Пасля семестра за мяжой: Аленка вяртаецца ў Магілёў


Калі паспрабаваць апісаць два мінулыя месяцы, атрымаецца сумесь з моцных пачуццяў, чатыры-пять гадзін сну на суткі, шмат думак кшталту “Трэба паспець”. Але разам з тым гэта цікавыя знаёмствы і ўпэўненасць, што ты сапраўды камусьці патрэбны.

Частка першая: універсітэт

Вяртанне да сваёй альма матэр, хоць і ў апоўшні год, трохі мяне нервавала, бо трэба было залічыць усе прадметы і неяк сябе перавесці на іншыя рэйкі. Памятаю свой першы дзень – аднагрупнікі здзівіліся, што я тут. Усе пачынаюць распытваць, што ды як у мяне. Але на Зямлю вяртае загадчык кафедры – трэба абіраць навуковага кіраўніка і ўжо пачынаць пісаць дыплом.

14457362_1216384818422678_6693561166788048872_n

Але якое напісанне дыплому, калі мяне афіцыйна яшчэ не залічалі на чацвёрты курс? І вось тут пачынаецца гонка з часам. Шчыра кажучы, я чакала значна горшага стаўлення да свайго навучання за мяжой, але ўсё прайшло на дзіва спакойна, без эксцэсаў. Мне вызначылі толькі чатыры прадметы на перазалік плюс курсавую працу, астатнія былі залічаныя – трэба было проста паразмаўляць з выкладчыкам, паказаць свае сертыфікаты – і справа зробленая!

З курсавой працай таксама вышла нечакана проста – навуковы кіраўнік зразумеў маю сітуацыю і нават вельмі моцна дапамог. Курсавік атрымаўся добры – такі, што яго тэарэтычная частка нават пацягнула на першы раздзел дыпломнай.

Частка другая: практыка

Цёмны ранак кастрычніку. Гадзіннік паказвае пачатак на шостую гадзіну раніцы. Трэба ўставаць, бо калі не зраблю гэтага, то проста не паспею дайсці пешшу да гімназіі і спазнюся на ўласны урок.

14910519_1241507629243730_5604781237015580786_n

Кастрычніцкая раніца. Дарога ў школу.

Такія думкі ў мяне былі кожны чацвер. І не толькі. У абавязкі студэнта-практыканта ўваходзіць наведванне заняткаў сваіх калег і настаўніка, напісанне планаў, крэатыўнае стаўленне да працы, падрыхтоўка тэстаў, розных раздатак (на кожны урок), пазакласных мерапрыемстваў. Паперы-паперы-паперы… На ўсё зышло тры чвэрці пачку паперы, мой эколаг унутры мяне моцна непакоіўся.

Але паміж гэтай папяровай працай ў мяне атрымалася адчыніць у сабе настаўніцкі патэнцыял. Так, першыя ўрокі былі трохі сырымі, бо я прывыкала, і дзеці да мяне звыкалі, але потым падалося, што я спраўляюся. Здаецца, пасля практыкі я змагу напісаць працу па метадах пазбаўлення ад стрэсу. Так, калі урок пачынаўся, я ўяўляла, што знешняга свету па-за кабінетам няма – ёсць толькі вучні і я. Урок ў пэўным сэнсе падобны да танца – усё элементы ў ім вельмі моцна звязаныя. Дзеці адчуваюць тваю няўпэўненасць і смутак, таму найлепшым выхадам было проста забыцца пра свае пачуцці і думкі на 45 хвілін. Але не падумайце, што я была нібы робат. Думкі зыходзілі самі, я цалкам канцэнтравалася на тым, што я раблю тут і цяпер.

Для мяне было дзіўным жаданнем яшчэ вярнуцца ў школу пасля практыкі. Мне спадабалася, але гэта трохі непакоіць – заробак, нагрузка, шмат паперы. Калі ў мяне атрымаецца добра рабіць сваю працу і сапраўды вучыць дзяцей таму, што істотна, то ўсе гэтыя непрыемныя маменты адыдуць на другі план.