Шчыра кажучы, дзякуй за тое, што гэта ўсё хтосьці чытае. Нечакана і прыемна. Вельмі. Сур’ёзна. Я нікуды не знікла, проста набіралася ўражанняў ад мінулага тыдня. Таму сённяшні запіс будзе трохі даўжэйшы за папярэднія.
*Бюракратыя*
Калі мне хоць адзін немец наступным разам хоць слова скажа з нагоды жудаснай беларускай бюракратыі і рэгістрацыі замежных гасцей у Аддзеле па грамадзянстве і міграцыі якога-небудзь РУУС г. Мінска, я абавязкова распавяду яму сваю гісторыю з Берліна. Таму што ў Нямеччыне з гэтым таксама ёсць кіпа праблем. Давялося ўстаць два разы а 5.30 раніцы, і давядзецца ўстаць яшчэ раз, каб зарэгістравацца па месцы жыхарства ў Берліне. І, вядома, стаіш ты ў 7 раніцы перад Bürgeramt у чарзе зусім не адна, а з яшчэ парай дзясяткаў людзей, якім патрэбен адзін штампік. Як жа ўсё гэта да болю знаёма… Выратавала мяне ад канчатковага развянчання міфа аб добрасумленнай Нямеччыне мілая дзяўчына з інфармацыйнай стойкі, якая ў якасці выключэння забраніравала для мяне час для рэгістрацыі. Дзякуй ёй.
Парада: праінфармуйце сябе пра ўсе бюракратычныя штукі месяцы за два да прыезду ў Нямеччыну (ну, калі вы туды надоўга).
*Атракцыён для турыстаў*
Камусьці знаёма, некаму не. Тэлевежа берлінская і галубы. Не ведаю, як у вас ці вашых знаёмых, але мой досвед быў сумны. Надвор’ечка ў чацвер выдалася не супер, але ў прынцыпе для вежы сыдзе. Вы прыходзіце туды, купляеце квіток за 13 еўра, і тады даведаецеся, што ваша чарга толькі праз 2 гадзіны. Ну што ж, можна было, вядома, і раней папярэдзіць … Ідзяце блукаць і піць каву дзве гадзіны на Аляксандрплатц, чуеце шмат рускай мовы. У гэты час надвор’е, вядома ж, псуецца, і горад паступова зацягвае туманом. Ой, а вось і дзве гадзіны прайшлі. Вы падымаецеся на вышыню 208 (быццам бы) метраў, у ліфце вам распавядаюць, з якой хуткасцю вы едзеце. Бла бла бла. І вось вы на вяршыні адной з галоўных славутасцяў сталіцы Нямеччыны. І ўсё ў тумане. Не відаць ні халеры. Робіце кола. З тугою выпіваеце бутэльку піва ў тамтэйшым бары. Едзеце ўніз. Цак.
Парада: майце на ўвазе, што ў вас будзе купа часу перад уздымам, заплануйце абед, напрыклад, і толькі ў сонечнае надвор’е!
*Obedience*
Калі вы ў апошні раз былі ў музеі, ды так, каб у вас мурашкі па скуры бегалі? Не ад страху, а ад усведамлення таго, што вы бачыце перад сабой нешта глабальна неверагоднае. Я ў сераду. Адзін наш прафесар, які выкладае нам асновы куратарства (музейна-тэатральнага я маю на ўвазе) і які сам цяпер у Пекіне, дзе на 2000 кв. м адкрывае выставу Кетэ Кольвиц, задаў нам у якасці хатняга задання схадзіць на дзве выставы, якія цяпер ідуць у Берліне. Адна з іх – гэта Obedience. 15 залаў Габрэйскага музея ў Берліне аддадзены пад інсталяцыі Саскіі Боддэке і Пітэра Грінуэйя, якія так жа моцна ўздзейнічаюць на ваша свядомае і несвядомае, як балюча іголкі ўтыкаюцца вам пад пазногці. Спадзяюся, што гэтыя імёны вам пра што-небудзь кажуць. Калі не, зрабіце так, каб казалі.
Obedience, Паслухмянасць. У цэнтры біблейская гісторыя «Акедат Іцхак» (עֲקֵדָת יצחק, вялікі шалом культуролагам і Галіне Веніямінаўне, if you know, what I mean), або, як ведаюць яе нармальныя людзі, «Ахвярапрынашэнне Ісаака». Калі нармальныя людзі гэтага не ведаюць, то папрашу запаўняць дадзеную лакуну, тым самым зберагаючы сябе ад цнатліва-чыстай памяці.
У 15 залах іншае прачытанне гісторыі, рэпрэзентацыя матыву ва іудзейскай, ісламскай, хрысціянскай традыцыях, пытанні справядлівасці бога/Бога, меры паслушэнства. Праходзячы праз гэтыя залі, вы адчуваеце неверагодную колькасць самых кантрастных пачуццяў: ад здзіўлення, захаплення да панічнага страху і ўсведамлення сваёй ўсёабдымнай бездапаможнасці. У перадапошняй зале я сядзела з камяком у горле і чарадой пытанняў, на якія ніхто ніколі не зможа адказаць: пра войны, смерць, беднасці, голад… Чаму ўсё так? Хто вінаваты і што з гэтым рабіць? Можа быць, усё гэта – ахвярапрынашэнні тых Абрмаў, якім бог/Бог не даслаў своечасова анёла, каб спыніць гэтыя беды. Чаму не даслаў..? Можа быць, і зусім не павінен быў?
Я не ведаю, куды паедзе гэтая выстава потым. У чым я дакладна ўпэўненая, што ў Мінск яна, на жаль, не патрапіць. Прынамсі ў бліжэйшы час. Сумна гэта прызнаваць, але не той узровень, спадарства. Але калі вы калі-небудзь ўбачыце яе афішу, запаўняйце лакуны аб біблейскай гісторыі Абрама, кідайце ўсе справы і бяжыце на выставу. Паверце, яна застанецца з вамі назаўсёды.
Ну, а ў мяне заўтра цэлы дзень працяг сённяшняга семінара на тэму «Kameralistik», і да майго вялікага жалю, гэта не мае нічога агульнага з керамікай. Гэта вядзенне бухгалтэрыі. Так, як гэта робяць немцы, не робіць ніхто, што мяне асабліва і палохае.
Пераклад на беларускую: Ганка Барадзіна
Аўтарская версія тут.