Немка пра Мінск, яго праблемы і гасцінных беларусаў
- Час чытання: 5 хвілін
- 10.05.2018
- Блог
- Здымкі з архіву гераіні
“Лепш бы ўжо частка тых грошай, якая ідзе на ўборку горада, пайшла на будаўніцтва пандусаў і ліфтаў”.
Мано Шванебергер прыехала ў Беларусь з Магдэбурга. За восем месяцаў, праведзеных у беларускай сталіцы, немка паспела наведаць беларускую глыбінку, завезці мора сяброў і вывучыць рускую мову. Дзяўчына распавяла пра тое, як яна тут апынулася, чаго не хапае Мінску і чым адрозніваюцца беларусы ад немцаў.
Прывітанне, спачатку распавядзі пра сябе. Адкуль ты, твае хобі, інтарэсы і г.д.
Прывітанне, маё імя Мано і я з Нямеччыны. Я люблю праводзіць час на прыродзе (на самой справе нават працаваць на прыродзе) таксама люблю плаваць, бегаць і катацца на ровары. Мне падабаецца пекчы пірагі, печыва і хлеб, і наогул рабіць нешта сваімі рукамі, напрыклад, займацца рукадзеллем. Калі мне было 10, я пачала граць на флейце, і да гэтага часу я граю і часам нават у музычным гурце ў царкве. Хадзіць у пратэстанцкую царкву ў Мінску таксама маё хобі. Яшчэ я люблю вывучаць мовы, праводзіць час з сябрамі і наведваць розныя новыя месцы.
Як ты апынулася ў Беларусі? Чым ты тут займаешся?
Я не ведала, які ўніверсітэт выбраць пасля вучобы ў школе, таму падумала, што gap year можа быць карысным і добрым шанцам адправіцца на які-небудзь праект у іншую краіну, каб палепшыць свае моўныя навыкі. (Як я ўжо сказала, я люблю вучыць мовы).
Тут я працую валанцёркай ў дзіцячым хоспісе ў Бараўлянах. Мая праца ў асноўным заключаецца ў тым, каб наведваць сем’і, у якіх ёсць хворае дзіця, замацаванае за хоспісам, г.зн. яно там атрымлівае лекі і праходзіць лячэнне. Таму працаваць даводзіцца дома ў гэтых сем’яў у Мінску. Там я дапамагаю па хатняй гаспадарцы, г.зн. гуляю з дзецьмі, чытаю ім кніжкі, гуляю з імі, кармлю іх, клапачуся пра іх і сачу за імі. Часам таксама сачу за іх братамі і сёстрамі. Груба кажучы, мая праца заключаецца ў тым, каб дапамагчы бацькам, каб даць ім час крышку адпачыць і расслабіцца. Таксама я дапамагаю хоспісу, калі яны арганізоўваюць розныя мерапрыемствы для дзяцей і іх сем’яў. Напрыклад, дыскатэку, калі запрашаюць дзяцей з сем’ямі ў кафэ ў Мінску, там у іх ёсць невялікая забаўляльная праграма, а потым усе проста танчаць і весяляцца.
Чаму ты выбрала праект у Беларусі? Што ты ведала пра Беларусь да падарожжа? Якія ў цябе былі чаканні ад паездкі, і ці супалі яны з рэальнасцю?
Спачатку я хацела знайсці праект у Францыі, таму што вывучала французскую ў школе. А затым я знайшла нямецкую арганізацыю IJGD, якая прапануе моладзевыя валанцёрскія праекты за мяжой для немцаў і ў Германіі для замежнікаў. І мне там распавялі аб праекце ў Беларусі, і я вырашыла, што, калі я тут правяду год, займаючыся валанцёрскім праектам, я магла б добра пазнаць для сябе краіну і заадно вывучыць мову, якую яшчэ не ведаю. І Беларусь здавалася цікавым месцам, таму што я практычна нічога не ведала пра яе, за выключэннем таго, што адна з афіцыйных моў руская, і што Беларусь знаходзіцца ў Еўропе. Таму я падала заяўку. І калі б гэтага не зрабіла, то хутчэй за ўсё займалася б цяпер праектам у дзіцячым садку ў Францыі.
