчас выбараў. Дастаткова спытаць у любога кіроўцы таксі, колькі кандыдатаў у прэзідэнты зарэгістравана, як тут жа атрымліваеш падрабязны пералік біяграфій кандыдатаў.
Назіранне
У перадвыбарчы перыяд у краіне было зарэгістравана 65 міжнародных назіральніцкіх арганізацый і 60 мясцовых, у якіх працавала больш за 20 тысяч назіральнікаў. З іх – толькі 1241 міжнародных.
Наша місія ў Грузію налічвала каманду з 36 назіральнікаў. Трое з нас прыляцелі на месца загадзя для больш дэталёвага вывучэння абстаноўкі ў супрацы з мясцовымі і міжнароднымі арганізацыямі, якія праводзяць назіранне ў краіне цягам доўгага тэрміну. Сярод іх – Грузінская асацыяцыя маладых юрыстаў, Цэнтр навучання і маніторынгу, Transparency International і шэраг іншых. Уся сабраная з дапамогай мясцовых экспертаў інфармацыя была выкарыстаная для далейшай падрыхоўкі ўсёй каманды непасрэдна да пачатку прэзідэнцкіх выбараў у Грузіі. Гэтыя некалькі дзён інтэнсіўнага інтэрактыўнага абмену інфармацыяй, у выніку якога ўсе назіральнікі былі падзеленыя на мабільныя міні-групы па два-тры удзельнікі плюс мясцовы кіроўца- перакладчык, далі магчымасць забяспечыць эфектыўную працу падчас дня выбараў.
За адзін дзень каманда планавала наведаць ад 7 да 15 участкаў, у залежнасці ад акругаў. Частка каманд працавала ў сталіцы, іншыя – у рэгіёнах.
Назапасіўшыся жыццёва неабходнай кавай і добрым настроем, мы выправіліся на адкрыццё першага ўчастка а сёмай раніцы.
Адкрытасць і гасціннасць грузінаў праяўлялася і ў штодзённай працы чальцам камісій на участках. Яны адказвалі на ўсе пытанні, зададзеныя намі, міжнароднымі назіральнікамі, а таксама рэагавалі на каментары хатніх назіральнікаў. Уразіла, што асабістая прастора супрацоўнікаў камісій – мінімальная. Мясцовыя назіральнікі ледзь не дыхалі ў патыліцы ім падчас выканання кожнай працэдуры. Нягледзячы на складанасць і дэталёвасць працэсаў, чальцы камісіі спраўляліся ў час.
Галасаванне
Працэдура галасавання простая. Спачатку пальцы выбаршчыка правяраюцца на наяўнасць нязмыўнай фарбы інфрачырвоным ліхтарыкам на ўваходзе ў ўчастак. Гэтая фарба наносіцца на палец выбаршчыка, калі той забірае свой бюлетэнь. Таксама правяраецца яго ідэнтыфікацыйны дакумент. Пасля гэтага ён праходзіць да сталоў, дзе знаходзяцца члены выбарчай камісіі са спісамі ўсіх тых, хто павінен галасаваць на ўчастку. У спісах знаходзяць імя гэтага чалавека. Ён/яна распісваецца і забірае свой бюлетэнь, на які папярэдне ставіцца штамп члена камісіі і яго подпіс. Выбаршчык ажыццяўляе свой выбар ў кабінцы. Пасля чаго, ён/яна кладзе бюлетэнь у канверт, кідае ў скрыню і пакідае ўчастак.
Беларуская падазронасць пастаянна шукала падвох у працэдурах, якія выконвалі чальцы камісіі. Але памылак ці парушэнняў правядзення выбараў мы не выявілі. Многія эксперты выказалі думку, што гэтыя выбары стануць самымі “нуднымі” ў гісторыі краіны.
Ёсць чаму павучыцца
Дзень выдаўся доўгім як для назіральнікаў, так і для членаў камісіі . Тым не менш, ніхто не прапаноўваў ежу альбо алкагольныя напоі на ўчастку. Атмасфера на участках панавала лёгкая: члены камісіі працавалі з усмешкай, а некаторыя нават і палілі, што зусім не рэдкасць у грамадскіх месцах у гэтай краіне.
Шматлікія ўчасткі былі абсталяваны для людзей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Гэта забяспечваецца згодна з папярэднімі запытамі выбаршчыкаў. Для іншых жа выпадкаў існуе мабільная выбарчая скрыня, якая па жаданні суправаджаецца хатнімі назіральнікамі. Сведкамі гэтага працэсу мы і сталі.
Усе служачыя ўнутраных структур бяспек, працаўнікі шпіталяў галасавалі на працоўным месцы толькі ў тым выпадку, калі яны былі на службе ў гэты дзень.
Назіральнік шмат фатаграфалі на участках з дазволу старшыні камісіі і яе членаў, якія нават дзівіліся, чаму мы пытаем, ці мажліва фатаграфаваць кожны крок іх працы на працягу дня выбараў, так і падчас падліку галасоў.
Місія выкананая
Канец важнага дня мы сустрэлі на 14м участку на працягу апошняй гадзіны і наступнага закрыцця ўчастка для падліку галасоў. У выніку, на гэтым участку перамог прадстаўнік кааліцыі Грузінскай мары Георгі Маргелашвілі, які па папярэдніх падліках, перамог і ва ўсёй краіне. Тут можна знайсці інфаграфіку з дня прэзідэнцкіх выбараў у Грузіі і паглядзець відэа-ролік.
Пасля заканчэння ўсіх працэдур на ўчастку каманды вяртаюцца ў свій штаб для першага дэбрыфінга і завяршэння запаўнення адпаведных наглядальных формаў. Самая складаная праца лягла на плечы каардынатараў праекта, якія павінны ўвесь аб’ём атрыманай інфармацыі падагульніць да ранішняга і фінальнага брыфінгу, дзе ўдзельнікі дзеляцца сваімі назіраннямі.
Акрамя таго, што сама краіна і людзі вельмі натхнілі , сам праект падарыў масу уражанняў і ведаў. Ён навучыў таму, як правільна ўжываць тэорыю на практыцы, як працаваць у міжнароднай камандзе і зразумець, што такое выбары на самай справе. Калі чытаеш перад паездкай, што адбываецца ў краіне – гэта адно, а ўдзельнічаеш сам у працэсе – гэта зусім іншае.
Калі вы зацікавіліся праектам і жадаеце паўдзельнічаць у працэсе назірання за выбарамі, сачыце за абвесткамі на новы набор на сайце і ў сацсетках.