Незалежная адукацыя ў Беларусі – ужо не міф, а рэальнасць

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Пра будучыню незалежнай адукацыі ў Беларусі размаўляем з тымі, хто стварае яе сучаснасць: Вольга Шпарага і Аляксандр Адамянц, кіраўнікі праекта незалежнай адукацыі ECLAB.

Беларускія рэаліі: хто і навошта прыходзіць вучыцца нефармальна

Вольга: Калі мы толькі пачыналі, мы не ведалі, наколькі будзе запатрабаваны такі праект, але вельмі спадзяваліся на гэта. Накірункі для нашых курсаў мы абіралі зыходзячы з таго, чаго ў Беларусі не хапае. І атрымалася, што тэмы, важлівыя персанальна для нас, з’яўляюцца важлівымі і для часткі моладзі, бо гэтыя тэмы ніяк не адлюстроўваюцца ў праграмах ВНУ.

Аляксандр: На здзіўленне, прыкладна палова нашых студэнтаў – не гуманітарыі. Каля 70% слухачоў ужо маюць вышэйшую адукацыю, астатнія яшчэ студэнты. Відавочна, існуе праблема: гэтыя людзі скончылі ўніверсітэты, але гуманітарная сфера для іх засталася ніяк не рэалізаванай, таму што нашыя ВНУ не могуць прапанаваць той узровень гуманітарнай адукацыі, які дае магчымасць разумець і асэнсоўваць навакольны свет.

Вольга: Да нас прыходзяць маладыя актыўныя беларусы, якім хочацца нешта рабіць для сваёй краіны. Але каб гэта “нешта” рабіць, трэба разумець, як збудавана грамадства, культурная прастора, рэкламныя і іншыя візуальныя паведамленні, і, самае галоўнае, як гэта ўсё асэнсоўваць. Мы прапануем такі інструментарый і пастаянна размаўляем пра Беларусь – гэтага таксама ў нашых ВНУ не хапае.

Сама сістэма liberal arts  апынулася запатрабаванай: яна накіраваная на актыўны ўдзел студэнтак(ў) у працэсе адукацыі і максімум гарызантальных адносін. Для пэўнай колькасці студэнтак(ў) гэта вльмі важліва, таму што яны не маюць магчымасці так навучацца ў сваіх ВНУ і ў агульным ім не хапае пляцовак, дзе яны б мелі магчымасць абмяркоўваць хвалюючыя іх пытанні.

Аляксандр: Не толькі не хапае пляцовак, але і не хапае інтэлектуальных сродкаў, таму што наша гуманітарная адукацыя шмат у чым капіруе савецкую. Мы, наадварот, прапануем сучасныя тэарэтычныя веды. Кожны выкладчык надае нешта сваё, і, дзякуючы новаму тэарэтычнаму апарату і новым паняццям, студэнты пачынаюць разумець свет і разважаць у іншых катэгорыях, а не ў тых, у якіх іх вучылі – відавочна ці не.

Ці хапае беларускаму грамадству незалежнай адукацыі?

Аляксандр: як кажуць, добрага шмат не бывае. У Беларусі гэтая ніша вольная, і існуе яшчэ вельмі шмат магчымасцяў развіваць такія праекты. Калі ўзнікаюць прапановы і новыя формы інстытуцый, дзе можна павучыцца, людзі раптам адчыняюць гэта для сябе. Яны бачаць, што могуць атрымаць нешта каштоўнае для свайго жыцця. І чым больш такіх прапановаў, тым больш інтарэсу – так узнікае мода. Мы спадзяемся, што сфера нефармальнай адукацыі будзе пашырацца і прафесіяналізавацца. Чым больш канкуруючых інстытутаў, тым вышэй якасць паслуг. Калегіюм і Лятучы – стымул для нас саміх.

