Познань: семестр другі

  • 09.03.2016
  • Блог
  • Здымкі Аленкі

Прывітанне, сябры! Пачаўся другі семестр, скончылася зіма, вясна няспынна вуркоча дажджом. У крамах ужо прадаюць шакаладных трусаў, вялікдзенныя наборы цукерак, хутка зайграюць зялёным лісцем дрэвы. Скончылася самая цікавая зіма ў маім жыцці, але пачынаецца вясна, поўная сюрпрызаў.

IMG_1948 (1)

Ведаеце: вось зараз, калі я пішу гэтыя словы, першая гадзіна ночы. Я сяджу і раблю майстар-клас, слухаю музыку. Мой позірк падае на вакно. Гарады ніколі не спяць – яны становяцца памаранчавымі ад святла. У горадзе ты рэдка пабачыш зоркі. Дзіўна, але толькі зараз да мяне дайшло, што мне вельмі не хапае маёй Дубравенкі, загадкавых сцежак у прыватным сектары і проста дрэваў!

8 сакавіка было самым дзіўным у маім жыцці. Атрымала цюльпан у Старбаксе, спяшалася аднесці ў пакой. Апранулася прыгожа (бо свята!), а навокал усё звычайнае… Так, ходзяць дзяўчаты і жанчыны з кветкамі, але такога ажыўлення, як у нас, няма. І яшчэ – Міжнародны дзень жанчын тут звычайны працоўны дзень.

IMG_1916

Наша выкладчыца польскай мовы на кожнае свята рыхтуе шмат матэрыялаў. Даведалася, што кожны год перад 8 сакавіка ладзяцца Маніфы. Жанчыны выходзяць і напамінаюць, што ёсць шмат праблем – дыскрымінацыя жанчын на працы, забарона абортаў, гвалт… Вось тут я і адчула вялікую розніцу.

IMG_1892

Таксама я пачынаю атрымліваць асалоду ад Эразмус-вечароў. Вось ідзеш сабе ў пакой, а цябе запрашаюць на блінкі. У гэтыя моманты пачынаеш адчуваць сябе ў вялікім калектыве. Ужо запрасіла ўсіх на паверсе на дранікі, трэба будзе купіць шмат бульбы 😀

Злавіла сябе на думцы, што ужо паўгады я жыву за мяжой. Засталося нават менш, чым чатыры месяцы да майго ад’езду.

Трэба распавесці пра маё падарожжа. Мы зрабілі невялічкі Еўратур – Берлін, Прага, Браціслава, Будапешт. Падарожжа выдалася сапраўды доўгім, ніколі яшчэ так доўга не падарожнічала. Плюс такіх вандровак – можаш пазнаеміцца з рознымі людзьмі, калі жывеш у 8-асабовым пакою. Трдзельнік (традыцыйны венгерскі выпек), чэшскае піва, берлінская карывюрст, браціслаўскія златкі… Вандравалі мы спачатку з нашымі турэцкімі сябрамі, але яны мусілі вярнуцца да Познані, бо ім трэба было ехаць дадому.

Берлін мне падабаецца тым, што кожны раз ён адкрываецца для цябе з новага боку. Ён можа быць лянівым, прыгожым і строгім, вельмі павольным і энергічным адначасова. У Берліна няма свайго твару – ён розны, ён проста не можа яго мець. Памятаю, калі ў першы дзень мы пайшлі гуляць, на вуліцы было вельмі даждліва і халодна. Але на наступны дзень выглянула сонейка – і горад сапраўды ператварыўся ў іншы. Цікава, але калі пражыў за мяжоў нямала, але і няшмат, пачынаеш добра арыентавацца у акцэнтах і разумець, адкуль той ці іншы чалавек.

IMG_1775

Прага мяне вельмі здзівіла. Цяпер я разумею, чаму гэтым горадам так захапляюцца. Падаецца, што ён застыў у часе, але гэта у добрым сэнсе. Маляўнічыя завулачкі, Карлаў Мост, дзе заўсёды шмат людзей і грае прыемны пражскі джаз. Тыя пачуцці, калі ты ўрэшце рэшт забралася на самы верх катэдры святога Віта і глядзіш на Прагу, якая ўжо пакрываецца вечаровым змрокам.

IMG_2044

Браціслава неяк не ўразіла зусім. Так, прыгожы цэнтр, але падумалася, што я знаходжуся ў Беларусі майго дзяцінства (пачатак 2000-х). Але каб зрабіць такую невялічкую перабіўку – падыходзіць ідэальна. Калі ведаеце польскую і рускую мовы – лічыце, што вы разумееце і славацкую:)

Але пярлінай апынуўся Будапешт. Я не чакала зусім, што гэты горад будзе такім прыгожым і непадобным да чагосьці яшчэ. У мяне быў толькі дзень, каб яго даследаваць, але гэтага хапіла, каб абысці ўсе месцы. Венгерская кухня – гэта вельмі смачна, танна і чымсьці падобнае да таго, што я ела ў дзяцінстве. Венгерская мова быццам бы апынулася ў Еўропе выпадкова – ні да чога не падобная. Я трохі нервавалася, бо чула, што ў Будапешце можа быць небяспечна. Мабыць, у некаторыя месцы не трэба заходзіць, але наогул можна гуляць і нічога не баяцца.

IMG_1898

Я зусім прызвычаілася да Познані і Польшчы. Не магу уявіць, што мне трэба будзе адсюль з’язджаць. Вярталася сёння з пар і думала пра тое, што колькі мне даў і дае Эразмус. Пазітыўныя моманты я адчуваю нават зараз – стала болей цікаўнай да розных падзей, імкнуся развівацца, пра падарожжы нават і размовы не ідзе – за гэтыя паўгады я  вандравала часцей.

І наогул, la vie est belle (жыццё цудоўнае)!

Pozdrawiam z Poznania, (Прывітанне з Познані)
Алена