Павага да старэйшых – тое, на чым стаіць культура нацыі
- Час чытання: 6 хвілін
Барыс Рыгоравіч Аванесян – бармэн у кафетэрыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, заходзячы да якога, ужо на парозе знаёмішся з самай меладычнай армянскай музыкай і вытанчанымі вострымі пахамі. У Беларусі жыве больш за 30 гадоў, чалавек, які падае самую лепшую каву «па-ўсходняму» з адкрытай душой і добрым сэрцам. Сёння мы сустрэліся з Барысам Рыгоравічам, каб успомніць яго пераезд у іншую краіну і пагаварыць пра адрозненні жыцця ў Арменіі і Беларусі.
Раскажыце, як Вы апынуліся ў Беларусі?
У Беларусі я апынуўся пасля службы ў Савецкай Арміі. Я служыў у Германіі ў групе савецкіх войск і пасля гэтага ў 1971 годзе дэмабілізаваўся. А так як раней Савецкі саюз быў, так бы мовіць, адным домам для ўсіх, я застаўся тут і спачатку не адчуў моцнай розніцы. Тое, як я трапіў у Беларусь, гэта доўгая гісторыя. Паехаў, каб паступіць у тэхнічны ўніверсітэт. Былі здольнасці да матэматыкі. Адкрывалі факультэт ЭВМ у БДУ, але я дрэнна ведаў рускую мову. І хоць па фізіцы і матэматыцы былі пяцёркі, сачыненне я напісаць не змог. З уступамі не склалася. Пайшоў працаваць на завод імя Кірава. А там акурат апынулася, што дырэктар – мой зямляк. Мяне адразу ўзялі, і праз два тыдні я стаў токарам трэцяга разраду, а праз паўгады – самага вышэйшага. Праз нейкі час ажаніўся на беларусцы.
Атрымліваецца, што няўдача з паступленнем вырашыла Ваш лёс?
Так, так яно і ёсць. На заводзе я прапрацаваў дзевяць гадоў, а потым лёс прывёў у бармэны. Некалькі тыдняў навучаўся гэтай справе, і пайшоў працаваць у бар ў гандлёвым цэнтры на Гастэла. І вось па гэты дзень я ў прафесіі. З прыходам да ўлады Гарбачова мой першы бар зачынілі. Давялося шукаць новае месца працы. Так я апынуўся тут, у адной са сталовых Кастрычніцкага раёна.
Нешта асаблівае было на новым месцы працы?
Тое, што тут я пачаў рабіць самую смачную ў Менску каву «па-ўсходняму» (усміхаецца). Можна сказаць, што менавіта з 1986 года Беларусь пазнаёмілася з сапраўднай кавай, як бы нясціпла гэта ні гучала. І вось да цяперашняга часу кава «па-ўсходняму» са мной заўсёды, уся сталіца заразілася гэтай кавай. Справай жыцця стала.
Паведайце пра Вашы першыя ўражанні аб краіне?
Гэтая краіна вельмі блізкая нам па духу. Па-першае, менавіта трагічна. Возьмем у прыклад Другую сусветную вайну – усё баявыя дзеянні праходзілі праз Беларусь. У часы Вялікай Айчыннай вайны армяне плячом да пляча з беларусамі ваявалі з ворагам. Таму цяжкія моманты ў гісторыі і робяць нас падобнымі. Па-другое, блізкасць рэлігійных поглядаў. Большая частка насельніцтва Беларусі – хрысціяне, а гэта дэманструе блізкасць духоўных каштоўнасцей нашых народаў.
Ва ўсходніх сем’ях вельмі шануюць старэйшае пакаленне, ці заўважылі Вы, што ў нас гэта некалькі не так ярка прадэманстравана?
