Прыгоды беларускі ў Расіі: мама, тата я і Халодная вайна…
- 13.04.2016
- Блог
- Здымак: diletant.media
Калі ты з міжнародніка перекваліфікаваўся ў гісторыка, шмат чаму прыходзіцца вучыцца з нуля: працаваць з крыніцамі і разбірацца ў архівах – гэта адно, разумець, што такое постмадэрнізм і лінгвістычны пераварот – гэта другое, а гістарычная інтэрв’ю – гэта трэцяе. Ні адно з пералічанага ў курсы ФМА не ўваходзіць, а значыць, трэба “наганяць”, часам праз вельмі незвычайныя формы.
Адной з такіх формаў стаў курс з фінскімі студэнтамі з Універсітэта Ювяскуля па гісторыі і ўспамінах аб Халоднай вайне. Ідэя абмену вопытам не новая як фармат, але працуе выдатна, асабліва, калі ў тэарэтычны курс уключаны інтэрактыўна-практычныя элементы.
На гэты раз працаваць трэба было не проста з крыніцамі, якія аналізаваны-перааналізаваны шмат разоў і выкарыстаны ў шматлікіх даследаваннях, але ж трэба было стварыць гэтыя крыніцы праз серыю інтэрв’ю з бацькамі, бабулямі і дзядулямі. На аснове гэтых інтэрв’ю з двух бакоў (а ў нас, паколькі праграма міжнародная і, вядома, сямейныя гісторыі пра Халодную вайну ад амерыканскага студэнта, студэнта з былой Югаславіі і Беларусі будуць адрознівацца, бакоў атрымалася больш за 5!) стварыць невялікі агляд і генералізацыю ўспамінаў, каб вылучыць сваеасаблівыя трэнды ва ўспамінах і параўнаць іх з афіцыйнай памяццю.
Вынік атрымаўся даволі нечаканы, з аднаго боку, нягледзячы на афіцыйную прапаганду і “зачыненасць” краіны ад сродкаў замежнай інфармацыі, людзі збольшага ведалі, як жывуць за мяжою і мелі доступ да розных інфармацыйных крыніц. З іншага боку, і сам СССР не быў terra incognita для большасці фінаў, прычым асаблівых перапонаў для вандровак не чынілі, хоць і кантралявалі.
Вядома, сапраўдным гістарычным даследаваннем гэтую дыскусію не назавеш, але вопыт (ў камбінацыі з вандроўкамі ў Выбарг і Пецергоф) выдаўся адмысловы. Ды і развагі родных, сямейныя байкі ды цікавосткі з архіваў бабуль і дзядуль разбіраць было цікава і пазнавальна. На маленечкі крок нашыя пакаленні сталі бліжэй, а гэта нямала!