Нэтворкінг, ці да чаго даводзіць прафесійная камунікацыя
- 03.11.2016
- Цікавосткі
Сёлета ў Мінску праходзіў чарговы Фестываль нефармальнай адукацыі, у якім наша каманда таксама прымала актыўны ўдзел. Ён стаў выдатнай магчымасцю, каб пазнаёміцца з новымі ініцыятывамі ў сферы нефармальнай адукацыі ды аднавіць старыя сувязі, то бок панэтворкіцца. З таго моманту ў мяне і ўзнікла ідэя напісаць невялікі артыкул на тэму прафесійнага нэтворкінгу: што гэта за звер такі і як з ім абыходзіцца?
Калі раскласці слова “нэтворкінг” на сэнсавыя часткі, то мы знойдзем у ім два ангельскія словы “net” – сетка і “work” – работа. Атрымоўваецца, асноўнае значэнне слова – працаваць над сеткай. Якой сеткай, як над ёй працаваць? Паспрабую распавесці далей.
Сам тэрмін “нэтворкінг” з’явіўся ў нашым паўсядзённым і прафесійным жыцці даволі нядаўна: прыкладна з 2012 года на прасторах СНД пачалі праводзіць афіцыйныя сустрэчы прафесіяналаў у розных сферах, якія мелі назву нэтворкінг-мерапрыемстваў. Мяркую, што менавіта з гэтага часу ў прафесійным асяроддзі пачала ўсталёўвацца думка аб тым, што развіццё сеткі сваіх сувязяў з’яўляецца неад’емнай часткай той ці іншай працы, і чым больш чалавек працуе над такой сеткай, тым больш рознабаковым спецыялістам ён можа быць.
Сёння нэтворкінг мае проста сусветнае значэнне. З развіццём сродкаў камунікацыі ў людзей з’явілася магчымасць абменьвацца інфармацыяй імгненна і на вялікіх адлегласцях, і гэта ўжо не проста магчымасць – неабходнасць. Дзякуючы нэтворкінгу для нас адчыняюцца новыя прафесійныя і асабістыя гарызонты, мы атрымоўваем новыя веды і вучымся думаць больш інавацыйна. Для людзей-экстравераў нэтворкінг з’яўляецца чымсьці натуральным амаль з дзяцінства, калі яны з лёгкасцю заводзяць мільён новых знаёмстваў у пясочніцы, а для інтравераў такія справы могуць падацца проста бессэнсоўнымі. Вядома, кожны з нас не знаходзіцца ў гэтых крайніх кропках “пазнаёмлюся з усімі” і “не хачу нікога бачыць”, але як дамовіцца з самім сабой, каб у неабходны момант нашыя жаданні супадалі з нашымі патрэбамі? На сваім асабістым досведзе я прыйшла да некалькіх высноваў.
Трэба пазнаёміцца з тэорыяй
Каштоўнасць нэтворкінгу прыйшла да мяне не адразу. Мне не складала цяжкасці знаёміцца з новымі людзьмі, але я рабіла гэта час ад часу ці па нейкай даволі вялікай патрэбе і ніколі не карысталася нэтворкінгам як сродкам набыцця новых ведаў: гугл, а не чалавек быў лепшым дапаможнікам. Маё разуменне нэтворкінгу змянілася пасля прачытання кнігі “Ніколі не ешце ў адзіноце” Кейт Фераццы, у якой даволі лагічна распісваецца, чым можа ў жыцці дапамагчы ўнутраная арыентацыя на атрыманне новых сувязяў. Канешне, гэта толькі адзінкавы прыклад, і зараз такіх кніг проста мільён, таму я параіла б зрабіць невялікі рысёрч і для старту пачытаць, напрыклад, артыкулы ў Harvard Business Review. Цікавымі і натхняльнымі мне падаліся творы Алівіі Фокс Кабэйн “Харызма. Як уплываць, упэўніваць і натхняць” і Даніэля Гоўлмана “Эмацыйны інтэлект”.