Вольга: мы ведаем пра студэнтаў, якія павучыліся ў іншых месцах, а потым прыйшлі да нас. Ці наадварот. Часта так здараецца, што людзі разумеюць: іншая ўстанова прапаноўвае нешта спецыфічнае, што дапоўніць адукацыю, якая ўжо ёсць. Нягледзячы на тое, што існаванне такіх інстытуцый – гэта ўжо вялікі крок наперад для Беларусі, зараз такіх праектаў у краіне не хапае.

Аляксандр: Але чаму такіх праектаў мала? Таму што ёсць і інэрцыя, і адсутнасць веры ў свае сілы, і аб’ектыўныя прычыны – эканамічныя, палітычныя. І ёсць той стан грамадства, які склаўся на фоне нашай гісторыі: неразвітасць грамядзянскай супольнасці, новых, не савецкага кшталту інстытутаў і ўстаноў. Гэта вельмі цяжка выбудоўваць, калі няма асяроддзя. Асяроддзе ствараецца доўга, высілкамі вялікай колькасці людзей.

У той жа час, напрыклад, сістэма liberal arts, па якой вядзецца навучанне ў ECLAB, не прызначана для масавага карыстання. Мы не ставім сваёй мэтай ахапіць як мага больш людзей, наша адукацыя ў нейкай ступені больш элітарная. Як мы ведаем з сацыяльнай псіхалогіі, тры чвэрці людзей любога грамадства – гэта канфармісты, якія стараюцца хутчэй прыстасавацца да бягучых умоваў і прытрымлівацца правілаў. Чвэрць  – гэта тыя, хто думаюць інакш і не гатовыя згаджацца з пануючымі ўяўленнямі. І змены ў грамадстве ажыццяўляюць не масы, а гэтыя актыўныя групы. Мы разлічваем і арыентуемся на гэтую чвэрць, якая дапамагае грамадству рухацца далей, а не заставацца ў заняпадзе.

Сусветныя тэндэнцыі ў Беларускіх рэаліях

Аляксандр: Мне падаецца, за апошнія 10 год у беларускім грамадстве адбыліся значныя змены. Мы таксама з’явіліся, таму што адчулі патрэбу і трэнд. З’явіліся людзі, якія могуць працаваць у галіне новых ведаў. Яшчэ 5-7 гадоў таму проста не было спецыялістаў, якія маглі б выкладаць у такой інстытуцыі, як ECLAB. За кошт развіцця грамадства і акадэмічнай сферы з’явілася асяроддзе, якое дазволіла аб’яднацца людзям, якія могуць займацца такімі адукацыйнымі праектамі.

Вольга: Змены, якія адбываюцца ў Беларусі, звязаныя з глабальнымі трэндамі. Адукацыя становіцца ўсё больш даступнай для розных груп людзей. Навучацца бесперапынна і ў любым узросце – ўсё больш прываблівая ідэя, і гэта паціху пранікае ў Беларусь.

Пачынаюць узнікаць сувязі паміж адукацыйнымі праектамі Беларусі і замежжа. Вельмі запатрабавана нашымі студэнтамі, калі прыязжаюць замежныя лектары. Гэта стала магчымым дзякуючы інтэрнэту, дзякуючы таму, што стала прасцей перасякаць межы. Новыя праекты, звязаныя з новымі грамадскімі прасторамі, бачаць важлівым гарызонт супрацоўніцтва з іншымі пректамі Беларусі і замежжа. І гэта вельмі істотна, таму што новыя праекты часцей за ўсё ўзнікаюць у выніку ўзаемадзеяння розных удзельнікаў і арганізацый – гэта новая тэндэнцыя.

Аляксандр: Адукацыя сама па сабе стала трэндам. Усім больш-меньш адэкватна думаючым людзям стала зразумела, што веды даюць перавагі: змяняецца сістэма, з’яўляецца новая эканоміка, заснаваная на ведах. І выйграюць тыя грамадствы, якія робяць стаўкі менавіта на веды.

