Па PhD у Чэхію: як займацца навукай у краіне піва і лялечных гарадоў

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Вы, канешне ж, чулі жарты пра “НІІ цітологіі і генэтыкі”, некаторыя з іх нават былі смешнымі. А ці задумваліся вы калі-небудзь, што генэтыка насамрэч вельмі вясёлая навука і прыносіць шмат радасці таму, хто ёй займаецца? Сённяшні артыкул для тых, хто стаіць перад выбарам: застацца ў акадэмічным свеце ці ісці працаваць у вытворчасць? Adukacyja.info пагутарыла з Іванам Кашканам, які робіць PhD ў Брно. І гэта абсалютна не сумна!

CEITEC – навуковы цэнтр у Брно

Раскажы, калі ласка, пра свой шлях у навуку, якой зараз займаешся.

Біялогіяй я цікавіўся з самага пачатку, яшчэ да таго, як яна з’явілася ў маёй школьнай праграме. Усялякімі прадметамі кшталту “Чалавек і свет” і г.д., не ведаю ці існуюць яны дагэтуль. З дзевятага класа сама сабой саспела ідэя, што любімы прадмет не трэба пакідаць як хобі, а можна паспрабаваць зрабіць асноўнай працай. Так я трапіў спачатку ў біялагічны клас Ліцэя №1 Мінска, а потым і на біяфак БДУ. Спачатку хацеў паспрабаваць паступіць у медунівер, але гэта было хутчэй па інэрцыі, бо туды падавала дакументы мая дзяўчына і большая частка ліцэйскага класа. Дастаткова хутка мне стала зразумела, што я не вельмі хачу працаваць з людзьмі. Тады біяфак і стаў відавочным выбарам. Туды я прайшоў на бюджэт  без асаблівых складанасцей –  меў дастатковы запас балаў. Абраў накірунак – біятэхналёгіі, а дыплом рабіў на кафедры генетыкі. Пытанне аб далейшым навучанні ў магістратуры амаль што не стаяла, я хацеў працягваць.

Потым я зразумеў, што магчымасці і ўмовы, якія могуць прапанаваць родны біяфак ці Акадэмія навук, у большасці сваёй вельмі сумныя. Вечны дэфіціт грошай на абсалютна ўсё, большая частка працоўнага часу ідзе на бессэнсоўныя рэчы (як мыццё аднаразавага пластыку, бясконцыя выкананні адной і той жа ПЦР, што не атрымоўваецца праз састарэлы апарат тэрмацыклер). Ну і зарплата, якая ў аспірантаў часам на мяжы мінімуму, а ў адной знаёмай нават і менш. Вось і пачаў шукаць іншыя варыянты за мяжой.

Сканаваў розныя лабараторыі, калі знаходзіў цікавую тэму – пісаў навуковым кіраўнікам. Так сталася, што адказ з Чэхіі прыйшоў першым. Паразмаўляў з патэнцыйным кіраўніком, тэма мне спадабалася. Альтэрнатыўны сплайсінг – рэч у раслін, вельмі цікавая і даследаваная мала. Займацца гэтым даволі рызыкоўна – шанец не знайсці нічога дастатковы высокі.

Сумоўе я прайшоў паспяхова, будучы шэф выглядаў дастаткова адэкватна, месца адносна блізка да дома (усяго каля 1000 км) – я вырашыў ехаць.

Цэнтр, куды я паехаў, называецца CEITEC (Сentral Еuropean Тechnological Іnstitute) і знаходзіцца ў Брно. Цікава, што пра яго я не ведаў і інфармацыю пра вакансію ўбачыў на форуме біяфака.

Ці складана ўвогуле патрапіць у замежны навуковы цэнтр? Што галоўнае трэба для гэтага зрабіць?

