“Пазнаёміўся з Адукацыяй – і цяпер вучуся ў Чэхіі”. Новы блог ад Мікіты

  • 18.06.2016
  • Блог
  • Здымкі: Лера Крывашэева

Упэўнены, шмат хто са студэнтаў час ад часу задумваецца пра паступленне за мяжу i рэгулярна адсочвае інфармацыю пра гранты і стыпендыі. Калі такая катэгорыя людзей ёсць, то я дакладна адзін з іх.

Усё пачалося ў верасні 2015-га года, калі мой аднагрупнік прыехаў з Нямеччыны. Неяк за пінтай піва ён падзяліўся са мной уражаннямі аб студэнцкім жыцці ў Германіі, і гэта мяне так зачапіла, што з раніцы да вечару я толькі і рабіў, што думаў пра яго словы. Для сябе я вырашыў, што калі і буду спрабаваць паступаць за мяжу, то толькі ў Чэхію. У першую чаргу гэты выбар абумоўлены магчымасцю вучыцца бясплатна і не залежыць ад бацькоў. Усё б добра, але мяне засмучаў кошт за падрыхтоўчыя моўныя курсы (ад 4000 еўра). Таму чэшскую я пачаў вучыць у Мінску.

7e5228d2d_800x600-3

Тая самая Экспедыцыя разам з камандай “Адукацыі”

Мэта з’явілася, засталося знайсці неабходную інфармацыю аб паступленні. Чэшскай мовай на той момант я зусім не валодаў, а рускамоўныя рэсурсы ў асноўным рэкламавалі тыя самыя моўныя курсы. Але даведаўся, што для паступлення неабходна зрабіць настрыфікацыю (падцвердзіць дыплом аб сярэдняй адукацыі) і здаць іспыты пры ўніверсітэце. Аднак самае важнае: для паступлення патрабуюць дыплом аб валоданні чэшскай на ўзроўні B2…

Сумневаў і скептысу было вельмі шмат. “Навошта ў 20 гадоў некуды ехаць? Лепш адвучыцца на эканаміста і як мага хутчэй знайсці працу!” Але як на зло мой аднагрупнік запрашае мяне ў паездку з камандай “Адукацыі” ў Івацэвічы і Косава. На сустрэчах з вучнямі выпускных класаў мы абмяркоўвалі планы на паступленне. І я пазнаў сябе, калі дзяўчына не змагла адказаць, чаму яна збіраецца паступаць на эканамічную спецыяльнасць. Менавіта гэты дзень быў лёсавырашальным. “Дакладна паступаць!”

20bab542f_800x600

Той самы момант: “А чаму ты паступаеш у эканамічны?” – “Эм, не ведаю”

Вывучэнне чэшскай па скайпе не было вельмі эфектыўным, і я разумеў, што наўрад ці такім чынам за год я падрыхтуюся да іспыту. Гартаючы сайт “Адукацыі”, маю ўвагу захапіў артыкул “Адмыслова для беларусаў: стыпендыя на вучобу ў Чэхіі”. І тут таксама не абышлося без сумневаў. Наўрад ці ў мяне атрымаецца. Там дакладна будзе вялікі конкурс. Ці варта наогул спрабаваць пісаць матывацыйны ліст? Мінула паўгады – і вось я ўжо пішу гэты тэкст у інтэрнаце ў Плзні. Але аб гэтым больш падрабязна напішу пазней: заўтра рана прачынацца на моўныя курсы.