Падарожжа ў гісторыкі: як я збірала сваю магістарскую па ўсёй Маскве


Для чалавека, не знаёмага з палявымі ўмовамі, праца гісторыка здаецца рамяством лайдакоў-інтэлектуалаў. Што там такога: кніжкі чытаць ды старыя фотакарткі каментаваць загробным голасам Эдварда Радзінскага. Але насамрэч усё куды складаней.  Практычная частка пераважна канцэнтруецца на працы з дакументамі, і тут чытанне кніг не вельмі дапаможа: разуменне архівістыкі, праца з каталогамі і фондамі – гэта маст-ноу любога гісторыка. А які з мяне гісторык?! За два гады не станеш прафесіяналам толькі праз лекцыі і дыскусіі на семінарах, але пісаць магістарскую трэба, таму, звярнуўшыся да любімага спосабу навучання праз дзеянне, я запакавала невялікі заплечнік і паспяшался паўтарыць вядомае падарожжа “З Пецярбурга ў Маскву”.

Масква, станцыя метро “Белорусская”

Зараз, канешне, такое падарожжа займае куды менш часу і абяцае куды менш прыгод. Хуткасны “Сапсан” да Ленінградскага вакзалу, 4 гадзіны – і ты на месцы.

Потым яшчэ паўтары гадзіны – і я ў інтэрнаце маскоўскай “Вышкі”. Плюсаў навучання ў філіялах не так шмат, але вось такі лайфхак: калі вам патрэбна месца начоўкі на тыдзень-другі, то заўсёды можна скарыстацца “роднаснымі каранямі” ўніверсітэтаў і пражыць у Падмаскоўі тыдзень з разліку 50 еўрацэнтаў на дзень пражывання. Канешне, да гэтай сумы злёгку дадаюцца выдаткі на праезд і харчаванне (галоўны інтэрнат знаходзіцца ў Адзінцова, гэта дзесьці паўтары гадзіны ад цэнтру), але гэта не благая эканомія для студэнта.

Від з вакна студэнцкай вёскі НДУ Вышэйшая Школа Эканомікі, Масква

Прыгоды пачаліся з архіваў: дзякуючы старонняй дапамозе і бясконцаму цярпенню, я навучылася даваць рады каталогам і электронным даведнікам усяго за дзень, але гэта быў толькі пачатак. Архіўныя дакументы ў Расіі належаць не нейкаму зарганізаванаму цэнтральнаму архіву, як гэта, напрыклад ў Францыі ці ў Брытаніі. Яны раскіданыя па ведамствах і цэнтрах, па навуковых архівах і архівах розных эпох. У гэтай сітуацыі збор усёй неабходная інфармацыі за тыдзень – лагістычная шарада, вартая Шэрлака. Па-першае, кожнаму, хто хоча працаваць у пэўным архіве, павінны прадставіць спецыяльны ліст з навучальнай ці даследчай установы. Гэты дакумент для кожнага архіву складаецца асобна і павінен быць прадстаўны для разгляду мінімум за 3 дні да пачатку працы. Дзякуй Богу, што зараз амаль ўсе архівы дазваляюць высылаць электронныя копіі! Таксама ёсць архівы, якія працуюць для наведвання толькі 2-3 дні на тыдзень. Такім чынам, прыехаўшы ў два архівы, я зразумела, што некаторыя патрэбныя мне матэрыялы знаходзяцца ў іншых фондах, што патрабуе дадатковых лістоў!

Карацей, планы мяняліся ў палёце, дакументы прыходзілася “выклікаць” з Піцеру праз электронную пошту і трансфармаваць ў арыгінал з дапамогай каляровага прынтару, але праз тыдзень перабежак, пераездаў і зусім немагчымых камбінацый з часам і месцамі, я зразумела, што праца з архівамі – гэта нявыдадзеная серыя Нэнсі Дру! Колькі шарад трэба разгадаць, каб расшыфраваць напісаныя рукою тэксты, паштоўкі і паметкі на палях тоўстых працоўных сшыткаў. Толькі адзін стэрэатып падцвердзіўся: з архівамі працуюць людзі, бясконца адданыя сваёй справе, захапленыя сваімі тэмамі настолькі, што ўсе гэтыя складанасці проста знікаюць з далягляду.

Праз тыдзень на маіх руках былі патрэбныя дакументы, цэнтнер папяровага пылу і адна маленькая паштоўка, напісаная акадэміку Андрэю Сахараву ў 1975 годзе. Яна не стане краевугольным камнем майго даследавання, але гэта быў самы лепшы дакумент калекцыі за ўсе дні маёй працы ў архіве.

Паштоўка да Андрэя Сахарава з Мінску, 1975 год