Працэс падачы не павінен нікога пужаць – у мяне ён не выклікаў ніякіх праблем. Тут галоўнае знайсці тэму, якая падабаецца, і паспяхова прайсці сумоўе. Гэта забяспечыць вам месца ў лабараторыі і заробак. Калі гэты этап пераадолены, то астатняе ўжо выглядае як маленькія праблемы. Паступленне на аспірацкую стыпендыяльную праграму не патрабуе нейкіх неверагодных ведаў (таго, што я атрымаў на біяфаку, было больш, чым дастаткова). У маім выпадку гэта было зноў жа сумоўе перад камісіяй. Увогуле, выбар стыпендыяльнай праграмы – справа густу. Прасцей за ўсе атрымаць стыпендыю ад універсітэта, калі паступіў на чэшскамоўную праграму (уключае ў сябе 2 абавязковыя гадзіны чэшскай на тыдзень). Таксама можна паспрабаваць паступіць у CEITEC PhD school, але трэба дакладна загадзя спланаваць падарожжы, бо наборы здзяйсняюцца вясной і восенню. Я прыехаў летам і, зразумела, не патрапіў. Вышаградская стыпендыя ў маім выпадку не мела ніякіх пераваг перад універсітэтскай – сума больш-менш тая ж самая, а працэс падачы заяўкі патрабуе большых высілкаў.

Улічваючы тое, што і для таго, каб патрапіць у лабу і атрымаць стыпендыю, трэба праходзіць сумоўі, то першае, што трэба падцягваць – гэта узровень валодання мовай.

Бэканне-мэканне не вытрымае ні адзін прафесар, і нават самые лепшыя веды не змогуць прабіцца праз абмежаваны вакабуляр. Другое, што патрэбна для поспеху, – добрае веданне тэм сваіх дыпломнай і магістарскай прац. Вас хутчэй за ўсё паганяюць па іх, будуць задаваць нязручныя пытанні і сачыць за адказамі, каб убачыць, як працуе галава і ці разумееце вы, што кажаце. Трэцяе лагічна вынікае з другога – трэба мець салідную базу ведаў па прадмеце. Вельмі вітаецца практычны досвед: чым ён большы, тым, канешне, лепш.

Мае баявыя таварышы

Як ты адэньваеш шанцы для беларусаў – для нашых студэнтаў такія формы пошуку аспірантуры нязвыклыя?

Базы БДУ хапае, калі хадзіць ва ўнівер і вучыцца. Шанцы ў нас не ніжэй за ўсіх астатніх нашых сусудзяў. Па паім адчуванні, беларускія студэнты якраз стварылі вакол сябе вельмі добры вобраз, як мінімум тут. У CEITEC нас, беларусаў, на цяперашні момант каля 10 чалавек. Мабыць, нават і больш, я проста ўсіх не ведаю. Шмат лідараў навуковых груп мэтанакіравана шукаюць новых студэнтаў менавіта з Беларусі. Так што шанцы ёсць і вельмі добрыя.

Працоўныя месцы ўражваюць

Ці цяжка было пераадолець бюракратычныя складанасці пераезду, ці дапамагалі табе з інтэграцыяй?

Мне ўвесь час дапамагалі з афармленнем дакументаў, кансультавалі з універсітэта. Сакратар кафедры звязваўся непасрэдна з амбасадай. Калі я прыехаў, то мне спецыяльна далі дзяўчыну-кансультанта, што браніравала ўсе наведванні ў замежную паліцыю (там трэба было атрымаць картку віда на жыхарства), дапамагала з афармленнем банкаўскага рахунку, прапаноўвалі дапамогу ў пошуку жытла, на першыя некалькі месяцаў пасялілі ў гуртожытку.

Касцёл Святога Паўла ў Брно

Бачу, ім сапраўды важна, каб да іх даехалі і добра сябе адчувалі на месцы. Ці ёсць яшчэ якія-небудзь прыемныя бонусы для цябе?

Ёсць так званы сацыяльны пакет. Першае – гэта 30 дзён аплочваемага адпачынку, які можаш узяць, калі табе зручна і ў якім хочаш парадку (хочаш – хадзі на працу толькі 4 дні на тыдзень, хочаш – едзь дадому на паўтары месяцы). Далей абавязкова даюць стандартную чэшскую медычную страхоўку. Яна забяспечвае бясплатныя прасцейшыя лекі і наведванні дактароў, аднак стаматолага ужо не пакрывае. Натуральна, часовая непрацаздольнасць аплочваецца.

Трэба ўзгадаць такую рэч, як даўжыня працоўнага дня. Культура перапрацовак, дзікая канкурэнцыя паміж лабараторыямі, іх апантанасць публікацыямі і іх impact factor’ам, што былі нормай ў акадэмічным свеце здаўна, цяпер дамінуе ўжо і тут.

Ад вас будуць чакаць стаханаўскіх адносінаў да працы. Я не ведаю ніводнага студэнта, аспіранта ці постдока, каторы праводзіў б на працы прапісаныя па кантракце 8 гадзін.

