Паміж Варшавай, Лонданам і Тайбэем
Хтосьці доўга разважае, ці варта паўдзельнічаць у нейкім праекце або здабыць досвед навучання за мяжой, а для кагосьці адукацыя – насамрэч стыль жыцця. Знаёмцеся, Алесь Аляхновіч – скончыў магістратуру ў Лонданскай школе эканомікі і Варшаўскай школе эканомікі, вывучаў менеджмент у Нацыянальным тайваньскім універсітэце. Раней працаваў у Нацыянальным банку Польшчы і кансалтынгавай кампаніі McKinsey, а цяпер з’яўляецца аспірантам Варшаўскай школы эканомікі і віцэ-прэзідэнтам даследчыцкага цэнтру CASE Belarus.
Адкуль растуць ногі: пра матывацыю і выбар універсітэтаў
Будучы яшчэ падлеткам, я зразумеў, што самае лепшае, што я магу зрабіць для Беларусі – гэта вывучыцца, назбіраць досвед і вярнуцца, каб будаваць добрую і разумную краіну. Я прывык думаць, што беларусы павінны годна прадстаўляць сваю краіну за мяжою: я не мог дазволіць сабе вучыцца ці рабіць што-небудзь абы-як, на кожным этапе свайго развіцця я намагаўся выдзеліцца і даказаць, што беларусы вельмі таленавітыя і працавітыя. Гэта была вельмі эфектыўная матывацыя.
Апроч узгаданай вышэй унутранай матывацыі, маё імкненне да вучобы стымулявала спрыяльнае да навукі асяроддзе. Спачатку вялікі ўплыў на гэта мелі мае бацькі, якія выбралі для мяне добрую пачатковую і сярэднюю школу, а потым заўсёды дапамагалі і падтрымлівалі мяне.
Эканомікай я зацікавіўся яшчэ ў школе, таму што лічыў, што дзякуючы паляпшэнню эканамічных стандартаў можна вырашыць не толькі сацыяльныя праблемы, але таксама культурныя і палітычныя. Стварыць такія ўмовы, каб беларусы не мусілі з’яжджаць са сваёй краіны ў пошуках лепшага, а маглі развівацца ў сябе дома. Каб беларусы не лічылі сябе ў чымсьці горшымі ад сваіх суседзяў, а пачалі сябе паважаць.
Тры краіны, тры установы адукацыі: як гэта было?
Вышэйшую адукацыю я атрымліваў у Варшаўскай школе эканомікі (SGH), Нацыянальным тайваньскім універсітэце (NTU) і Лонданскай школе эканомікі (LSE). Кожная вучэльня і кожная краіна мае свае асаблівасці, свае плюсы і мінусы.
Напрыклад, LSE лічыцца найлепшай эканамічнай вучэльняй у Еўропе. Невыпадкова, узровень адукацыі ў LSE быў на галаву вышэйшы, чым у астатніх даволі нядрэнных вучэльнях. Праграма навучання на гадавой магістратуры была вельмі інтэнсіўная, таму часу на студэнцкае жыццё заставалася зусім мала. Большасць часу трэба было праводзіць у бібліятэцы.
Затое ў SGH, якая з’ўяляецца найлепшай эканамічнай установай у Польшчы, я мог здабываць больш практычныя веды. Напрыклад, кіраўніком маёй бакалаўрскай ды магістарскай працы быў прафесар Лешэк Бальцэровіч, міністр фінансаў і кіраўнік Нацыянальнага банку Польшчы, аўтар пакета структурных рэформаў эканомікі на пачатку 90-ых.
У сваю чаргу побыт на Тайвані мне запомніўся больш духоўным развіццём, бо там я меў найбольш часу, каб засяродзіцца на сабе. Пры гэтым краіна, адзін з гэтак званых “азіяцкіх тыграў”, выклікала ў мяне асаблівую павагу. Фактычна, будова Рэспублікі Кітай на Тайвані пачалася ў 1949 г., калі нацыянальныя сілы Рэспублікі прайгралі камуністам грамадзянскую вайну. Яны вырашылі пакінуць кантынентальны Кітай і будаваць сваю краіну на невялікім востраве. Нягледзячы на ўсе неспрыяльныя ўмовы, на працягу апошніх 66 гадоў яны стварылі адну з самых багатых краін у свеце. Таму калі мне хтосьці кажа, што беларусы не здольныя пабудаваць багатую краіну, бо ў нас дрэнныя стартавыя ўмовы, я ўзгадваю Тайвань. На працягу двух пакаленняў на пустым месцы раптам паўстала эканамічна перадавая краіна, якая здолела абараніць сваю незалежнасць.
