Нямецкія СМІ – лепшы журфак


Дэдлайн на стажыроўку ў нямецкіх СМІ няўмольна набліжаецца, а мы так і не пазнаёмілі вас з тым, якім карысным і жыццязмяняльным можа стаць такі досвед. Дзеля гэтай магчымасці Пётр Варанько пачаў вучыць нямецкую мову. І яна вельмі шчыра яго аддзячыла: пазнаёміла з вядомымі людзьмі, дазволіла паспрабаваць сваю журналіскую моц у нямецкіх выданнях і напоўніла вопытам, які цяжка апісаць словамі. Пра тое, як сабраць дакументы ледзь не апошні дзень і куды збочыць жыццёвы шлях пасля гэтага, у нашым кароткім інтэрв’ю.

***

Пеця, наколькі я зразумела, ты пачаў вучыць нямецкую цалкам мэтанакіравана. Для якіх мэтаў?

– На сёння веданне нямецкай мовы вельмі запатрабаванае, паколькі шмат моладзі аддае перавагу ангельскай, і даволі цяжка знайсці маладых людзей, якія добра валодаюць нямецкай. Германія вядзе актыўную міжнародную палітыку, асабліва ў сферы адукацыйных абменаў. Напрыклад, служба абменаў DAAD часта праводзіць розныя праграмы, адным патрабаваннем якіх з’яўляецца веданне мовы.

Чаму ты вырашыў падацца на 3-месяцовую стажыроўку ў нямецкіх СМІ?

– Галоўным патрабаваннем для ўдзелу было добрае веданне мовы і наяўнасць публікацый у СМІ. Калі ў мяне было і першае, і другое, чаму не? Тым больш, гэта была ўнікальная магчымасць пашырыць уласны досвед, павысіць прафесійную кампетэнтнасць і пазнаёміцца з калегамі з розных краін.

12207953_430315983829078_1899232671_n

Колькі часу спатрэбілася на падрыхтоўку неабходных дакументаў?

– Паколькі з-за розных прычын я да апошняга моманту не ведаў, атрымаецца ў мяне паехаць ці не, усім пачаў займацца практычна напярэдадні дэдлайну. Добра, што ўсё паспеў. Тым больш, нямецкая служба абменаў не вельмі бюракратычная. Шматлікіх апасціляў і юрыдычна завераных папер не патрабавалася, на шчасце.

Як ты падцвярджаў узровень сваёй нямецкай?

– На момант падачы дакументаў у мяне не было ніякага сертыфіката. Каб здаць нямецкі TestDaF ці аўстрыйскі ÖSD, трэба запісацца загадзя. Таму я патэлефанаваў у адзел DAAD у Мінску і растлумачыў маю сітуацыю. На шчасце, я даведаўся, што ёсць яшчэ адзін тэст, які здаецца вельмі хутка, бясплатна і дыстанцыйна, – TestOnDaf. На яго я запісаўся ледзь не ў апошні тыдзень. Прыйшоў у офіс DAAD у Мінску і здаў на сярэдні ўзровень – B1. Спачатку спужаўся, бо лічыў, што гэтага недастаткова. Але, як паказала практыка, узроўню хапіла. Тым больш, на момант паездкі ў мяне ўжо быў сертыфікат ÖSD B2. Найбольш важным этапам было сумоўе з арганізатарамі, якія наўпрост ацэньвалі тваю мову і матываванасць.

Як лічыш: што табе дапамагло стаць стыпедыятам праграмы?

– У першую чаргу я сам. Калі б не матывацыя вывучыць нямецкую мову, наўрад ці атрымалася б. І, зразумела, бацькі, якія дапамагалі аплочваць моўныя заняткі.

Якія ўражанні спярша пакінуў універсітэт, у якім ты апынуўся?

– Нашы заняткі і сустрэчы праходзілі ў невялічкім двухпавярховым доме, які належыць Вольнаму ўніверсітэту Берліна. У кампус універсітэта з “нармальнымі” студэнтамі мы не хадзілі, толькі хіба былі ў бібліятэцы, камп’ютарнай зале і, зразумела, у студэнцкай сталоўцы. Але першыя ўражанні ад убачанага можна апісаць наступнымі словамі: сучасна і павольна.

Якая каманда сабралася побач з табой?