У сярэднім атрымоўваецца каля 10 гадзін, бывае і 12, калі навальваецца шмат працы. Некаторыя сядзяць на працы па 12 гадзін пастаянна, але ў мяне ад такога графіка пачынаюць здаваць нервы. Пакуль што не даводзілася начаваць у лабе. Гэта любімы жах майго навуковага кіраўніка аб тым, як яны днявалі і начавалі ў лабе ў свае аспіранцкія гады.  Гэтыя гадзіны працы патрэбны не для прыгожай статыстыкі, а для таго, каб атрымаць запланаваны вынік своечасова. То бок гэта 10- 12 гадзін працы, а не пракрастынацыі за кампом. Самае непрыемнае ва ўсім гэтым, што перапрацоўка не гарантуе паспяховае завяршэнне і публікацыю, бываюць проста керскія тэмы. Але цяжкая праца рукамі і з літаратурай хутчэй дасць зразумець, што вы ідзеце ў нікуды.

Калі так шмат часу праводзіш на працы, то неабходным элементам з’яўляецца добрая атмасфера ў калектыве. Як табе працуецца з калегамі?

На конт калектыву – я лічу, мне вельмі пашанцавала і з калегамі, і з кіраўніцтвам. Людзі вакол проста неверагодныя. Шэф перыядычна выцягвае нас ці ў мясцовыя пабы “гаспуды” – самы тыповы спосаб “рэлаксаваць пасля працы” ў Чэхіі, ці на прыроду ў горы. Гэткія шпацыры таксама можна назваць нацыянальнай чэшскай забавай, і яна мне вельмі палюбілася. Мы ўжо тры разы былі ў суседняй Славаччыне, наведалі ўсе больш-менш значныя чэшскія горы. Навуковы цэнтр увесь час праводзіць мерапрыемствы, што накіраваны на знаёмства і абмен досведам паміж усімі сваімі супрацоўнікамі з самых розных сфер. Рэгулярна адбываюцца так званыя Scientific mixer’ы, дзе можна ў нефармальнай атмасферы за келіхам бясплатнага піва і кавалкам піцы распавесці ўсім, хто прыйшоў, чым ты займаешся і ўтылізаваць постэры з мінулых канферэнцый.

CEITEC ладзіць і ўнутраныя канферэнцыі, што маюць тую ж мэту – замуціць моцную навуковую тусоўку і пазнаёміць людзей адно з адным.

Адзін ці два разы на год (залежыць ад таго, ці ёсць новыя вынікі даследаванняў і сродкі ў группе) ездзім на канферэнцыі. За тыя два гады, што я тут, я ўжо быў на канферэнцыях у Вене, Умеа, на міжнароднай канферэнцыі EMBO, што адбывалася тут у Брно (гэта ўвогуле адна з самых вядомых і буйных канферэнцый у галіне natural science). Акрамя таго, я прэзентаваў працу на невялікім міжнародным сімпозіуме, што арганізоўваў CEITEC.

Мы з калегамі ў Славаччыне. Шэф справа.

Акрамя даследаванняў у лабараторыі, ці ёсць у вас нейкая вучоба? Бо аспірантура – гэта ўсе ж такі навучанне, а не толькі праца.

Так. Што тычыцца вучобы, то тут мы вольныя ў выбары. Мне вельмі па душы стандартная паўсюль (але адносна нязвыклая для нас) сістэма крэдытных адзінак, дзе можна самастойна падбіраць сабе прадметы згодна з тваімі ўласнымі інтарэсамі і патрабаваннямі. Мноства курсаў, дзе развіваюць не толькі твае вузкаспецыялізаваныя hard skills, але і soft skills, пра каторыя ў нас трошкі забываюць.

Выкладчыкі – не сухія тэарэтыкі, а зазвычай дастатковы выбітныя ў сваёй галіне прафесіяналы. На некаторыя лекцыі запрашаюць сапраўдных зорак – ужо два разы прыязджалі нобелеўскія лаўрэаты.

Акрамя гэтага існуюць цэлыя семінарскія курсы, што маюць сваёй мэтай пазнаёміць студэнтаў з усімі апошнімі распрацоўкамі, навінкамі, важнымі публікацыямі ў пэўнай галіне. У маім выпадку гэта навукі аб раслінах. Чытаюць лекцыі не нейкія “левыя” людзі, а менавіта тыя, што пісалі дадзены артыкул. Канешне ж, такія выступы проста напампоўваюць цябе матывацыяй і жаданнем зрабіць унёсак у развіццё накірунку.