Выхаванне не горш, чым у Арменіі, але адрозніваецца. Менавіта павага да старэйшых некалькі іншая. Бацькі – гэта святое, канешне. Але і да чужых павінна быць такое ж стаўленне. Бо менавіта ад гэтага ідзе і культура нацыі, фарміраванне яе асаблівасцяў. Вельмі часта даводзіцца ў транспарце казаць маладым людзям, што побач стаіць дарослая жанчына, і ёй варта саступіць месца. А тут у метро часта назіраю сітуацыю, калі нешта глядзяць або чытаюць у гаджэтах. А вочы не падымаюць, каб пераканацца, ці няма побач таго, каму трэба саступіць. Такога, каб былі такія злачынствы як, напрыклад, рабаванне пенсіянера, у Арменіі нават у галаву нікому не прыйдзе.
А як у сям’і знайсці баланс у розных менталітэтах?
У мяне ёсць перакананне, што, калі жывеш на тэрыторыі Беларусі, то трэба паважаць традыцыі і законы гэтай краіны. Але за сабой жа заўважаю, што немагчыма адразу пачаць так жыць. Першы час, вядома, нешта хацелася памяняць, але цяпер разумею, што тут свая культура, і яна арганічная.
А дома пераважней беларуская кухня або армянская?
Напэўна, беларуская, якая прасцей. Але ўчора ўнучка патэлефанавала і спытала, калі на дачу едзем, таму што засумавала па маім шашлыку (смяецца). Таму як ведаць, рыхтуем беларускую, а падабаецца больш армянская.
Ці былі непрыемныя моманты ў дачыненні да Вас?
Так, было і такое. Зараз, дарэчы, часцей, чым раней. Маладыя хлопцы-сілавікі, просяць паказваць і дакументы, і проста цікавяцца, што я тут раблю. Я заўсёды спакойна рэагую і адказваю, што я жыву ў Беларусі раней, чым яны на свет з’явіліся.
У Вас даўно сцяг тут вісіць, можа, Вам і беларускі падараваць?
Ой, я ўжо стаміўся прасіць у студэнтаў, каб хто-небудзь знайшоў мне ваш сцяг. Абяцаюць-абяцаюць, але так ніхто і не прынёс. Усё, у бліжэйшы час сам куплю і побач павешу.
Якую параду можаце даць беларусам? Існуе стэрэатып, што для замежнікаў мы здаемся няветлівымі, «занадта памяркоўнымі». Гэта так?
Не, я б так не сказаў. Беларусы не азлобленыя, магчыма, эмоцыі і не заўсёды паказваюць, але тыя, што дэманструюць, звычайна прыемныя. Мне часам здаецца, што беларусы ставяцца адзін да аднаго з пазіцыяй: «Не хочаш – не дапамагай, але галоўнае – не перашкаджай». У мяне наогул па жыцці ўніверсальнае правіла – да ўсяго ставіцца па-добраму, не жадаць адзін адному зла. На гэтым мір і трымаецца.
У мяне ж і сяброў тут дастаткова. Беларусы хутка ідуць на кантакт, калі паказаць, што ты з добрымі намерамі. Вядома, большасць знаёмстваў яшчэ ў вайсковыя часы завязаліся, але і сёння нічога не перашкаджае знайсці добрага суразмоўцу. Часам і са студэнтамі ўвесь перапынак магу прагаварыць, спазняюцца часта з-за мяне.
А не ўзнікала за ўвесь гэты час жадання вярнуцца?
Вядома, было ўсялякае. Але карані я тут пусціў. Менавіта на гэтай зямлі пачаў самастойнае жыццё, і сёння ў мяне тут ужо трое ўнукаў. У Арменію прыязджаю пагасцяваць. Ужо трохі радзей, чым раней, але ўсё ж езджу.
Ці ёсць у Вас нейкія планы, мары, пажаданні?
Хочацца, каб жыццё ў Беларусі было і далей стабільным, народ быў упэўнены ў заўтрашнім дні. А пры ўменні і імкненні кожнага працаваць усе мары і пажаданні спраўдзяцца.