Прачытаць горад i перакласцi пах: чым здзiвіла летняя школа семiотыкi ў Тарту
- Час чытання: 3 хвілін
- 25.07.2017
- Блог
Убачыўшы навiну пра стыпендыю эстонскага Мiнiстэрства замежных спраў на навучанне ў летняй школе Тарту па курсе “Юрый Лотман i семiотыка культуры”, спачатку не была ўпэўнена, цi варта яно таго. Я ж не семiотык i не фiлосаф, а ўсе мае веды ў гэтай галiне абмяжоўваюцца цiкавасцю да знакавых сiстэм, што выкарыстоўваюцца ў рэкламе, маркетынгу, дызайне. Але цiкаўнасць узяла верх, i Тарту стаў мэтай адукацыйнага падарожжа.

Наша група ў карцэры ўнiверсiтэта, дзе калiсьцi адбывалi пакаранне студэнты, што ўдзельнiчалi ў дуэлi, хадзiлi ноччу па горадзе цi непрыстойна паводзiлi сябе з дамамi
Паступова, лекцыя за лекцыяй, з не зусiм зразумелай навукi пра знакi семiотыка ператваралася ў арыгiнальны спосаб мыслення. Гаворка на занятках iшла пра культурную псiхалогiю, тэкстуальнасць культуры, трансмедыйнасць, культурную памяць. Мы перакладалi японскiя хайку ў танец ды музыку, шукалi прыдатны пераклад для аб’ектаў накшталт флакону духоў цi звязку ключоў, намагалiся адлюстраваць праз тэатральную пастаноўку прастору i час.
Падчас аднаго з самых цiкавых заданняў мы спрабавалi прачытаць горад. Аказалася, што гарадскi ландшафт – архiтэктура, помнiкi, графiцi, тое, як элементы мiнулага i сучаснага узаемадзейнiчаюць мiж сабой, – можа распавесцi вельмi шмат пра сам горад i яго насельнiцтва.
Напрыклад, Тарту з яго шматлiкiмi мастамi i напластаваннем архiтэктурных стыляў можна ўспрымаць як сiмвалiчны пераход мiж Паўночнай Еўропай i Расiяй. Гiстарычна горад адчуваў моцны ўплыў спачатку Швецыi, потым Рэчы Паспалiтай, затым Расiйскай iмперыi i нарэшце СССР. Спалучэнне разнастайных рыс розных культур утварае непаўторны каларыт гэтага аднаго з самых старажытных гарадоў Балтыйскага рэгiёну.
Акрамя расшырэння межаў успрымання рэчаiснасцi, летняя школа ў Тарту дала магчымасць пазнаёмiцца з цiкавымi людзьмi з розных куткоў свету – з Iталii, абедзвюх Амерык, Турцыi, Кiтая, Расii, Украiны i самой Эстонii.
Стыпендыяльная праграма працягваецца, таму ў наступным годзе ў вас таксама будзе магчымасць адкрыць для сябе асаблiвы семiятычны кантэкст Тарту. Поспехаў!