Што табе больш за ўсё кінулася ў вочы ў Беларусі і ў беларусах у першыя дні?
Мне вельмі спадабалася атмасфера ў Мінску, і да гэтага часу працягвае падабаецца! Гэта не падобна на тое, як я ўяўляла сабе сталіцу: перапоўнены людзьмі горад і г.д. Мінск даволі вялікі, але ў той жа час у ім прасторна, ёсць шмат паркаў, таму ёсць, дзе падыхаць свежым паветрам, і яшчэ тут вельмі чыста, прынамсі ў цэнтры.
Людзі, з якімі мне давялося сустрэцца, былі вельмі гасціннымі і прыязнымі, значна больш прыязнымі, чым у Германіі. Гэта хутка дапамагло мне адчуць сябе, як дома і жаданым госцем у вашай краіне.
Якія адрозненні ты можаш адзначыць паміж беларусамі і немцамі?
Беларусы вельмі гасцінныя і прыязныя, калі іх лепей пазнаеш, хоць у грамадскім транспарце выглядаюць вельмі суровымі і сярдзітымі, як быццам яны ў дрэнным настроі. Наогул, шчыра кажучы, немцы ў грамадскім транспарце дакладна такія ж, але далёка не так гасцінныя. Яшчэ немцы схільныя планаваць кожную дэталь загадзя ў той час, як беларусы ў гэтым плане больш расслабленыя.
Яшчэ, здаецца, людзі тут вельмі любяць пагаварыць, шмат у каго падрыхтавана нешта накшталт «гісторыі свайго жыцця», і я вельмі люблю гэта паслухаць.
Што ўразіла або шакавала цябе больш за ўсё ў Беларусі?
Ёсць дзве рэчы, якія шакіравалі мяне ў вас, і да гэтага часу шакуюць! Па-першае, у параўнанні з сярэднім заробкам у Беларусі вельмі высокія кошты. Прадукты ў крамах, напрыклад, каштуюць амаль гэтак жа дорага, як і ў Германіі.
А другое – гэта тое, што чалавек на інвалідным вазку практычна не можа перамяшчацца па горадзе. У горадзе вельмі не хапае ліфтаў і пандусаў, напрыклад, на лесвіцы ў падземных пераходах. Іх вельмі мала, і гэта мяне засмучае! Людзі з інваліднасцю змогуць быць значна больш самастойнымі, калі гэта зможа дазволіць інфраструктура. І акрамя таго, калі проста нейкі чалавек суправаджае вазочніка або нават калі гэта проста мама з дзіцячай каляскай, усё роўна таксама вельмі цяжка перамяшчацца па горадзе.
Часам мне здаецца, калі на гэта не хапае грошай, то лепш бы ўжо частка тых грошай, якая ідзе на ўборку горада, пайшла на будаўніцтва пандусаў і ліфтаў.
Чаго табе не хапае ў Беларусі?
Мне не хапае больш роварных сцежак і месцаў, дзе іх можна пакінуць. Іх тут вельмі мала.
Яшчэ сумую па смачнаму і здароваму нямецкаму хлебу 🙂
І сумна, што расліннае малако каштуе вельмі дорага, бо яно імпартуецца. Думаю, гэта выклікае вельмі вялікія цяжкасці ў людзей, якія не могуць пераварваць лактозу.
Якія 5 месцаў абавязкова неабходна наведаць замежніку ў Мінску?
Мой топ-5:
– Мая царква на вул. Старавіленская 129/131
– Лошыцкі парк
– Нацыянальны мастацкі музей
– Для традыцыйнай кухні або бюджэтна Лідо, альбо трохі больш якасна і больш дорага Камяніца
– Любы пракат ровараў, каб узяць напракат ровар на працягу некалькіх гадзін і даследаваць цэнтр горада
Працягні фразу: Беларусь – гэта ..
Беларусь – гэта мой другі дом.