- Падчас градуацыі ў SGH
- Мемарыяльны комплекс у гонар Чан Кайшы, кіраўніка Кітайскай рэспублікі ў 1928-1975
- Падчас градуацыі ў SGH
- ІІІ Статут ВКЛ у беларускай бібліятэцы (“Скарынаўка”) ў Лондане
Здабытыя каштоўнасці, даражэйшыя за дыплом
Самай незабыўнай і інспіруючай падзеяй навуковага працэсу была дзейнасць у студэнцкім руху, які вельмі развіты ў заходніх вучэльнях. Сістэма навуковых колаў і студэнцкіх арганізацыяў стварае ўмовы дзеля паглыблення сваіх зацікаўленняў у навуцы, бізнэсе, спорце, модзе, падарожжах, парламенцкіх дэбатах, ці яшчэ чым-небудзь.
У адным з такіх навуковых колаў я “правёў” некалькі студэнцкіх гадоў. Для мяне гэта была альтэрнатыўная сістэма адукацыі, камплементарная да таго, што я меў на занятках. Вынікі нашых праектаў былі настолькі прыстойнымі, што мы маглі імі ганарыцца па-за межамі вучэльні. Напрыклад, эканамічныя прагнозы нашага кола займалі высокія месцы ў ранкінгах Нацбанку Польшчы на найлепшыя эканамічныя прагнозы, а справаздачы з паседжанняў нашага “Ценявога кабінету Рады манетарнай палітыкі” мы дасылалі самой Радзе манетарнай палітыкі. Вы не паверыце, але сам кіраўнік Нацбанку аднойчы камэнтаваў наш рапарт!
Мне падаецца, што прыкладам такога кола ёсць ініцыятыва Adukacyja.info. Мне вельмі падабаецца тое, што вы робіце. У вашай камандзе вельмі добрыя і адукаваныя людзі, якія робяць надзвычай карысную для ўсіх рэч – прасоўваюць веды пра найлепшыя адукацыйныя праграмы для беларускай моладзі. У свой час, я памятаю, сам не адзін раз карыстаўся вашымі парталам. Зычу вам поспеху!
Людзі, з якімі мы крочым па жыцці, маюць на нас велізарны ўплыў. Я дагэтуль утрымліваю кантакт з некаторымі сваімі выкладчыкамі, а яшчэ больш са сваімі студэнцкімі калегамі. Людскія кантакты, бадай, і ёсць самым каштоўным, што засталося. Веды з часам страчваюць сваю актуальнасць, а вось сяброўства можа пратрываць даўжэй.
На “салодкае”: рэцэпт поспеху ад Алеся
- стаўце перад сабой высокія мэты, бо яны будуць вас матываваць і падштурхоўваць да працы. Падавайце дакументы ў самыя прэстыжныя вучэльні. Не бойцеся, беларусы прысутнічаюць у кожнай сусветна вядомай вучэльні. Значыць, і вы можаце. На маю думку, варта выбіраць лепшыя навучальныя ўстановы не таму, што там лепшыя навучальныя праграмы, а таму што ў іх знаходзяцца больш цікавыя і мэтаскіраваныя людзі (вучні/студэнты і настаўнікі/выкладчыкі). А калі ты маеш адносіны з такімі людзьмі, то і сам робішся разумнейшым ці больш патрабавальным да сябе.
- рыхтуйцеся да працэсу набора загадзя. Звычайна ўмовы набору ў замежныя вучэльні выглядаюць даволі падобна (асабістае рэзюмэ, выпіска са школьнымі ды ўніверсітэцкімі адзнакамі, 2-3 рэкамендацыі ад выкладчыкаў, адзін з міжнародных матэматычна-аналітычных іспытаў (GRE ці GMAT), моўны сертыфікат (напр. IELTS, TOEFL), яшчэ можа быць сумоўе ў самой установе). Каб паспяхова падрыхтаваць камплект дакументаў, вам можа спатрэбіцца прынамсі некалькі месяцаў.
- выпрабоўвайце свае сілы і ніколі не паддавайцеся. Магчыма, ў вас не атрымаецца патрапіць у абраную вучэльню ці не атрымаецца з першага разу. Але калі вы не паспрабуеце, вы проста не дасьцё сабе шанцаў!
- падарожнічайце, пакуль навучаецеся. Падарожжы адкрываюць вочы на свет, на іншыя падыходы да навукі, да працы, да жыцця. Яны вучаць талерантнасці, павазе да іншых нацыяў, а таксама лепшаму пазнанню сваёй краіны. Як пісаў паэт, “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”.
P.S.Сёлета я паступіў у аспірантуру, а ў вольны ад вучобы час займаюся публіцыстыкай. Пішу эканамічныя артыкулы для трох інфармацыйных парталаў – па-ангельску, па-польску і па-беларуску. Праз пару гадоў хацеў бы яшчэ паспрабаваць свае сілы на праграме MPA (анг. Master of Public Administration) у адной з топавых школ ЗША. У сённяшнім свеце інвестыцыя ў сваю адукацыю – гэта самая прыбытковая інвестыцыя!