Велька Фатра, Славаччына

А ці ездзіў ты па абмене ў іншыя навуковыя цэнтры, апроч канферэнцый? Ці вучышся нейкім тэхнікам па-за межамі CEITEC?

У прынцыпе стажыроўкі тут – гэта рэч вельмі звыклая. Калі гэта рэальна неабходна для тваёй працы, цябе адпусцяць і на тыдзень, і на месяц, і нават на некалькі месяцаў. Я быў некалькі дзён на стажыроўцы ў Празе, спадзяюся, што восенню паеду на пару тыдняў у Вену. Людзі з нашай лабы ездзілі ў Нямеччыну і Ізраіль амаль на паўгады, каб навучыцца адпрацаваным там методыкам на тым абсталяванні, якога ў нас няма. Такое вось наладжанае супрацоўніцтва. Нашы студэнты-магістранты ездзілі і да нас таксама прыязджалі па Эразмусе. Аспіранты, што маюць канкрэтныя мэты, канешне, наўрад ці паедуць некуды на паўгады і будуць перарываць сваю працу.

Як бы ты пабудаваў навуковую дзейнасць у Беларусі? Ці актуальна для нас пытанне пераводу на грантавае фінансаванне, як робяць многія ўстановы за мяжой?

Шчыра кажучы, я б асцерагаўся без глыбокага разумення сітуацыі выказваць сваё меркаванне на гэты конт. Я веру, што і тут, і ў нас у кабінетах навуковых супрацоўнікаў часам сядзяць людзі нашмат больш дасведчаныя і разумныя, чым я, што нашмат глыбей і лепш разумеюць дадзеную галіну. Часам чуем, што ў нас сядзяць непатрэбныя супрацоўнікі, якія нічога не робяць. Можа, гэта не супрацоўнікі непатрэбныя, а сістэма не дазваляе ім прыносіць карысць? Ці, мабыць, з-за вельмі нізкага ўзроўню адбору ў навуку ідуць тыя, хто прызвычаіўся нічога не рабіць, і яны становяцца гэткімі непатрэбнымі супрацоўнікамі? Ці існуюць яшчэ фактары? Шчыра, мне здаецца, что ўсё гэта сімптомы дрэнная зваротнай сувязі паміж выкладчыкамі і супрацоўнікамі з вышэйшым кіраўніцтвам. Але чым гэта абумоўлена і што з гэтым рабіць, я не ведаю.

Што тычыцца грантавага фінансавання, то не ўсё так проста і адназначна. Гранты стымулююць, не даюць заседжвацца адкрытым абібокам і прымушаюць навукоўцаў пастаянна публікаваць пэўныя вынікі дзейнасці. З іншага боку – гэта пятля, якая маячыць над патыліцай, наганяе стрэс і часам прымушае папусціцца якасцю вынікаў дзеля хуткасці іх атрымання. А што рабіць, калі, як я казаў раней, проста не пашанцавала з тэмай? Грошы атрымалі і празрыста адпрацавалі, а вынікаў няма, бо першапачатковая гіпотэза апынулася няправільнай?  Тады пачынаецца хаатычны рух і спробы выдавіць з тэмы хаця б што-небудзь. А потым у аналітычных рэв’ю мы бачым высновы аб тым, як хутка ў апошні час падае якасць публікацый і расце маніпуляванне дадзенымі ў артыкулах. Грантавая сістэма, безумоўна, патрэбна, яна прыносіць таленавітым і працавітым лабараторыям шыкоўныя магчымасці. Але і падтрымка дзяржавы на мінімальным узроўні таксама неабходна.

Як табе чэшскае жыцце? Быў культурны шок ці больш-менш лёгка было адаптавацца?

Мяне прыемна здзівіў і працягвае дагэтуль здзіўляць чэшскі прагматызм, непасрэднасць і прыязнасць.

Паўсюль сонечныя батарэі, усеагульная любоў народа да шпацыраў на прыродзе ў выходныя і ровараў, натоўпы моладзі, што высыпаюцца на прабежкі раніцай і вечарам. Забароненыя тэмы цалкам адсутнічаюць, а адносіны да рэлігіі і палітыкі вельмі здаровае. Гэта робіць чэхаў вельмі прыемнымі суразмоўцамі.

