З Берасця ў Лісабон: “Цяпер словы “мара” і “мэта” для мяне – сінонімы”


Кажуць, што семестры па абмене здараюцца толькі са студэнтамі мінскіх універаў. Лухту кажуць, мусім вам прызнацца. Пакуль крыху пагардлівы Мінск лічыць сябе цэнтрам беларускага мікрасусвету, у Берасці, Гародні і Магілёве таксама віруе жыццё. Ездзіць па свеце, вучыцца, марыць ды імкнецца да амбітных мэтаў.

Adukacyja пагутарыла з выпускніцай Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Кацярынай Варфаламеевай пра незабыўны семестр у Партугаліі, вяртанне дадому, паступленне ў Мельбурн і праўду жыцця: усё здараецца роўна ў той момант, калі табе гэта патрэбна.

14991193_1295929400439137_5001713630874480905_o

Кажуць, што Эразмус-жыцця і семестраў па абмене за мяжой не існуе, калі ты не студэнт мінскай ВНУ. Твая гісторыя сцвярджае адваротнае. Каця, як ты знайшла магчымасць паехаць вучыцца ў Партугалію?

На жаль, сапраўды, для беларускіх студэнтаў, асабліва з рэгіянальных ВНУ, Эразмус і наогул вучоба за мяжой хутчэй выключэнне і ўдача, чым звыклая з’ява. З першага курсу ва ўніверсітэце адной з маіх мараў было навучанне па абмене. Спачатку я ўдзельнічала ў разнастайных кароткатэрміновых летніх школах у Еўропе. Там сустрэла шмат новых, цікавых людзей, якія распавядалі пра свой досвед. Самае галоўнае, што я зразумела, – трэба гугліць. Вельмі многа і часта. Праект, у якім я ўдзельнічала, быў арганізаваны Партугальскім універсітэтам. Мой Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт таксама у ім удзельнічаў. Гэтую інфармацыю я выпадкова знайшла на сайце ўніверсітэта. Выпадкова, таму што ва ўніверы нас ніяк не інфарміравалі і нічога не распавядалі.

15025531_1295943650437712_8712784154036364182_o

Ты, наколькі мне вядома, змагла выйграць грант толькі з другой спробы. Якіх памылак пры падачы заяўкі ты змагла пазбегнуць у другі раз?

Так, у першы год мне адмовілі. А вось у другі раз ажно два праекты абралі маю заяўку. Нельга казаць, что я зрабіла нейкія недазваляльныя памылкі. Шчыра кажучы, у другі раз я дасылала тыя ж самыя дакументы – нічога не выпраўляла, яны былі на дастатковым ўзроўні. Я ўжо ведала, як гэта, калі адмаўляюць, і таму ставілася прасцей да сітуацыі. Адзінае, я даслала яшчэ партфоліа і розныя граматы. Але ж, падаецца, справа была не ў гэтым. Я ведала, каго абралі ў першы і другі год, таму лічу, что вылучэнне заявак, асабліва на такія праграмы, як Эразмус, – гэта ў вялікай ступені латарэя. Ва ўсялякім выпадку, у маім універы.

З чаго складаецца навучанне інжынераў/архітэктараў у Партугаліі?

Большая частка прадметаў падобна да нашай беларускай праграмы. І гэта зразумела – неабходная база ведаў для архітэктараў ва ўсім свеце адзіная. Але ж трэба адзначыць, што праграма складаецца толькі з прадметаў, якія маюць дачыненне менавіта да спецыяльнасці. Архітэктары не вывучаюць філасофію ці гісторыю вайны, як у нашых ВНУ. Такім чынам, заняткаў на тыдзень менш, але ж веды больш паглыбленыя і неабходныя для реальнага праектавання. Большую частку пар складаюць практычныя заняткі, лекцый атрымліваецца каля 3-4 на тыдзень. І самае галоўнае – субота заўжды вольная.

14940174_1295917423773668_8284775988910177555_o

Наколькі моцна ці, можа, не вельмі адрозніваюцца адукацыйныя сістэмы Беларусі і Партугаліі, падыходы да навучання?

Вельмі моцна. Якраз у адукацыйнай сістэме і падыходах да навучання нічога падобнага няма. Па-першае, прафесары. Кожны займаецца пэўнай прафесійнай дзейнасцю і дадаткова выкладае ва ўніверсітэце. Няма такога, каб нехта з выкладчыкаў не меў практычнага і рэальнага дачынення да таго, што ён распадае, чаму вучыць студэнтаў. За кошт гэтага прафесары больш дэмакратычныя і адкрытыя да дыялогу. Да студэнтаў яны ставяцца як да калегі, у якога ёсць свой погляд. Увогуле, падыход да навучання пабудаваны такім чынам, каб не прыгнятаць ні студэнта, ні прафесара: няма званкоў з і на “ўрок”, няма строгай дысцыпліны наконт пропускаў, можна піць каву менавіта на занятках, усе лабараторыі заўсёды адчынены і даступны для кожнага. Карацей кажучы, я адкрыла для сябе, што ва ўніверсітэт можна хадзіць з задавальненнем.

Якія заняткі былі тваімі любімымі? Чаму?

