Пазітыўная пракрастынацыя: як выкарыстаць свае слабасці сабе на карысць
- 29.07.2015
- Цікавосткі
Да справаздачы заставалася толькі некалькі дзён. Гэты факт мяне, канешне, непакоіў, але не да такой ступені, каб ліхаманкава страчыць старонку за старонкай, выпраўляць абы-як зробленнае фарматаванне, не зважаючы на стомленасць, час і вонкавае асяроддзе. Ліхаманкава страчыць я пачну праз дзень-два, а пакуль што можна ісці ў павольным тэмпе. Цішэй едзеш – далей будзеш.
Яшчэ кубачак кавы. Канешне. Менавіта пасля яго я ўсё ж такі працягну пісаць. Пачну працягваць пісаць. Вось зараз сяду і пачну.
Мяне хапіла ажно на паўсказа. Можа, гэта і нямала, але за паўгадзіны неяк зусім сціпла. На душы зрабілася смутна, таму што гэта ўжо трэці такі дзень запар.
Ну што ж, калі не атрымліваецца зрабіць тое, што было запланавана, я вырашыла пайсці на змову са сваім сумленнем. Бо нешта – гэта ўжо лепей, чым нічога.
Сумленне доўга не здавала свае пазіцыі, а час бег усё хутчэй. У рэшце рэшт мы спыніліся на тым, что калі і адкладваць неадкладнае, то ўзамен трэба зрабіць штосьці адпаведна патрэбнае. Ну не губляць жа ж час невядома на што! Губляць яго варта толькі сабе на карысць!
Пракрастынацыя – ці ад няўпэўненасці, ці ад ляноты, ці ад жаху – функцыянуе вельмі падобна і прадказальна. Яна можа выклікаць цікавасць нават да такіх абавязкаў, якія мы звычайна ўспрымаем як пакаранне ці невыцерпную нудоту. З пракрастынацыяй трэба змагацца – калі будзе дастаткова часу. А яго спатрэбіцца больш, чым гэтыя апошнія 2-3 дні перад дэдлайнам. Таму лепш выкарыстаць пракрастынацыю для сваіх мэтаў, перш чым пазбаўляцца яе.
Ніжэй я падзялюся сваім асабістым міні-падручнікам па пазітыўнай пракрастынацыі.
Што рабіць, калі патрэбнае рабіць не атрымліваецца? Будзем рабіць не занадта патрэбнае! Але спачатку некалькі падрыхтоўчых крокаў:
- Навесці парадак на стале, у пакоі, у кватэры – калі яшчэ будзе жаданне так старана наводзіць ідэальную чысціню? А пасля праца за прыбраным сталом будзе куды больш прыемнай і прадуктыўнай.
- Вынесці смецце, схадзіць у краму па прадукты – за дзень да дэдлайну часу на гэта не будзе, а хоць крыху рухацца і дыхаць свежым паветрам патрэбна. Тым больш, што пасля дэдлайну есці захочацца, а ўначы большасць крам не працуе. Ды і наўрад ці вы будзеце ў стане да іх дайсці.
- Заблакіраваць сацсеткі, пошту і іншыя непатрэбныя сайты, праграмы і файлы дзесьці на дзень-два – Cold Turkey вам у дапамогу. Мы ж хочам пракрастынаваць пазітыўна, каб нішто нам не замінала займацца не тым, чым патрэбна!
- Пачысціць камп’ютар (праверыць на вірусы, абнавіць праграмы, выдаліць непатрэбныя файлы, ачысціць рэестр – Glary Utilities дапаможа зрабіць гэта дастаткова хутка, каб засталося больш часу на іншую пракрастынацыйную дзейнасць)
Ну што, пасля таго, як мы сумленна падрыхтаваліся, можна пачынаць пракрастынаваць!
- Прагледзець n-колькасць сезонаў якога-небудзь цікавага серыялу запар у арыгінале (калі ўзровень валодання мовай яшчэ не такі высокі, нават дазваляюцца субтытры). Як варыянт – праслухаць музычны альбом, які яшчэ ніколі не слухалі.
- Прачытаць даўно адкладзеную кнігу (сярэдніх памераў. «Вайну і мір» можна не адолець, бо дэдлайн занадта хутка, трэба ж будзе неяк паспець)
- Перакласці ці напісаць артыкул (дарэчы, чаму б не зрабіць гэта для adukacyja.info? 🙂
- Навучыцца карыстацца нейкай патрэбнай праграмай (у ідэальным выпадку – на іншай мове).
- Засвоіць якое-небудзь рамяство/навучыцца граць на інструменце/спяваць/пераканаўча гаварыць – нават калі не паспееце з дэдлайнам, без працы не застаняцеся!
- Крыху пазаймацца фізкультурай – з той жа нагоды, што і п.5. У лепшым выпадку гэтыя навыкі вам спатрэбяцца, каб паспець дабегчы да месца вучобы/працы і паспяхова здаць свой праект. У горшым – для ўпэўненай працы кур’ерам ці грузчыкам.
- Навучыцца гатаваць з простых інгрыдыентаў смачныя і карысныя стравы, на якія патрабуецца не больш за 20 хвілін. У крызіс гэта, мабыць, найбольш запатрабаваны навык, бо эканоміць не толькі час, але і грошы!
Калі вы ўсё выконвалі ў адпаведнасці з інструкцыяй, то ваша пазітыўная пракрастынацыя не толькі не была марнаваннем часу, а нават дапамагла вам стаць больш разнабаковым чалавекам, які пераадолее ўсе няўзгоды! Нават дэдлайн, пра які вы ўспомнілі ў лепшым выпадку за два-тры дні да яго наступлення. Цяпер, калі час «Ч» амаль наступіў, пракрастынацыю як рукой зняло. Што рабіць далей – вы гэта добра ведаеце. Застаецца толькі пажадаць вам плённай працы, доўгай ночы і жалезнай вытрымкі. Не забудзьце паабяцаць сабе і іншым, што гэта апошні раз 🙂
У наступным артыкуле гаворка пойдзе пра тое, як эфектыўна і даўгатэрмінова змагацца з пракрастынацыяй.