Падарожжа ў Польшчу: як жаданне вучыцца перемагло ляноту
- Час чытання: 5 хвілін
Аляксей Бурак нагадаў мне і падцвердзіў словы Калвіна Куліджа, аднаго з прэзідэнтаў ЗША: “Толькі ўпартасць і мэтанакіраванасць ўсемагутныя”.
Хлапец, які пару тыдняў таму скончыў магістратуру ў Польшчы, на выдатна абараніў дыплом і пасля пяці гадоў насычанага жыцця ў Вроцлаве вярнуўся ў родны Мінск, распавядае: аснова яго, дый любога поспеху – гэта моцнае жаданне і неверагодная настойлівасць. Хоць без ляноты не абыйшлося. Пра ваяжы па Польшчы, вучобу, захапленні музыкай, спевы ў пратэстанцкай групе і шмат іншае Аляксей падзяліўся ў інтэрв’ю для Adukacyja.info.
Ты адзін з тых нямногіх, у каго лёгка спалучаюцца матэматычныя здольнасці і творчасць. Здаецца, у цябе было шмат варыянтаў на каго вучыцца: журналіст, музыкант. Але чаму ўсё ж эканаміст?
Маёй дзіцячай марай было стаць музыкам. Для гэтага трэба было вучыцца ў музычнай, але сальфеджыа давалася мне складана. Тады ў мяне ўжо спеў план паехаць у Польшчу, аднак займацца і вучыцца музыцы на польскай мове было б яшчэ складаней. Да таго ж бацькі былі супраць, таму што перспектывы ад музычнай адукацыі былі невялікія, таму я паступіў у Вроцлаў, Wroclaw University of Economics, а займацца журналістыкай там не атрымалася. Гэта быў мой мэтанакіраваны выбар, універсітэт падказалі знаёмыя.
Першы семестр, памятаю, правёў за падручнікамі, затое за добрую вучобу атрымаў права на бясплатную адукацыю.
Якія дакументы трэба было збіраць і якія экзамены здаваць?
Экзаменаў абсалютна ніякіх. Прымаюць туды па атэстаце, які трэба было перавесці на польскую мову. Папярэдне бал пералічваюць па польскай сістэме, калі яго дастаткова – цябе дапускаюць на вучобу, калі не – трэба здаваць экзамены або праходзіць адаптацыйны перыяд. На той момант я паступаў без ведання польскай мовы, але з часам вывучыў. У польскіх універсітэтах не патрабуецца здача экзаменаў, калі толькі ты не ідзеш у некаторыя варшаўскія дзяржаўныя вышэйшыя ўстановы, там гэта трэба. Спатрэбіўся толькі атэстат аб сярэдняй адукацыі – арыгінал і копія, электронная версія дзвюх фотаздымкаў, ксеракопія карты паляка, калі яна ёсць, ксеракопія дазволу на пасяленне, медыцынская даведка, заява на тое, што вы маеце сродкі на пражыванне падчас навучання.
Як лічыш: са стыпендыяй табе пашанцавала ці вучыцца бясплатна рэальна?
Абсалютна ніякага шанцавання. Калі ты вучышся па карце паляка, то вучыцца бясплатна лёгка, але яшчэ вельмі важна жаданне гэтага дасягнуць.
Ці прадастаўляецца студэнтам жыллё?
Вядома, так. Галоўны крытэр: адлегласць ад інтэрната да ўніверсітэта. Замежным студэнтам жыллё даецца адразу. Ёсць тры розныя інтэрнаты. На Еўра 2012 была адрэстаўраваная адна частка, у якой я жыў 5 гадоў, у другой частцы былі двухмесныя і трохмесныя пакоі, у блоку адзін душ і агульная кухня на паверх. У маёй частцы была кампактная “кватэра”, зараз адрэстаўравалі яшчэ адну частку і там ужо з’явіліся аднамесныя пакоі. Атрымаць інтэрнат зусім не праблема, нават калі б не было месцаў тут, табе б далі пакой у іншым. Суседзі бываюць розныя: беларусы, гішпанцы, украінцы, палякі, афраамерыканцы, з усімі складваюцца добрыя стасункі.
Якія парады можаш даць, каб хутка засвоіць польскую?
У мяне сваё разуменне зазубрывання мовы: як мага больш практыкавацца, тым больш мова падобна з нашай. Спачатку складана зразумець, як на ёй правільна размаўляць, але потым усё атрымоўваецца. Калі не старацца і не вучыць мінімум, то можна лёгка выляцець. У мяне не было страху, што мяне могуць выгнаць з універсітэта, таму што я ведаў: польская адукацыя прапануе шмат варыянтаў, і гэта мне падабаецца.ё
У беларускай вну ты не вучыўся. Але, можа, заўважыў розніцу паміж нашым выкладаннем і польскім, нават у школьнай адукацыі?
Канкрэтных адрозненняў назваць не магу, але скажу: у нас сістэма скіравана на кааператыў, у Польшчы – на індывідуальныя поспехі. Хочацца адзначыць, што там няма бар’ера паміж выкладчыкам і студэнтам.
