Прыгоды беларускі ў Расіі: Куды іду?
- 05.02.2016
- Блог
- Фота аўтаркі
Дзень ляціць за днём, тыдзень за тыднем, складваюцца ў месяцы, выстройваюцца ў гады. Пяць год таму белабрысае дзяўчо нямым голасам выла ў падушку, бо не прайшло на бюджэт. Год таму амаль не танчыла кракавяк на калідоры факультэту па той жа прычыне. Тры гады таму і падумаць не магла светлая галава, што будзе ёй нейкае прыстанішча дзе-небудь па-за межамі роднай сінявокай, а праз год не ведала як туды вяртацца.
Ніколі, ніколі, ніколі не думала тая дзяўчына, што жыццё звяжа яе з Пецярбургам, а зараз… А што зараз? А ці магу назваць я гэты горад домам? А ці магу я аддзяліць сябе, свае дзіцячыя памкненні і Беларусь? Свае веды, мары і прынцыпы, ці магу я іх прывязаць да сучаснай сітуацыі? А ці трэба?
Зараз над галавою Піцерскія зоркі, паўночны вецер, які недзе абдымае шпілі крэпасці, потым галдзіць над “Васькай” і праз мяжу скатваецца ў “Фінку”. Зараз гэта зразумела, а шэсць месяцаў таму – іншае, чужое, яно нібы адштурхоўвала, падкрэслівала, што ты – інак, чужаземец. і мяне гэта не пужала, наадварот, я ведала наперад, што ўсё тэрмінова, толькі на два гады. Гэта не багата, два разы па трыста шэсцьдзесят пяць. Мы перажывалі і больш.
Але вось, прайшло крыху менш за чвэрць тэрміну, а я ўжо нават не адчуваю розніцы. Я ўжо сустракаюся на “Прасвеце” і закатваю вочы на “маасквічей”. Маскіруюся? Ды не. Мімікрую. Зліваюся з натоўпам Эрмітажу, легка праходжу кантроль, амаль заўважна змякчаю “т” у “здравствуйте”. І здаецца, што вось ён, той самы момант, калі нітачка абарвалася, перацерлася абыдзенным жорнавам і ўсё згубілася…
І тут J:Морс. “Такога няма нідзе”. “Маё сонца”. “Без цябе не магу…” І можна выдыхнуць, бо Эрмитаж, вядома, цуд, Нява і шпілі – рамантыка, але Ясельда і Віцьба, Дзікае і Свіслач. Такога няма нідзе. І як бы не змякчаліся зычныя, дзе-нідзе праскочыць “г”, і ты ведаеш, што твая зорка толькі што падмігнула і ўсё будзе добра!