Празрастая раніца вяртання: рэчы, якія здзіўляюць пасля жыцця ў Польшчы
- 30.12.2015
- Блог
- Здымкі: msu.mogilev.by
Празрыстая раніца 25 снежня. Да мяжы з Беларуссю засталося зусім няшмат. Слухаем з бацькамі святочную імшу па радыё. Я ўсё не магу паверыць, што ўвечары буду дома.
Хуткая праверка дакументаў – і прывітанне, Беларусь! Нечакана для сябе я вельмі адвыкла ад рускай мовы. Здзіўлялася, што навокал усе размаўляюць па-руску, што кошты ў рублях, а не ў злотых, няма звыклых воку кавярняў і невялічкіх крамаў…
Першыя мае эмоцыі, калі я зайшла ў родны дом, – сумесь з разгубленасці, непакою і шчасця. Брат з жонкай прыгатавалі вячэру і ўпрыгожылі ялінку. Мае каты спачатку не прызнавалі мяне. Але потым старэйшы павуркатаў на руках, а малодшы наогул увесь час круціўся побач і потым заснуў на каленях.
Першы дзень дома… Да вечара прасядзела ў хаце, потым маці папрасіла пайсці ў краму. І вось тут мяне накрыла адчуваннем, што я сапраўды ў Магілёве. Хутка святы, але я так і не сустрэла ніводнага твара з усмешкай. На мяне глядзелі як на вар’ятку, калі я віталася з касірам, дзякавала і віншавала з надыходзячымі святамі.
Разлічваюся на касе, кажу: “З надыходзячымі Вас”! Жанчына нібы прачынаецца і ўсміхаецца ў адказ: “Дзякуй”.
Вядома, завітала да сваёй альма-матэр. Не ведаю, якімі трэба быць людзьмі, каб ставіць залікі і пары амаль перад Новым годам. Для маёй групы прыход Эразмус-студэнткі стаў сапраўдным сюрпрызам. Прынесла невялікі пакунак з цукеркамі, усіх частавала. Ніколі б не падумала, што аднагрупнікі так добра да мяне ставяцца! Мяне вельмі ўразіла фраза: “Не было такога адчування, што ты кудысьці з’ехала, заўсёды падавалася, што ты недзе побач”.
Мая бабуля шчаслівая, бо кожны дзень я з задавальненным ем хатнюю ежу і не адмаўляюся ад дадаткаў. Усё ж такі сваё – гэта сваё: дамашнія поліўкі, аладкі, катлеты не заменіць нічога:)
Мне наогул падаецца дзіўным, што перад святамі ўсе крамы працуюць, бо ў Польшчы час працы значна скарочаны. Там лічыцца, што гэтыя святочныя дні ты мусіш правесці з сям’ёй. Тут зусім не адчуваецца святочнай атмасферы, не ведаю чаму.
Польскі грамадскі транспарт мяне разбэсціў трохі – і мабільная прылада, і дакладны расклад, і зручныя схемы праездаў. А тут – толькі цётачкі-кандуктары, толькі аўтобусы са спазненнем!
Нягледзячы на дробязі, я рада, што вярнулася дадому. Няхай толькі на святы. Гэта як сустрэцца з сябрам, якога ты добра ведаеш – ведаеш усе яго недахопы і добрыя якасці.