– Наша група складалася з 15 чалавек. Гэта былі таленавітыя мэтанакіраваныя маладыя людзі з розных краін СНД: Расеі, Украіны, Узбекістана, Казахстана, Арменіі, Малдовы. Некаторыя з іх яшчэ вучыліся ў ВНУ на апошніх курсах, некаторыя ўжо мелі дыпломы журналістаў, германістаў.

с горки

Якога кшталту абавязкі, заданні ты выконваў падчас стажыроўкі?

– Першыя шэсць тыдняў мы хадзілі на лекцыі па гісторыі, эканоміцы, палітыцы і культуры Германіі. Іх вялі розныя выкладчыкі нямецкіх ВНУ, якіх запрасілі адмыслова для нас. На кожных занятках мы атрымоўвалі шмат дадатковай інфармацыі для самаадукацыі: часопісы, графікі, раздрукоўкі і інш. Кожную сераду ў нас быў так званы “жур фікс” (jour fixe). Гэта лекцыі, на якія запрашалі нямецкіх прафесараў, дактароў навук, аўтараў уласных кніг. Па пятніцах у нас быў семінар па журналісцкай практыцы. Я назваў бы гэта “тэорыяй журналістыкі” па-нямецку, падчас якой кожны з нас мусіў працаваць над уласным матэрыялам на тэму “Бежанцы ў Германіі”. У выніку я ўзяў інтэрв’ю ў Томаса Кіліана – аднаго з заснавальнікаў арганізацыі Wedding hilft (“Ведынг дапамагае”). Арганізацыя дабрачынна ладзіць розныя культурныя праграмы дапамогі для бежанцаў у берлінскім раёне Ведынг. Пасля гэтых шасці тыдняў лекцый і семінараў у нас быў тыдзень вандровак па гарадах: Ляйпцыг, Магдэбург, Гамбург. У іх мы сустракаліся з рэдактарамі і журналістамі выданняў Die Zeit і Leipziger Volkszeitung, наведвалі розныя экскурсіі. Апошнія тыдні праграмы кожны практыкаваўся ў розных берлінскіх і брандэнбургскіх выданнях: на радыё, тэлебачанні, прэсе, у інтэрнэце. Я праходзіў практыку ў газеце Märkische Allgemeine Zeitung у Брандэнбурзе-на-Хафэле. Некаторыя мае публікацыі выйшлі таксама на сайце MAZ-Online.de.

12193406_430316023829074_3254328387341933405_n

Ці цяжка не носьбіту мовы праходзіць такую стажыроўку?  Што было лёгка?

– Спачатку было цяжкавата, асабліва на лекцыях. Але з часам ты так ці інакш уліваешся ў іншамоўную сераду, і ўсё даецца лягчэй.

Які ўнікальны прафесійны досвед ты набыў падчас стажыроўкі? А што наконт жыццёвага вопыту?

– Што тычыцца прафесіяналізму, я навучыўся хутка знаходзіць кантакт з чалавекам на нямецкай ці ангельскай без сораму нарабіць памылак. Таксама вельмі хутка фатаграфаваць з карэспандэнтам на месцы падзеі, хутка пісаць і чытаць шмат інфармацыі па-нямецку.
Пра ўласны досвед можна казаць шмат. Па-першае, гэта навыкі камунікацыі з людзьмі розных культур. У Берліне вельмі шмат замежнікаў. Напрыклад, у маім інтэрнаце жылі студэнты з Сірыі, Кітая, Індыі, Бангладэшу. Размова з кожным з іх – гэта невялічкая частка вопыту, які назапашваецца і робіць цябе не чалавекам з вузкімі, забітымі ў куток ведамі і меркаваннямі, а даволі вопытным журналістам з шырокім светапоглядам.

Што з тваіх чаканняў апраўдалася? 

– Апраўдалася ўсё: новыя знаёмствы, прафесійны рост, камунікацыйныя і моўныя навыкі, магчымасць публікавацца і паказаць сябе.

А што змянілася ў табе пасля гэтых трох месяцаў? 

– Зараз я адчуваю сябе на новым узроўні. Я ведаю, што кожны чалавек можа шмат чаго дасягнуць, калі ён мае жаданне і магчымасць. Зараз я матываваны не спыняць вучыцца і, нароўні з журналістам, стаць яшчэ і перакладчыкам.