Планы на лета: акадэмія для маладых прафесіяналаў у Швецыі
- Час чытання: 5 хвілін
Хочаш пракачаць свае лідарскія здольнасці? Ці пабудаваць сетку кантактаў у краінах балтыйскага рэгіену? Альбо навучыцца найноўшым метадам устойлівага кіравання? Думаеш, дзе гэта можна ажыццявіць? Летняя акадэмія для маладых прафесіяналаў ад Шведскага Інстытута Summer Academy for Young Professionals – гэта як раз тое, што табе трэба!
Тэрмін падачы заяўкі – да 28га лютага. Паспяшайся!!! А каб пераканаць цябе ў несамавітасці гэтай школы, Адукацыя пагутарыла з яе выпускнікамі з Беларусі.
Андрэй Лагуноў – валанцёр будавання міру і вырашэння канфліктаў Праграммы развіцця ААН на ўсходзе Ўкраіны. Удзельнічаў у Летняй акадэміі ў 2017 годзе.
“Я даведаўся пра праграму, калі вучыўся ва ўніверсітэце ў Швецыі. Спрабаваў тады патрапіць, але мяне не ўзялі (патрэбна на момант падачы заяўкі працаваць ў краіне, грамадзянінам якой з’яўляешся, Адукацыя). Пасля выпускнога я вырашыў, што паспрабую ізноў. Так і зрабіў, і атрымалася!
Наша школа была прысвечана узаемасувязі шматузроўневага кіравання і правоў чалавека. Пад час праграмы мы мелі вельмі шмат навучальных візітаў і дыскусій на тэму магчымасці паўтарэння шведскай мадэлі кіраваня. Асабліва мне спадабаліся тэмы новай мадэлі грамадскага кіравання і яго развіцця ў часе, канцэпцыі горада правоў чалавека. Увогуле ўсе тэмы былі вельмі інавацыйнымі на мой погляд, а выступоўцы рознапланавымі”
Дзякуючы школе, я атрымаў веды, якіх мне не хапала, а менавіта – правы чалавека ў кіраванні. Цяпер я займаюся праектам у ПРаААН, што звязаны непасрэдна з тэмай школы. Калі вы – малады лідар, чалавек, што прымае рашэнні, звязаны з працай у грамадскім сектары – то SAYP для вас!
Яшчэ адзін наш суразмоўца – Сяргей Манжынскі. Да траўня 2017 года ён працаваў дацэнтам у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце на Кафедры эканомікі і кіравання на прадпрыемствах. У той час ён займаўся даследваннямі ў галіне ўстойлівага развіцця. Выпускнік SAYP у Мальмё 2015 года. Цяпер ён даследчык Школы бізнэса і эканомікі г. Умеа ў Швецыі.
“Пра летнюю школу я даведаўся ад людзей, з якімі пазнаёміўся пад час стажыроўкі па праграме Вісбю, дзякуючы якой правёў 6 месяцаў у Швецыі. Натуральна, галоўным маім інтарэсам было ўстойлівае дзяржаўнае кіраванне, а гэта і была тэма нашай школы. Яна была пабудавана на спалучэнні лекцый, дыскусійных семінараў, працы ў групе з іншымі ўдзельнікамі, а таксама цікавых сустрэч з практыкамі, наведванне шведскіх арганізацый. Апошняе мне як раз больш за ўсё і спадабалася, таму што я пазнаёміўся са досведам Швецыі ў маёй галіне даследванняў (дзяржаўным кіраванні). Усе, чаму я там навучыўся, было і застаецца вельмі карысным для мяне і асабліва для майго даследавання”
Дзякуючы школе, я пазнаёміўся са шматлікімі прадстаўнікамі шведскіх арганізацый, з удзельнікамі з іншых краін. А мець вялікую сетку кантактаў, я ўпэўнены, таксама вельмі важна ў сучасным свеце. Маладыя спецыялісты, даследчыкі, лідары супольнасцей проста абавязаны патрапіць на гэтую праграму. Школа натхняе, шмат чаму вучыць, а Швецыя сама па сабе можа заінспіраваць цябе!
Яхновіч Алег, што працуе ў Дзяржаўным мытным камітэце і выкладае права ў БДУ, таксама ўдзельнічаў у летняй акадэміі.
“Мой сябра распавёў мне пра існаванне гэтай праграмы і рэкамендаваў паспрабаваць прыняць удзел. Я вельмі зацікавіўся, бо адной з цэнтральных тэмаў школы былі транспарэнтнасць і дзяржаўнае кіраванне – як раз тое, з чым я звязаны і навуковымі інтарэсамі. Цяпер магу сказаць, што ўдзел у праграме – унікальная магчымасць атрымаць новыя, перадавыя веды і непасрэдна пагутарыць з прадстаўнікамі іншых краін аб тых праблемах, што цябе цікавяць.
Мы не толькі слухалі спікераў, але і мелі шмат практычных заняткаў. Там мне вельмі спадабалася групавая праца, той дух каманды, калектыва, што нам прывівалі выкладчыкі. Дзякуючы гэтаму я навучыўся працаваць ў групах. Тыя веды, што я атрымаў, я актыўна
выкарыстоўваю ў паўсядзённым жыцці, адстойваючы прынцыпы празрыстасці ў дзейнасці дзяржаўных органаў. Акрамя таго, школа дала мне разуменне неабходнасці удзелу ў такога кшталту праграмах, і такім чынам дала і магчымасць далучыцца да падобных інцыятыў”
Увогуле, атрыманыя веды і кантакты з людзьмі з іншых краін я лічу галоўнымі сваімі дасягненнямі пад час школы. Я раю здольным і разумным маладым прафесіяналам паспрабаваць трапіць у гэтую школу. Калі вы хочаце пабачыць і пачуць пра адрозныя прынцыпы ў дзяржаўным кіраванні, спазнаць новае разуменне ролі і каштоўнасцей дзяржаўных органаў, то летняя акадэмія – для вас!
Калі ты:
- грамадзянін Беларусі і працуеш тут на дадзены момант
- табе менш за 36 год
- добра размаўляеш па-ангельску
- маеш вышэйшую адукацыю
- працуеш у адной з наструпных груп:
*заканадаўцы –палітыкі, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, працаўнікі палітычных партый
*грамадскія працаўнікі – непалітычныя грамадскія працаўнікі дзяржаўных інстытуцый
*прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці (НДА, валанцеры ці працаўнікі),
то смела запаўняй заяўку і хутчэй дасылай у Шведскі Інстытут!
Табе трэба будзе напісаць CV, матывацыйны ліст, падцвердзіць веданне ангельскай (не абавязкова міжнародны тэст –можна сертыфікат ад выкладчыка), і рэкамендацыю. Прасцей не прыдумаеш.
А пасля таго, як пабываеш на школе, то можаш яшчэ далучыцца да кароткіх стажыровак у Шведскіх арганізацыях, якія арганізуюць выключна для удзельнікаў летняй акадэміі. І, як і выпускнікі ўсіх праграм Шведскага Інстытута, ты аўтаматычна становішся удзельнікам глабальнай сеткі SI Alumni, што актыўна дзейнічае і ў Беларусі.