Пачатак Адысеі: каледж у Арменіі, gap year у Эквадоры, вучоба ў ЗША

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

“Дык што, Эквадор – такая брудная краіна!? Тыф, менінгіт, гепатыт, жоўтая ліхаманка, – чую ад сваёй лекаркі ў інфекцыйным аддзяленні паліклінікі, пакуль яна сканіруе вачыма спіс прышчэпак, якія мне трэба зрабіць. – І навошта ты туды сунешся? У нас хіба працы так мала для маладых?” Так, месяц таму, пачаліся мае зборы за акіян. Але пра ўсё па парадку…

На прадмеце "Візуальнае мастацтва" студэнты самастойна выбіраюць тэматыку твораў і медыi для стварэння прац

На прадмеце “Візуальнае мастацтва” студэнты самастойна выбіраюць тэматыку твораў і медыi для стварэння прац

Калыска думак

7 гадоў, якія я правяла ў беларускамоўнай дзяржаўнай гімназіі, дзе пра беларускаць сведчыла толькі назва, пакінулі неўратычныя ўспаміны: самаадданае завучванне параграфаў, святое паднашэнне дзённіка да настаўніцкага стала для запісу заўвагі, падручнікі па Гісторыі Беларусі, выдадзеныя пасля 1991 года, амаль ваеннае пастраенне напачатку ўрока, каб годна павітаць настаўніка, і смак рыбнай катлеты ў сталоўцы- усё гэта было неад’емнай часткай кожнадзённага існавання ў школе.

Але пасля 7 класу я змяніла школу, што зрабіла кардынальны пераварот ў маім разуменні якаснай адукацыі. Я пайшла ў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Калі вы чулі, як хтосьці шэптам кажа пра падпольную неафіцыйную партызанскую школу ў Мінску, дык гэта пра мой Ліцэй.

Я дагэтуль лічу, што мая alma mater – самая прагрэсіўная навучальная ўстанова ў краіне. Але ва умовах беларускіх рэалій, з-за натуральнай несумяшчальнасці альтэрнатыўнай сістэмы выкладання і дзяржаўнай адукацыі, Ліцэй дагэтуль не мае права быць афіцыйна зарэгістраванай установай.

Імпрэзы былі нярэдкай з'явай у ліцэйскім жыцці

Імпрэзы былі нярэдкай з’явай у ліцэйскім жыцці

У мае часы крыху больш за паўсотні чалавек вучыліся разам у здымным катэджы, дзе крэйдавыя дошкі кантраставалі са шпалерамі ў кветачкі. Нягледзячы на тое, што большасць часу мы здабывалі веды, седзячы ў перааздобленых пад класы спальнях і залях, мы прыцягнулі да сябе ўвагу неабыякавых замежных сяброў, якія прапаноўвалі нам свае кампусы, каб пару месяцаў на год можна было вучыцца ў цывілізаваных умовах.

Ад самага пачатку існавання ў Ліцэі выкладалі прафесары ўніверсітэцкага ўзроўню і выносіліся на дыскусіі вострыя сацыяльныя і палітычныя пытанні. Я пабачыла, што дзённік ці школьная форма – элементы ў адукацыі неабавязковыя, якія дапамагаюць стаць вучню адукаваным чалавекам не больш, чым трэці за год паход у музей Вялікай Айчыннай Вайны разам з класам.

У Ліцэі, адрозна ад маёй мінулай гімназіі, даводзілася дэкламаваць не пушкінскае “Зимнее утро”, а “Гімн Афрадыце” Сапфо, і вучыцца, як крытычна падыходзіць да геапалітычнага аналізу Беларусі. За кубкам гарбаты мы дыскутавалі з выкладчыкамі наконт культурнай спадчыны, якую пакінулі філаматы, ці ўступалі з імі ў спрэчкі. Але, шчыра кажучы, у вучняў рэдка атрымоўвалася здабыць перамогу: за выкладчыкам, які мог з лёгкасцю працытаваць “Адысею” на старагрэцкай і такім чынам паставіць апошнюю кропку ў спрэчцы, заставалася інтэлектуальная перавага.

Інтэрнацыянальная сям’я

Ліцэйская загартоўка падштурхнула мяне працягваць вучыцца ў цікавых месцах, таму мая асабістая Адысея працягнулася ў Арменіі, у United World College Dilijan. Кожны год беларусам даецца некалькі стыпендый, якія дазваляюць паехаць выпускнікам школ у адзін з 16 каледжаў, якія знаходзяцца на пяці кантынентах, у тым ліку ў Сінгапуры, Нарвегіі, Коста-Рыцы.