Скласці спіс прафесійных мерапрыемстваў, якія вы жадаеце наведаць цягам бліжэйшых 6 месяцаў
Напачатку я арыентавалася толькі на свае сённяшнія інтарэсы і сумежныя вобласці: напрыклад, я працую дызайнерам, і мне былі цікавыя прагляды партфоліа, сустрэчы з арт-дырэктарамі і г.д. У Мінску і іншых гарадах нашай краіны праводзіцца ўсё больш прафесійных сустрэч, і нават калі у вашым такіх няшмат, то заўсёды можна адправіцца туды анлайн ці арганізаваць самому! Так-так, зараз вельмі папулярны такі фармат, як вэбінары, калі сустрэчы прафесіяналаў адбываюцца ў межах нейкай анлайн-платформы. Карысць ад іх амаль такая ж: вы атрымоўваеце новыя веды і можаце знаёміцца з людзьмі з усяго свету.
Пастаянна правяраць каляндар мерапрыемстваў у Фэйсбуку
Пачынаць заўсёды цяжка. Заўсёды і ўсім. Калі рабіць гэта анлайн, трошку лягчэй. Праглядзіш спіс мерапрыемстваў, якімі цікавяцца твае сябры, і заўсёды знойдзеш нешта вартае для сябе. Канешне, мерапрыемства можа быць і не наўпрост звязана з вашай прафесійнай сферай, але нават маленькая нітачка можа прывесці да новых праектаў і новай сферы інтарэсаў. Гэта працуе як снежны ком, і калі напачатку вы можаце адчуваць сябе чужым на нейкай тусоўцы праграмістаў, то ўжо праз некалькі такіх сустрэч можна весці доўгія размовы ў кава-паўзе пра выкарыстанне моваў праграмавання ў дызайне.
Працаваць над сваімі доўгатэрміновымі мэтамі
І калі я пішу пра доўгатэрміновыя, то не маю на ўвазе дакладных лічбаў: для кагосьці 2 гады – гэта доўга, а для кагосьці і 10 – сярэдні тэрмін, таму я пакідаю гэта на вашае меркаванне, бо найперш хачу ўдакладніць пра мэты.
Кожны раз, калі мне не хочацца ісці на тое ці іншае мерапрыемства, адчуваю сябе няёмка перад размовай з нейкай асобай, я прыгадваю тое месца, дзе я хачу быць праз некаторы час, і спрабую ацаніць, ці наблізіць мяне гэтае мерапрыемства, размова да такога стану.
Звычайна, калі так, то і смеласць знойдзецца, і жаданне.
Быць самому цікавым
Працаваць над сваёй сеткай знаёмстваў даволі складана, калі мы самі не цікавімся нічым новым і не можам падтрымаць так званы small talk. Быць у курсе тых актуальных падзей, што адбываюцца ў краіне і свеце, цікавіцца новымі тэхналогіямі і навуковымі дасягненнямі ў розных сферах – гэта тое, што можа дамапагчы пачаць гутарку ці пазбегнуць няёмкай цішыні.
Гэта тыя мае высновы, да якіх я прышла цягам апошніх 4 гадоў актыўнай працы ў Беларусі і за яе межамі. Гэта не панацэя ці план дзеянняў, і я ні ў якім разе не маю на ўвазе тое, што яны адразу дадуць 500 новых фрэндаў у Фэйсбуку ці падкінуць новую цікавую працу. Тое, на што я спадзяюся, – яны могуць навесці на новыя думкі! І тут я трошкі не пагаджуся з прамым перакладам слова “нэтворкінг” як працы над сваёй сеткай. Для мяне нэтворкінг – гэта перш за ўсё асабістая ўстаноўка на якасную камунікацыю з рознымі супольнасцямі, і калі яе маеш, то зусім не адчуваеш сябе на працы цягам чацвёртага на тыдні вячэрняга мерапрыемства. Ай-да нэтворкіцца ў нашай суполцы Аdukacyja.info!