Яшчэ адзін трэнд звязаны з тым, што камунікацыя становіцца галоўнай. У сучасным свеце ўжо недастаткова быць проста прафесіяналам у нейкай галіне, вельмі важліва ўмець камунікаваць, а добра рабіць гэта ўмеюць людзі з гуманітарнай адукацыяй. Менавіта таму такую адукацю важна мець усім.

Вынікі навучання ў ECLAB: змяняем грамадства праз асобу

Аляксандр: адной з нашых мэтаў як праекта з’яўляецца пашырэнне гарызонтаў нашых слухачоў. Вельмі часта студэнты, якія прыходзяць да нас, абмежаваныя з-за нашай сістэмы адукацыі і пануючых уяўленняў у грамадстве. Мы намагаемся пашырыць іх гарызонты з дапамогай новых канцэпцый і тэорый. І часта бачым, як змяняецца іх стаўленне да чагосьці – яны раптам пачынаюць глядзець на рэчы інакш.

Вольга: мы прыйшлі да высновы, што для акадэмічнага праекта год – гэта вельмі мала. Мы даем шмат ведаў і студэнтам недзе складана гэта ўсё “пераварыць”. Таму самае галоўнае ў выніку – гэта больш актыўная пазіцыя. У сваім уласным жыцці і ў грамадскім.

Амаль усе нашыя студэнты кажуць, што ў іх з’явіўся крытычны погляд. На некаторыя рэчы людзі пачынаюць глядзець больш песымістычна, пачынаюць бачыць недахопы нашага грамадства. Але паколькі мы дапаўняем гэты крытычны погляд актыўнай пазіцыяй, гэта падштурхоўвае іх да думкі, што з гэтым трэба і магчыма нешта рабіць, але рабіць супольна. Так, галоўнае, што мы хочам бачыць – гэта актыўнасць, крытычнасць, і разуменне таго, што ўсе праблемы вырашаюцца супольнасцямі, і ў Беларусі такія супольнасці можна знайсці і стварыць.

Brain drain  па-беларуску

Вольга: Па-ранейшаму для Беларусі з’яўляецца актуальнай праблема, што шмат людзей з’язджае, таму што не можа сябе тут рэалізаваць. А тыя, хто з’ехаў, не вяртаюцца з гэтай жа прычыны. Зараз ёсць выкладчыкі “новай генерацыі”, якія атрымалі адукацыю за межамі Беларусі, вярнуліся і хочуць у Беларусі выкладаць. Але ўзнікае пытанне, дзе ім сябе рэалізаваць не толькі як выкладчыкамі, але і даследчыкамі. Для добрага выкладчыка вельмі важліва мець магчымасць займацца даследаваннямі. І мы апынаемся ў пастцы: такія спецыялісты ў Беларусі патрэбныя, але ўмоваў для іх працы няма. Наша сістэма адукацыі не жадае з такімі людзьмі працаваць, таму што яны маюць крытычнае мысленне.

Аляксандр: Менавіта таму мы зараз бачым, што па шэрагу тэмаў гуманітарных ведаў у нас вельмі мала спецыялістаў, ці іх увогуле няма. Як праект мы не можам прапанаваць пастаяннае месца выкладчыкам, але хаця б прапаноўваем нешта, дзе такія спецыялісты могуць рэалізаваць сябе ў прафесійным сэнсе. Нам бы вельмі хацелася быць такім месцам, якое б дазволіла рэлізавацца талентавітым выкладчыкам і даследчыкам, мы да гэтага імкнемся.

Людзі не вяртаюцца таму, што няма асяроддзя. Але якасць жыцця вымяраецца не толькі дабрабытам ў грашовым сэнсе, яе вызначаюць людзі і падзеі. І мы намагаемся стварыць адзін з гэтых прывабных фактараў, які б утрымліваў людзей ў Беларусі.

***

Да 15 верасня у ECLAB чакаюць заяўкі на навучанне ад тых, хто гатовы над сабой працаваць, прыкладаць высілкі ды ўкладацца ў сябе і супольнасць.

1g8a5011