Пайшла па хлеб – купіла шубу: чаму за два гады мяне навучыў Піцер
- 24.01.2017
- Блог
- Уладзя Лагун
Новы семестр займае студэнтаў штодзённымі клопатамі плаўна, і я нарэшце магу цалкам зразумець, што мы са сваёй пісьмовай працай ужо бачым фініш. Засталося скампанаваць тэорыю, дапісаць і дааналізаваць крыніцы – і можна будзе распластацца на зялёнай траве, закінуўшы чарговую паперку пад галаву замест падушкі. Вынікі падводзіць, канешне, рана, а пісаць пра этапы магістарскай (і чытаць пра іх асабліва) – не вельмі цікава, таму раскажу лепш, якім рэчам за два гады мяне навучыў Піцер, што я забяру з сабою, а што пакіну мінуламу. Заадно і падвяду вынікі года – гэта зараз модна.
Першае, канешне, – гэта адукацыя. Можна колькі заўгодна сварыцца на сістэму (небеспадстаўна), але ўсё чорным не бывае. Былі пары, якія прыўнеслі нешта новае, іншыя – навучылі цаніць тое, што пройдзена, а былі і такія, якія не пакінулі нічога. Галоўнымі адукатарамі гэтых двух гадоў сталі людзі навокал.
Менавіта размовы пасля пар і дыскусіі на кухні падштурхоўвалі да адкрыцця новых гарызонтаў. Праграма сабрала людзей з рознай бэкграўндам і паспрабавала зрабіць адукацыйны плавільны кацёл. Атрымалася ці не? Хучэй не, але такога каласальнага прытоку ведаў праз нефармальныя зносіны я не атрымоўвала са “шведскіх” часоў свайго жыцця.
Другое як працяг першага – новыя гарызонты. Гісторыя спадчыны і культуры можа і не будзе справай майго жыцця, але праз іх я пазнаёмілася з новымі людзьмі, новымі напрамкамі і стала па-іншаму глядзець на даўно вядомыя рэчы. Аказваецца, чытаць можне не толькі кнігі, а і помнікі. Летапіс – гэта не мандала дзесятага стагоддзя, а вельмі сучасны інструмент нацыянальнага адраджэння. І зноў – людзі. Праз іх адкрываеш для сябе новы свет літаратуры, мастацтва, гісторыі.
Прыемна гуляць па Эрмітажу і не проста глядзець на шэдэўры, робячы выгляд, што ты разумееш іх, але і сапраўды ставіць іх ў кантэкст – літаратурны і штодзённы з той самай эпохі.
Трэцяе адкрыццё я зрабіла ў галіне чытання. Год таму я не думала, што можна з захапленнем чытаць манаграфіі пра гісторыю харчовай прамысловасці ў СССР ці пра ўспрыманне немцамі памяці пра другую сусветную вайну.
Праз гэтыя кнігі прыходзіць разуменне, што навука – гэта не закрыты патаемны клуб мудрагельнікаў, але нешта простае і блізкае кожнаму – такое, як біточкі ў сталоўцы і дыета нумар дзесяць.
Тут, канешне, мне адначасова радасна і сумна. Радасна, бо такая навука – гэта тое, на што хочацца звяртаць увагу ў кнігарнях і “марнаваць” час ва ўніверсітэце, але сумна, бо беларускім кніжным паліцам большасць гэтых выданняў далёкія і незнаёмыя. Так, толькі тут, у Піцеры я ўпершыню даведалася пра выдавецтвы CORPVS, “Дело” , “Выдавецтва Івана Лімбаха”. Хочацца верыць, што гэта толькі я прайшла міма гэтых выданняў у свае раннія гады, але нешта мне падказвае, што не. Ну і, вядома, шкада, што беларускай навуцы такія выданні і працы такога стылю пакуль толькі сняцца.
Калі азірацца, падаецца, што ў маім персанальным каралеўствы істотна мяняюцца толькі тры рэчы: памер кніжнай шафы, колькасць кропак на мапе свету і спіс кантактаў. Але гэта не ўся праўда. Мяняюцца напрамкі, адкрываюцца гарызонты ды пашыраюцца ці вузяцца інтарэсы. Але як ні круці – ўсё на фоне беларускай полькі.