Якія твае якасці дапамаглі табе паступіць, а якія заміналі?
Безумоўна, жаданне падаць дакументы і вучыцца перамаглі маю ляноту, якая і цяпер ёсць, але я ўжо ўмею з ёй змагацца. Можа быць, нейкі час мне замінала залішняя сарамлівасць, але і з ёй я справіўся. А яшчэ ў мяне проста не было выбару, таму што ў Беларусі ЦТ я здаў сярэдне, было два варыянты: вучыцца ў Беларусі платна ці ў Польшчы бясплатна. Абраў другі вырыянт і пра гэта зусім не шкадую, лічу, што ўвогуле ў жыцці ні пра што шкадаваць нельга.
Якія былі першыя ўражанні пасля прыезду ў Польшчу?
Я не магу сказаць, што прыехаў туды – і ўсё адразу апраўдалася. Першы час усе падавалася чужым і іншым, кожны дзень трэба было пражываць па-новаму. Адаптавацыя праходзіла цяжка, першы семестр я і мой аднакласнік правялі ў ізаляцыі, прысвяцілі сябе вучобе, разам глядзелі фільмы, хадзілі есці. Першыя месяцы чатыры толькі з гэтага складалася наша жыццё. Далей усё было прасцей, таму што была мова на ўзроўні, новыя кантакты, з’явілася жаданне рабіць далей.
Ці сфарміравалася ў цябе меркаванне аб краіне і паляках?
Палякі вельмі розныя. Я быў у многіх польскіх гарадах, і паўсюль людзі розныя: на Балтыцы спакойныя, у Варшаве блізкія да мінчукоў: хочуць зарабіць шмат грошай, усе ведаюць сабе кошт, але канкурэнцыя вельмі вялікая. У Вроцлаве, Кракаве атмасфера зусім іншая: святочная з-за пастаяннага наплыву студэнтаў, замежных работнікаў і турыстаў.
Якімі былі б твае дзеянні, калі б ты прыехаў і расчараваўся ў сваіх чаканнях?
Шукаў бы варыянты ў Польшче, падладжваўся пад сітуацыю. Думаю, што вучыўся б, але меў бы думку, што трэба ехаць кудысьці далей, нешта мяняць. Не шкадую, што атрымаў адукацыю там.
Магістратура скончана, дыплом абаронены. Што далей?
Зараз я вярнуўся ў Беларусь, назаўсёды або… не ведаю. Уладкоўваюся працаваць у добрую фірму эканамістам. Пакуль усё добра, а далей паглядзім.
Навошта пайшоў на магістратуру?
Скончаная магістратура – гэта абавязковая ўмова пры прыёме на працу ў Еўропе. Наймальнік шукае добрага і стабільнага супрацоўніка.
Што варта паглядзець у Польшчы, на тваю думку?
Вроцлаў – надзвычайны горад, ён добра захаваўся пасля вайны. У ім пастаянна нешта адбываецца: у 2012 годзе – Еўра, у 2016 годзе Вроцлов стаў культурнай сталіцай, зараз ідуць World Games, спаборніцтвы па пазаалімпійскіх дысцыплінах.
На працягу ўсёй вучобы ў цябе была справа для душы. Раскажы, як пачаў захапляцца музыкай, а потым спяваць.
Музыку я даўно ўжо не пішу, спяваў у хоры цягам двух гадоў, іграю на гітары. Зараз прыйшлося развітацца з хорам: вярнуўся ў Беларусь. У школьныя часы ў мяне была свая група, створаная дзякуючы майму настаўніку, ён арганізаваў нам пляцоўку для рэпетыцый у Самахвалавічах. Мы выступалі, удзельнічалі ў розных абласных конкурсах, але, на жаль, з-за таго, што я з’ехаў, гурт распаўся. Жаданне аднавіць было, але я быў далёка. Каб не забываць музыку, я іграў у пратэстанцкай царкве, але неўзабаве сышоў, таму што ў ёй моцна канцэнтруюцца на адным жанры, стылі, гармоніі, і я зразумеў: ніякага развіцця няма. Іх місія – распаўсюджванне сваёй рэлігіі, а не стварэнне, вывучэнне музыкі.
Якія былі самыя стромкія і запамінальныя моманты ў Польшчы?
Наведванне буйных гарадоў, падарожжа з хорам, паездка ў Італію на музычны конкурс, дні нараджэння, канцэрты, фестывалі, пабы, начныя шпацыры. У мяне ёсць знаёмая ў Польшчы, якая мне вельмі дапамагала. Яна цяпер ужо на пенсіі і, калі б я зараз быў у Польшчы, то прыйшоў бы да яе ў госці.
Вечарамі сумаваў па сям’і?
Я заўсёды сумаваў па сям’і, таму вярнуўся.
Калі б ты пачаў пісаць кнігу пра сябе і пра сваё жыццё, якая назва ў яе была бы?
Сто адсоткаў назваў бы яе “5 гадоў жыцця ў Польшчы, ці Як я пасталеў”.
Даведацца больш пра Вроцлаўскі эканамічны ўніверсітэт можна на сайце www.ue.wroc.pl.