Оламоўц – горад, што мяне проста скарыў, такі чэшскі і такі мімішны

Што мяне здзівіла – гэта як такая маленькая краіна можа быць настолькі самадастатковай. У паветры проста лунае дух чэшскасці, які не пераблытаеш з атмасферай ніякай іншай краіны. Насельніцтва мае свой позірк на ўсё. Яго, канешне, фарміруюць медыі, але гэта іх уласныя медыі.

Яны не хочуць ні за кім ісці, у іх няма ніякіх куміраў ці старэйшых братоў. Да ўсіх суседзяў яны ставяцца вельмі спакойна і з некаторай іроніяй. Гісторыя і ціхі гонар за сваю гісторыю пранізвае кожную вуліцу кожнага мястэчка.

Чэхам, мабыць, і сорамна за сучасных палітыкаў, але я ніколі не сустракаў чэха, якому было б сорамна, што ён чэх. Спакойнае пачуццё ўласнай годнасці і адсутнасць комплексаў непаўнаспраўнасці вельмі падкупае, спачатку нават здзіўляе.

Гэтага вельмі не хапае беларусам на мой погляд.

Помнікі першага прэзідэнта Чэхаславакіі Томаша Каррыка Масарыка тут практычна паўсюль

Знакаміты ружовы танк улетку прыехаў з Прагі на гастролі ў Брно. Гэта можна назваць помнікам іранічнага стаўлення да камунізму. Пасля рэвалюцыі 1989-га адзін мастак пафарбаваў помнік вызвалення Прагі ў ружовы колер. І цяпер ён такі.

А чым ты займаешся ў вольны час? Калі ён ёсць, канешне.

Я альбо адсыпаюся (калі быў цяжкі працоўны тыдзень), альбо з’язджаю куды-небудзь пахадзіць/паездзіць на ровары на прыродзе. Прырода тут вельмі прыгожая, а ў кожны новы шпацыр няцяжка знайсці нешта новае. Аспірантура вярнула мяне да трошкі забытай звычкі чытаць. Чытво чаго-небудзь, абстрагаванага ад працы, разгружае мозг. Цяпер я спрабую сумяшчаць прыемнае з карысным і чытаю чэшскую класіку, напрыклад, “Бравага салдата Швейка” Яраслава Гашака ці апавяданні Карла Чапека ў арыгінале. Часам надыходзіць туга, але высілкі ўзнагароджваюцца.

Клак, Славаччына

Стары бункер на польскай мяжы

Ці змяняе, на тваю думку, побыт за мяжой чалавека? Ці стаў ты іншым?

Як мне здаецца, то ўва мне вельмі шмат памянялася. Суцэльная самастойнасць, што прышла з пераездам у іншую краіну, дазволіла урэшце цалкам пасталець. Інтэнсіўнае знаёмства з іншымі культурамі (а ў навуковым цэнтры замежнікаў усіх масцей вельмі шмат) адчыніла вочы і дазволіла пазбавіцца ад многіх стэрэатыпаў. Добрыя і жыццярадасныя чэхі навучылі мяне прасцей ставіцца да жыцця. І любіць сабак. Сабакі тут паўсюль. Гэта краіна, дзе сабачнікі бездакорна перамаглі. Так, змяняецца шмат. І я спадзяюся, што змены гэтыя – у лепшы бок.

Што ты б хацеў параіць беларускім маладзёнам, што пачынаюць будаваць сваю кар’еру?

Я раю паспрабаваць сябе на Радзіме. Калі не трэба вырывацца з сям’і, пераязджаць кудысьці вельмі далёка і можна займацца любімай справай дома, то заставайцеся дома. Калі такой магчымасці няма – шукайце месца за мяжой. Гэта зусім не складана, а досвед – невымерны! Канешне, рэч гэта вельмі індывідуальная, ці будзе чалавуку камфортна ў іншай краіне. Ёсць касмапаліты-вандроўнікі, каторым становіцца сумна праз паўгады ў адной краіне, а ёсць дамаседы, што вельмі пакутуюць ад пераездаў. Аднак вы не даведаецеся, пакуль не пераедзеце.

А паспрабаваць хоць раз раю ўсім.  Кароткая стажыроўка за мяжой, абмен, магістратура, аспірантура – што заўгодна. Магчымасцей шмат. Заўсёды ж можна вярнуцца, а вось досвед знаёмства з іншай культурай – рэч бясцэнная.