Паколькі я была студэнткай па абмене, у мяне была магчымасць выбіраць любыя заняткі. Таму я абрала некалькі прадметаў па архітэктуры, графічны дызайн, моду і фатаграфію. Больш за ўсе мне спадабалася аналагавая фатаграфія – яна была маім хобі заўсёды. І для мяне было сапраўдным шчасцем, калі хобі можна было вывучаць прафесійна і з доступам да усіх неабходных хімічных лабараторый і студый.

14976674_1295917400440337_599279039221054645_o

Як мясцовыя студэнты ставяцца да сваёй вучобы?

Мне падаецца, что партугальскія студэнты ставяцца больш усвядомлена і адказна. За кошт таго, што адукацыйная сістэма іх не прыгнятае, у іх ёсць час і магчымасць выразіць сябе у тым, што яны робяць і вывучаюць.

І увогуле, яны больш рэфлексуюць, разважаюць, ШТО яны робяць і дзеля чаго.

Ці лёгка табе было наладзіць кантакты з іншымі студэнтамі? За кошт чаго?

Так, вельмі лёгка. Па-першае, партугальцы вельмі адкрытыя. Наогул, замежнікаў там дастаткова шмат, таму мы для іх не экзотыка. Па-другое, я сама імкнулася знаёміцца з мясцовымі: мне вельмі спадабалася іх мова і культура.

15016165_1295942313771179_3891271752807627962_o

Апішы, калі ласка, пазастудэнцкае жыццё дзяўчыны, якая прыехала вучыцца па абмене.

Здаецца, гэта самая вясёлая частка. Адным з галоўных пунктаў для мяне былі падарожжы. За год я аб’ездзіла паў-Партугаліі, яе востравы і пяць новых краін. А колькі новых гарадоў убачыла, нават і палічыць немагчыма ўжо! Мне здаецца, партугальцы – адзін з самых “тусовачных” народаў, таму розныя карнавалы – вельмі звыклая з’ява. Яшчэ адзіны must-do – гэта сёрфінг. Аднойчы пасрабаваўшы яго, пачынаеш любіць назаўсёды. Гэта можна сказаць і пра Партугалію ў цэлым.

14976700_1295917687106975_5328793188100942232_o

Якія моманты з вучобы ў Партугаліі цябе ўразілі, моцна і на ўсё жыццё? 

Найбольш уразіла тое, што вучоба – гэта не самае галоўнае. Трэба памятаць пра жыццё, жыць і рабіць усё з задавальненнем. І вучыцца таксама.

14976446_1295944640437613_6655195263603175631_o

Так выглядаў штодзённы бегавы маршрут Каці.

З якім настроем ты вярнулася дадому? Чаго табе пасля яе хацелася? Як ты сябе паводзіла?

Дадому я вярнулася з сумным настроем. Шчыра кажучы, мне не хацелася вяртацца. Хацелася ісці наперад, а не вяртацца ў “назад”. Таму адзінае, да чаго я мела прагу, – мяняць, мяняць і яшчэ раз мяняць сваё жыцце і ўсё, што навокал. Шмат хто са знаёмых і нават родных не пазнавалі мяне, што было вельмі прыемна. Было адчуванне, што маё жыццё залежыць толькі ад мяне, ад жаданняў і планаў. Цяпер для мяне словы “мара” і  “мэта” з’яўляюцца сінонімамі.

Цяпер ты – выпускніца Брэскага тэхнічнага ўніверсітэта. Чаму ты вырашыла паступаць у магістратуру, ды яшчэ за мяжу?

Я адчуваю, што мне не хапае досведу, каб адчуваць сябе спецыялістам на міжнародным узроўні.

14976587_1295946223770788_6808262227393890025_o

Куды ты планавала паступаць? Ці атрымалася запланаванае/жаданае?

Больш за ўсё я марыла пра Мельбурн у Аўстраліі. Гэта быў план максімум. План мінімум – Еўропа і, у прыватнасці, Велікабрытанія. Атрымалася ўсё напалову: я паступіла у Аўстралію, але ж у Curtin University. У Англію паступіла нават у 2 універсітэты: University of Westminster і Oxford Brookes University. Ва ўсіх універах я паступала на урбанізм і дызайн гарадскога асароддзя. На жаль, стыпендый там не атрымала, але ж, вядома, іх можна атрымаць у іншых фондах. Тым не менш, я вырашыла адмовіцца ад усіх гэтых прапаноў і ўсё ж такі паступіць у Мельбурн у наступным годзе.

Чаму ты не рыдаеш, не рвеш валасы на галаве (жартую), а ўпэўнена, што ўсё складваецца так, як патрэбна?

Я рыдала, калі першы раз мяне не абралі на Эразмус. Зараз з усмешкай успамінаю пра гэта, але ж тады я так марыла пра Партугалію! Калі на другі раз мяне абралі і я адмовілася ад Чэхіі дзеля Партугаліі, калі ўжо апынулася там, я зразумела, што так было трэба. Я вельмі рада, што паехала на год пазней, бо зразумела, што ў свае мары трэба верыць і не здраджваць ім. І калі назапасіцца цярпеннем, шмат працаваць і не разменьвацца па дробязях, яны абавязкова здзейсняцца ў неабходны момант.

14939952_1295929443772466_5115976364838568826_o