Манастыроў у Арменіі незлічоная колькасць, мясцовыя ганарацца гэтым і кажуць, што яны па ўсіх параметрах і лепей за грузінскія

Манастыроў у Арменіі незлічоная колькасць, мясцовыя ганарацца гэтым і кажуць, што яны па ўсіх параметрах і лепей за грузінскія

Першае ўражанне аб Арменіі ў мяне складаецца яшчэ да таго, як я туды прыязджаю. У аэрапорце “Мінск-2” я сядаю ў крэсла самалёта і пачынаю размаўляць з армянкай побач. Не паспявае самалёт адарвацца ад зямлі, як суразмоўніца запрашае мяне да яе ў госці ў Ерэване, звяртаючыся не інакш як “дарагая дачка”. Праз тры гадзіны і два выпітыя кубкі гарбаты самалёт пачынае лунаць над Каўказам, і праз сівы туман я бачу абрысы Арарата.

Падчас падарожжаў

Наступныя два гады, акурат да гэтага лета, я правяду ў атачэнні 200 студэнтаў з 60 краінаў свету. Мы будзем жыць у Дыліжане, дзесяцітысячніку, што стаіць у даліне, аточанай з усіх бакоў гарамі. У мяне ды ў студэнтаў з постсавецкіх краінаў гэтае месца на слыху з-за фільма “Міміно”. Там герой Фрунзіка Мкртчана непахісна сцвярджаў, што вада ў Дыліжане самая чыстая ў свеце – пасля Сан-Францыска. Калі наконт вады яшчэ можна паспрачацца, то ў еднасці армян, якой можа пазайздросціць кожны беларус, у мяне сумневаў няма. Армянская дыяспара, якая пачала ўзнікаць як следства генацыду ў Асманскай імперыі, інвестуе нэацэнна шмат у краіну з трохмільённым насельніцтвам, і ў вялікай ступені дзякуючы ім існуе UWCD.

Першае пакаленне студэнтаў выпусцілася з UWCD сёлета

Першае пакаленне студэнтаў выпусцілася з UWCD сёлета

Тут я паспяваю закахацца ў мастацтва, зрабіць даследаванне аб кульце Сталіна ў Грузіі, пападарожнічаць аўтаспынам і павучыць дзетак маляванню. Я таксама прызвычаюся да іншай сістэмы адукацыі: дзе за плагіят могуць пазбавіць дыплома, дзе высока шануецца акадэмічная этыка і здольнасць працаваць у камандзе.

Камуністычныя партыі дагэтуль існуюць у Грузіі і праслаяўляюць "великих вождей"

Камуністычныя партыі дагэтуль існуюць у Грузіі і праслаяўляюць “великих вождей”

Цяпер ніхто ў каледжы не думае, што Беларусь – гэта частка Расіі

У каледжы заўсёды прысутнічае шалёны запал: хтосьці рыхтуе тыдзень, прысвечаны гендарнаму самаадчуванню, хтосьці едзе валанцёрыць у Таіланд, а хтосьці праводзіць 7 гадзін запар у студыі, каб здаць праект своечасова. У такой атмасферы я адчуваю сябе натхнёна, але дзесьці ў падсвядомасці мне падаецца, што я раблю недастаткова. Мне карціць мець больш досведу і падарожжаў. Мой энтузіязм выбухвае, і мне шанцуе пазаймацца цікавымі рэчамі: дзякуючы нямецкаму гранту ZIS я раблю даследаванне пра ўрбаністычныя сады ў Берліне і паспяваю папрацаваць на арганічнай ферме. Таксама я адкрываю для сябе сайт Workaway, пра які раней толькі чула краем вуха, і праводжу зімовыя вакацыі ў Стамбуле, дзе працую няней.

