Познань і лёгкі сум па доме
- 26.01.2016
- Блог
Два тыдні хатняй атмасферы, незлічоных страваў і салатаў, гульні, фільмы, запамінальная навагодняя вечарына аж да 7 раніцы – і вось я сяджу ў самалёце, які паляціць у Варшаву. Ізноў знаёмая мова, Варшава-Цэнтральная, цяжкі заплечнік і валізка, якія трэба дацягнуць. І пэўна тады я яшчэ да канца не разумела, што наступны раз паеду дадому толькі ўлетку.
Познань моцна засыпала снегам. Памятаю, што пад нагамі хлюпала, у пакой я нанесла шмат бруду. Гэта вам не амаль сухі снежань, які я прахадзіла ў красоўках цэлы месяц.
Святы скончыліся – наступілі будні! На наступным тыдні я пачну пісаць фінальныя тэсты, паказваць прэзэнтацыі і здаваць эсэ. Адно я ўжо здала. Напэўна, самая складаная для мяне праца – рабіць ўсё па правілах, адзначаць цытаты. Плагіят тут недапушчальны. Яшчэ чакае тэст па польскай, мне цяжка даюцца лічэбнікі, спадзяюся, што яшчэ падцягну.
Першыя выходныя прайшлі неяк сумна, бо зноў спатрэбілася прызвычайвацца да атмасферы акадэміка. Ніколі б не падумала, што так буду сумаваць.
Вырашылі разам з Кацяй пайсці дадаткова на курсы замежных моў, каб не забыць мову цалкам (у мяне – нямецкая, у Каці – французская). Гадзіны на тыдзень, вядома, недастаткова, каб нармальна вывучаць мову. Зараз я на ўзроўні А2, спадзяюся, што да лета я падцягну і змагу нарэшце нармалёва размаўляць. Курсы платныя, але грошай хопіць.
І яшчэ будуць вакацыі! Хачу трохі павандраваць – збіраюся ў Прагу і Будапешт.
Шмат хто з сяброў з’язджае пасля гэтага семестру. Сумна, бо ўжо не можаш уявіць сваё жыццё без інтэрнацыянальнай атмасферы паверху, універа. І, напэўна, хацелася б, каб твае сябры засталіся, але не…
Мая суседка таксама з’едзе ў гэтую суботу. Вельмі шкада, бо за гэтыя два месяцы паспелі пасябраваць, мы добра разам жылі. Новы семестр – новая суседка (а можа нават і дзве, бо хлопец з блоку таксама з’язджае).
Вось такі summary трох тыдняў. Мяне чакаюць іспыты ў польскім універсітэце і падарожжы.
П.С. А вы ведалі, што нарвежцы называюць сваю сталіцу не Осла, а Ушлу? Даведалася вось на апошняй прэзентацыі краінаў ☺