Пракрастынацыя: прафілактыка
- 11.08.2016
- Цікавосткі
Шаноўныя чытачы, я нават не магу дакладна апісаць, колькі часу мне спатрэбілася, каб у рэшце рэшт дапісаць гэты артыкул. Я нават не хачу карыстацца тыповымі адгаворкамі кшталту “праца/вучоба/шмат-чаго-трэба-зрабіць-дэдлайн-учора”, бо праблема палягае ў адной рэчы, якая і з’яўляецца тэмай артыкула. Пракрастынацыя! Яна, даражэнькая.
Што рабіць, калі дэдлайн сапраўды быў учора, а пракрастынацыя хватка ўчапілася ў вас, мы ўжо абмяркоўвалі. А вось што рабіць, каб пазбегнуць гэтага экстрымальнага сцэнара, – пра гэта мы пагаворым сёння. Усе метады былі правераныя на аўтарцы і нават дапамаглі ёй амаль што цалкам пазбавіцца гэтай вашай (ці, лепей кажучы, нашай) пракрастынацыі.
- Своечасовае планаванне. Гэта настолькі банальна, што ніхто нават не верыць у дзейнасць гэтага метаду. А між тым план нам патрэбен не тое што з самага пачатку нейкай справы, але нават да яго. Так, планаваць некаторыя рэчы за паўгады – гэта, можа, і падаецца дзіўным, але так вы ствараеце для сябе доўгатэрміновую перспектыву, а значыць, ніякая справа ўжо не будзе абсалютнай нечаканасцю.***
- Планаваць, але як? Столькі ж усяго трэба зрабіць, нават складана вызначыць, што больш важнае, а што не. Так, складана, але неабходна. Таму расстаўляем прыярытэты. Мне асабіста дапамагае матрыца Эйзенхаўэра:
A – тэрмінова, важна. Трэба зрабіць як мага хутчэй.
B – не тэрмінова, важна. Трэба вызначыць дакладны час, калі гэта будзе зроблена.
C – тэрмінова, не важна. Калі можна, дэлегаваць камусьці. Калі нікога побач няма, зрабіць пасля важных тэрміновых спраў.
D – не тэрмінова, не складана. Будзе зроблена пазней.
Лепш усяго зрабіць гэта ў выглядзе восей каардынат, як калісьці на занятках па матэматыцы. Навошта так падрабязна? Каб усвядоміць, дзе спатрэбіцца найбольш часу! Вельмі часта мы недаацэньваем ці пераацэньваем складанасць многіх рэчаў і не ведаем, за што найперш узяцца. Дык лепей разабрацца з гэтым ПЕРАД пачаткам справы, а не за тры дні да дэдлайну:)
- Разабраліся. І вось перад намі гара спраў рознай ступені складанасці, мы нават ужо ведаем, што больш важнае і складанае. І што далей? А далей трэба падзяліць кожную справу на невялікія крокі. То бок не пішам матывацыйны ліст за дваццаць хвілін да дэдлайну, а плануем спачатку невялікі брэйнстормінг, праз некаторы час пішам чарнавы варыянт, пасля вычытваем ці просім кагосьці дапамагчы. І толькі напрыканцы чытаем яшчэ раз і дасылаем. Лепей за ўсё, калі гэта адбываецца не ў адзін дзень. Тое самае датычыцца і праектаў, і іспытаў, і артыкулаў, як гэты. Як у адным вядомым выразе: як з’есці цэлага слана? Як-як, па кавалачках!***
- Добра, але навошта драбіць нават такія адносна невялікія рэчы, як матывацыйны ліст? Так, калі ёсць час і натхненне, то можна нават і курсавую за ноч зрабіць, але што рабіць, калі іх няма? Трэба ператварыць штодзённую працу ў руціну. Мы чысцім зубы, мыемся і апранаемся без аніякіх “навошта?”, “а ці ў мяне атрымаецца?”, “а-ё-я-ёй, як жа паспець!” ці “фу, нудота якая!”. Каб дасягнуць гэтага стану, трэба прызвычайвацца пакрыху. І чым меншы крок, тым меншым будзе і наш унутраны супраціў. Японцы, напрыклад, маюць правіла адной хвіліны. Не больш і не менш. Самую нецікавую працу можна рабіць на працягу хвіліны і прызвычаіцца да гэтага. А пасля – дзе хвіліна, там і дзве, дзе дзве, там тры… Ну, вы зразумелі. І так штодня. Праз месяц пытання “навошта?” ўзнікаць больш не будзе.***
- Часам здараецца, што на нас звальваецца нудота 80-га ўзроўня, дзе нават рутына не заўсёды дапамагае. Падключаем дадатковыя механізмы. Якія менавіта? Старыя вядомыя ўзнагарода/пакаранне. Так, мы сталеем, але гэты з дзяцінства вядомы механізм часцей за ўсё застаецца. Але калі з узнагарадай усё зразумела, то як дарослы чалавек пакарае сябе? А вось тут падключаем вонкавы ціск! Паабяцайце зрабіць нешта, але камусьці, хто для вас з’яўляецца аўтарытэтам і каго не хацелася б расчараваць. Калі і гэта не спрацуе, зрабіце пакаранне больш адчувальным: адносна вялікая сумма грошай ці дадатковая непрыемная дзейнасць (напрыклад, мыць падлогу сябрам на працягу тыдня) пераканаюць амаль кожнага ў тым, што лепей усё ж своечасова скончыць першапачатковую справу.***
- Гэта ўсё цудоўна гучыць, але што рабіць, калі нешта не атрымоўваецца і план не працуе? Быць заўсёды гатовым да зменаў. Бо загадзя спланаваць нешта на сто адсоткаў папросту немагчыма. Але лепш мець план нават на дваццаць адсоткаў, чым на нуль, бо яго лягчэй будзе змяніць ці адаптаваць пад абставіны, чым рабіць кожны раз усё наноў. Каб прадугледзіць магчымыя змены, прыслухоўвайцеся да крытыкі звонку. Часам мы не ў стане заўважыць, калі штосьці ідзе не так, таму добрая парада спатрэбіцца заўсёды. Час ад часу трэба будзе і аналізаваць дасягнутае, каб своечасова нешта зіяніць. Бо як даведацца, ці спрацуе? Паспрабаваць, а пасля паглядець, што атрымалася, і, калі патрэбна, перагледзець план.***
- Апошні, але не менш важны пункт. Калі штосьці ці нават усё з апісанага ідзе не так, як трэба, ці калі ўсяго звалілася раптам і зашмат – не саромейцеся прасіць дапамогі. Гэта ні ў якім разе не вашая асабістая параза, але прыкмета моцы: каб прызнаць памылку, трэба мець немалую мужнасць. Разабрацца з праблемай сам-насам ці з дапамогай іншых – не прынцыпова, бо ў рэшце рэшт лічыцца толькі вынік “зроблена/не зроблена”. Памятайце, што чым больш складанай падаецца праблема, тым большая верагоднасць, што з ёй ужо сутыкалася безліч людзей. І нават калі штосьці і апынецца нязведаным і ўнікальным – мы жывем адзін раз, таму ўспрымайце ўсё як гульню, а цяжкія невырашальныя задачы – як вышэйшыя ўзроўні, якія трэба пераадолець, каб ісці далей наперад.
Любая праца патрабуе столькі часу, колькі на яе выдзелена. Дык навошта адцягваць і нават расцягваць тое, што можна зрабіць сёння?