Падарожжа праз адукацыю ці адукацыя праз падарожжа?
- 11.03.2016
- Блог
- Здымкі: Таццяна Кавалёнак
У 2005 годзе я ўпершыню адправілся за “сапраўдную” мяжу, то бок за такую, куды была патрэбна віза і дзе размаўлялі на зусім замежнай мове – на нямецкай. Гэта была мая першая дальняя і адначасова адукацыйная паездка па школьным абмене. І вось тады, яшчэ вучаніцай, я незнарок вывела сваю асабістую формулу лепшага падарожжа: новая краіна + адукацыя = неверагодная паездка. Як і любая формула, яна працуе заўсёды, без выключэнняў, але як запусціць гэты працэс? Спрабуем разабрацца.
З той школьнай паездкі паспела прайсці многа зім, а я – наведаць больш за 20 краінаў свету. Даволі хутка зразумела, што звычайныя паездкі ў стылі “ўсё ўключана” ці моладзевые падарожжы а-ля “Еўратур” – кароткатэрміновыя варыянты, і трэба прыдумаць нешта такое, што напоўніць паездкі новым сэнсам і зробіць іх больш карыснымі для мне нават пасля сканчэння. І гэтым сэнсам для мяне стала адукацыя! То бок асноўным стымулам для падарожжа стала не краіна і не магчымасць нешта паглядзець, а менавіта тыя веды, навыкі і знаёмства, якія я магла забіраць з сабой. Усё гэта цяжка ацаніць у будзь-якой валюце, таму што ўсё, што зменіцца ўнутры апасля, – бескаштоўна.
Асноўнае пытанне, якое мне даволі часта даводзіцца чуць: “А як гэта ў цябе так атрымоўваецца?”. Звычайны адказ”Вельмі проста!” людзей не задавальняе, але ж гэта сапраўды проста, калі ёсць як мінімум 3 сакрэтныя інгрыдыенты: жаданне, шпаркі розум і невялічкі досвед. Прашу адзначыць, што грошы тут не фігуруюць, то бок гэта не самая вялікая праблема. А што тады праблема? Паспрабую растлумачыць.
Наша жыццё поўніцца магчымасцямі. Гэты ўжо крылаты выраз многія чуюць з самага дзяцінства. За вакном 21 стагоддзе, у якім тое, што нельга знайсці ў гугле, верагодна, проста не існуе. Таму вельмі лагічна пачынаць пошук адукацыйна-падарожных магчымасцей менавіта з гэтага агульнавядомага рэсурсу. Тут уключаецца адразу два сакрэтныя інгрыдыенты: жаданне і шпаркі розум. Калі яны абодва працуюць на 100%, то, верагодней за ўсё, на вас адразу зваліцца міліён прапаноў на тых ці іншых умовах, і вось тады прыходзіць разуменне, што насамрэч самая вялікая праблема – гэта не проста знайсці магчымасць, а знайсці менавіта такую, якая будзе адпавядаць усім вашым адукацыйным, прафесійным, асабістым і фінансавым жаданням. Вашы самыя-самыя жаданні важна вызначыць менавіта на першым этапе пошуку, бо без гэтага разумення можна даволі доўга барахтацца ў моры магчымасцяў і не мець крытэраў адбору, а ў пэўны момант нават кінуць ці выбраць “наабум”. Такіх “наабумаўцаў” бачна здалёк на адукацыйных мерапрыемствах: яны не удзельнічаюць у большасці актыўнасцей днём, пераважна з’яўляюцца ўначы і маюць абыякавы выраз твару, які як бы гаворыць: “Ох, і зачэм я толькі сюды прыехаў…” Атрымоўваецца, што мы губляем час адзін аднаго і часта кідаем у трубу грошы падаткаплацельшчыкаў. Яно нам трэба – так марнаваць сваю карму? Канешне, не. Таму вызначаемся з напрамкам мерапрыемства: месяц валанцёрскай працы па выратаванні чарапах, трэнінг па сацыяльным прадпрымальніцтве ці, магчыма, работа з творчай моладдзю? Паверце, на кожнае ваша жаданне знойдзецца магчымасць і без спецыяльных інструментаў. Гугл ведае ўсё – гэта адзіны дастатковы і неабходны рэсурс:)
З двума сакрэтнымі інгрыдыентамі мы разабраліся, застаўся яшчэ адзін – вопыт. На мой погляд, у гэтым пункце таксама можна выразна адчуць, з якім матывам і настроем мы збіраемся ў падарожжа. Звычайна прафесійныя праграмы патрабуюць ад патэнцыйных удзельнікаў наяўнасць рэлеватнага вопыту. Тут не ідзе гаворка пра той вопыт, які вам спатрэбіцца на працы. Тут усё трошкі больш гібка: перш за ўсё ўласны досвед павінен гаварыць пра вас як пра актыўнага ўдзельніка грамадскага жыцця ў вашай мясцовасці, а ўжо потым было б добра, каб гэты грамадскі вопыт пераклікаўся з тэмай мерапрыемства. Вопыт знайсці магчыма толькі адным спосабам – сапраўды папрацаваць. Таму са свайго боку я рэкамендавала б як мінімум запаралеліць два працэсы: пошукавы і працоўны, а калі ёсць магчымасць – адразу пачаць працаваць у блізкай да сэрцу грамадскай ініцыятыве. Дзе іх шукаць, гэтыя ініцыятывы, мы ўжо ведаем – гугл нам у дапамогу (і рассылка Адукацыі). Нават цяжка ўявіць, якія цікавосткі можна знайсці праз дарогу ад свайго дома!
Як бачна, асноўна валюта, якая функцыянуе ў гэтым асяроддзі, – час і ўнутраная матывацыя. Час спатрэбіцца, каб знайсці магчымасць, каб атрымаць вопыт, а матывацыя – каб давесці ўсё гэта да канца.
Вось, падаецца, мы раскрылі ўсе невялічкія сакрэты. Каб падсумаваць, адзначу толькі, што, на мой погляд, ва ўсім гэтым працэсе галоўнае – праактыўнасць. Пакуль нам добра сядзіцца на адным месцы – нічога не будзе, пакуль мы чакаем, што хтосьці прыйдзе і возьме нас за руку – нічога не будзе, пакуль на твары няма цікавасці – нічога не зменіцца. Тут няма ніякага чараўніцтва – гэта робяць людзі, якія ездзяць з вамі ў метро і купляюць у краме малако. Змаглі яны, атрымаецца і ў вас. Пытанне толькі ў тым, ці жадаеце вы замест новых магніцікаў на халадзільнік прывозіць новыя веды і вопыт, якія стануць яшчэ адной цаглінкай у будаўніцтве вашага светапогляду. Адказ за вамі!