Парады ад Аляксея Лашука

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Чым ты зараз займаешся ў жыцці?

Я – аспірант БДУ, выкладчык факультьтэта міжнародных адносінаў, выкладаю міжнароднае гандлёвае права. Мая спецыялізацыя – міжнароднае бізнэс права. Дысэртацыю пішу па міжнародным падатковым праве.

Дзе ў Еўропе табе давялося павучыцца?

Год у Нямеччыне (Ruhr-Universitat Bochum), паўгады ў Нідэрландах (Asser College Europe), нарэшце скончыў магістратуру ў Цэнтральнаэўрапейскім універсітэце (Central European University) ў Вугоршчыне (2004).

Што табе дала адукацыя за мяжой?

Замежная адукацыя значна, неапісальна пашырае кругагляд. Таксама – гэта магчымасць знайсці новых сяброў, закласці падмурак сваёй міжнароднай сеткі знаёмых.

Чым замежная адукацыя адрозніваецца?

Параўнанне сістэм адукацыі Беларусі і замежных краін з’яўляецца ня толькі цікавай, але і карыснай справай. Цікавая яна з пункту гледжання магчымасці ўбачыць новыя метады выкладання і арганізацыі навучальнага працэсу, а карысная – ў святле рэформы вышэйшай школы, якая адбываецца ў Беларусі зараз. Бадай што найбольш фундаментальным адрозненнем вышэйшай адукацыі ў Беларусі і ў заходніх краінах з’яўляецца прымяненне ў апошніх крэдытнай сістэмы арганізацыі навучальнага працэсу. Правучыўшыся некаторы час у заходніх вышэйшых навучальных установах, я на ўласным досведзе пераканаўся ў эфектыўнасці і значных перавагах крэдытнай сістэмы навучання.

Што такое крэдытная сістэма?

Сутнасць крэдытнай сістэмы арганізацыі навучальнага працэсу ў тым, што перад студэнтамі стаіць задача набраць за навучальны год (семестр, модуль) пэўную суму крэдытаў (заліковых балаў) па прадметах, якія прапануюцца універсітэтам на выбар студэнта. Кожны прадмет мае сваю крэдытную вартасць. Напрыклад, грамадзянскае права мае вартасць 5 крэдытаў, міжнароднае гандлёвае права – 2 крэдыты і г.д., а па выніках году (семестру) трэба набраць суму 24 крэдыты. Такім чынам, студэнт сам выбірае і камбінуе спіс курсаў, якія ён хоча наведваць, галоўнае, каб у канцы навучальнага перыяду ён меў ня менш за патрэбную суму крэдытаў (24 у нашым прыкладзе). За выключэннем двюх-трох абавязковых дысцыплін, усе астатнія прадметы студэнт выбірае сам. Менавіта свабода выбару навучальных дысцыплін ляжыць у аснове некаторых перавагаў крэдытнай сістэмы навучання над традыцыйнай.

Свабода выбару прадметаў дазваляе студэнту самастойна вызначаць, якія курсы ён хоча вывучаць, лічыць патрэбнымі, важнымі з пункту гледжання прафесіі і проста цікавымі. Факт самастойнага выбару курсаў служыць добрым матывацыйным стымулам вучыцца. Калі чалавек сам, а не нехта замест яго, робіць выбар, ён бярэ на сябе адказнасць за гэты выбар. Ён разумее, што вучыцца не таму, што існуе зацверджаная нейкім абстрактным чыноўнікам праграма, а таму, што ён лічыць выбраны прадмет карысным і цікавым. Выбіраючы пэўныя курсы са сваёй прадметнай вобласці, студэнт адначасова робіць і першы выбар сваёй спецыялізацыі ў межах прафесіі. А гэта важны чыннік для пасляўніверсітэцкай прафесійнай дзейнасці, дзе выпускніку ВНУ давядзецца спецыялізавацца ў вузкай прафесійнай вобласці.

Свабода выбару прадметаў фактычна прадугледжвае фармаванне ўласнага раскладу заняткаў. Навык планавання вельмі важны для маладога чалавека, і ня раз спатрэбіцца яму ў жыцці. Акрамя таго, незалежны выбар курсаў гарантуе гнуткасць раскладу. Самастойна камбінуючы курсы студэнт можа ствараць сабе такі графік заняткаў, які дазволіць мець дастаткова часу, каб паралельна атрымоўваць першы працоўны вопыт без шкоды навучальнаму працэсу.

Выбар прадметаў у крэдытнай сістэме не абмежаваны ні па змесце, ні па колькасці. Тэарэтычна можна браць усе прапанаваныя курсы і яшчэ дадаткова некалькі дысцыплін з сумежных спецыяльнасцяў. Аднак практычна студэнту ня хопіць ні часу, ні магчымасцяў каб паспяхова выканаць усе патрабаванні і атрымаць крэдыты. У такой сітуацыі фармуецца важны навык расстаўлення прыярытэтаў і размеркавання сілаў у сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве.

Ты лічыш, што крэдытную сістэму варта прымяняць у Беларусі?

Улічваючы вышэйзгаданыя перавагі, можна сцвярджаць, што крэдытная сістэма дазваляе больш паспяхова дасягнуць такую мэту вышэйшай адукацыі, як фармаванне асобы, гатовай ўключыцца ў прафесійную дзейнасць на карысць грамадства. Зразумела, што на некаторых навуковых спецыяльнасцях (напрыклад, у медыцыне, у натуральных навуках) свабода выбару студэнтам прадмету навучання павінна быць абмежаваная, але ў гуманітарных спецыяльнасцях прымяненне крэдытнай сістэмы можа толькі вітацца.

Неабходна заўважыць, што ва ўмовах Беларусі патэнцыйны пераход да крэдытнай сістэмы можа выклікаць значныя цяжкасці, звязаныя з тым, што наша сістэма адукацыі пабудаваная на традыцыйнай аснове і спатрэбіцца працаёмкі перагляд вучэбных праграм. Аднак я перакананы, што некаторыя элементы крэдытнай сістэмы мэтазгодна ўводзіць ужо зараз. Напрыклад, у кожным семестры замест двух абавязковых агульнагуманітарных прадметаў можна прадугледзець спіс з шасці курсаў, два з якіх студэнт абавязкова павінны выбраць і здаць. Нават такі абмежаваны, але свабодны выбар прадметаў прадэманструе перавагі крэдытнай сістэмы і дасць студэнтам карысныя навыкі, згаданыя вышэй.

Як адукацыя за мяжой паўплывала на тваё далейшае жыццё?

У першую чаргу навучанне за мяжой мяняе твой светапогляд. Ты пачынаеш разумець, што рэальнасць у тваёй краіне – не адзіная магчымая, існуюць і іншыя. Рэчаіснасць варта ацэньваць звонку. Замежнае навучанне дазваляе бачыць жыццё з іншай перспектвы.

Якія яшчэ плюсы замежнай адукацыі ты бы вылучыў?

З практычнага пункту гледжання, замежная ступень магістра ў вачах працадаўцы надае вашаму рэзюмэ дадаковую вартасць, яна сведчыць пра эксклюзіўныя веды і навыкі. Гэта конкурсная перавага, адназначны плюс, асабліва пры ўладкаванні ў прыватныя фірмы.

Акрамя таго, навучанне ў замежнай краіне – гэта яшчэ і добры вопыт самаарганізацыі, планавання.

Ці трэба вяртацца ў Беларусь?

Вяртацца трэба, бо там ты ніколі не дасягнеш таго, што можаш зрабіць тут. Там ты застаешся іншаземцам, нават валодаючы замежнай мовай.