Аўтаспын у Арменіі працуе выдатна: спыняецца амаль кожная машына

Традыцыйна студэнты ладзяць бой падушкамі ў апошні дзень школы

Традыцыйна студэнты ладзяць бойку падушкамі ў апошні дзень школы

Амазонскія лясы

Пасля двух гадоў плённай працы ў UWCD мне зусім не пасавала адразу браць на сябе ролю студэнта першага курсу дзесьці ў іншым месцы. Я прагнула практычнага досведу па-за межамі ўніверсітэцкіх сценаў. Прыйшоўся да месца gap year, які можна перакласці як “прамежкавы год”, калі выпускнік школы перад пачаткам вучобы ва ўніверсітэце падарожнічае, валанцёрыць ці працуе. На жаль, на беларускай мове альтэрнатыўная назва адсутнічае з-за адсутнасці такой практыкі выпускнікамі школ. Але такая з’ява распаўсюджана ў Амерыцы, і мне пашанцавала знайсці праграму Global Citizen Year, якая дасылае выпускнікоў на год у адну з краін: Сенегал, Эквадор, Бразілію, Індыю.

Ці з-за базавага ведання гішпанскай мовы, ці з-за вялікай сімпатыі да паўднёваамерыканскага ладу жыцця, з чатырох вышэйназваных краін я абрала Эквадор. І вось тут мы вяртаемся да пачатку гэтага тэкста, дзе я ў роспачы сяджу ў мінскай паліклініцы, спрабуючы ўцяміць, дзе мне зрабіць прышчэпкі, каб пачуваць сябе бяспечна ў “бруднай краіне”.

У архітэктурным плане ў прыярытэт ставіліся тыпы збудаванняў з найменшым экалагічным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе

У архітэктурным плане ў прыярытэт ставіліся тыпы збудаванняў з найменшым экалагічным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе

Наступныя восем месяцаў я збіраюся працаваць валанцёрам у Амазонскіх лясах, жыць у хост-сям’і і вучыць мясцовую мову кечуа. Я раблю гэта, каб пабудаваць грунтоўнае ўяўленне пра сябе і “пратэсціць” ісціну, якую мы ўсе падсвядома ведаем: школа не дае нам практычныў ведаў, так неабходных для таго, каб знайсці сваё месца ў жыцці.

Дзе застацца, калі падарожнічаеш, больш не пытанне: сябры ёсць паўсюль

Дзе застацца, калі падарожнічаеш, больш не пытанне: сябры ёсць паўсюль

Мне пашанцавала: я атрымала поўную стыпендыю, каб здзейсніць задуманае. Але маёй стыпендыі не існавала б, калі б частку яе не сабралі такія ж удзельнікі праграмы, як я, у мінулым годзе праз краўдфандынг. То бок, умоўныя Ангус, Тэс і Лео, што летась валанцёрылі ў Сенегале ці Індыі, назбіралі “талакой” фінансаванне, каб я змагла паехаць у Эквадор.

Цяпер я пераймаю эстафету і збіраю грошы на частку стыпендыі чалавеку, які паедзе ў адну з чатырох краін у наступным годзе. Калі хочаце даведацца падрабязней, чаму мяне нясе ў Эквадор, і пра мой праект па зборы сродкаў, глядзіце відэа і пераходзьце па спасылцы.

З Амерыкі Паўднёвай у Паўночную

Пасля майго gap year я паеду на бакалаўрыят ў Bennington College у Верманце, штаце зялёных гор, дзе спадзяюся знайсці больш нефармальны падыход да навучання і магчымасці самакіруемай адукацыі. Мой працэс паступлення туды падтрымлівала праграма амбасады ЗША ў Беларусі Opportunity Program. Яна створаная, каб падтрымліваць беларусаў, якія паступаюць у Амерыку, але не здольныя пакрыць выдаткі на працэс падачы дакументаў. Праграма пакрывае кошты на TOEFL і іншыя стандартызаваныя тэсты, зборы пры падачы дакументаў ды іншае.

Зрабіць першую кардынальную змену ў сваёй адукацыі – гэта як выйсці з дому, калі хочаш аб’ехаць вакол свету – крок цяжкі, але без яго падарожжа не пачнецца. Калі нарэшце першы крок зроблены (а ў маім выпадку гэта быў Ліцэй), адно пачынае чапляецца за іншае, на шляху сустракаюцца спагадлівыя людзі і абставіны складваюцца на тваю карысць.

Каровы гуляюць паўсюль

Што тычыцца мяне, то згадайце гісторыю Адысея: яго падарожжа заканчваецца, калі пасля доўгага бадзяння па свеце ён прыходзіць дадому на сваю родную выспу Ітаке. Хочацца верыць, што я гэтак жа, у рэшце рэшт, вярнуся дадому з ведамі, якія можна будзе прымяняць на практыцы.