Прыгоды беларускі ў Расіі: над Пецярбургам зноў ідуць дажджы…

  • 16.11.2015
  • Блог
  • Уладзя Лагун

Пецярбужская восень – гэта тыпова-шэрае наваколле з рэдкімі вылазкамі сонца і сталая імжа ў паветры, якое можна чэрпаць вялікімі кубкамі, пасыпаць зверху цынамонам і зефіркамі і піць замест какавы. Мясцовыя дажджы – гэта частка гарадской культуры пецярбуржца, бо парасон – гэта не проста прыгожы аксесуар, гэта  неабходнасць, пры гэтым амаль штодзённая. Навукова даказана, што тут выйсці з хаты без парасону горш, чым выйсці “ў свет” у піжаме (у піжаме ты, верагодна, сыйдзеш за нефармала, без парасону дыягназ просты – бескампрамісны дурань).

Дождж фармуе стаўленне насельніцтва да сябе і да наваколля, дождж не лімітуе (ну і што, што мокра, жыць жа хочацца не менш, чым барселонцам ці лісабонцам!): парасон для столікаў на вуліцы і парасон для дзіцячай пляцоўкі, крыты каток (5 штук на ўвесь горад! У нас на адну Серабранку ў Мінску больш!) і крытае футбольнае поле, лофты і творчыя пляцоўкі. І гэта я не кажу пра музеі і выставачныя залі, якіх многае-мноства і дзе адносна лёгка можна схавацца ад любой непагадзі!

Дарэчы, пра музеі. Помніцца мне ў мінулы раз я супынілася ў дзвярах Зімовага палацу, паабяцаўшы вярнуцца туды як мага хутчэй. І вось, я тут.

IMG_0008

Зімовы палац, левы пад’езд.

Раніца, праз вокны прабіваецца далёкае восеньскае сонца і дзесьці ўдалечыні амаль чутны шум гораду. Эрмітаж ужо адчынены для візіцёраў: турысты гаманлівымі групамі подбегам рушаць за экскурсаводамі; школьныя групы павольна прапаўзаюць па доўгіх калідорах; турысты з сем’ямі ціха перашэптваюцца перад самымі вядомымі з карцін і ледзьве закранаюць поглядам астатнія. Мы з сяброўкай праціскваемся праз натоўп і вырульваем насуперак руху: ісці за групамі, падслухоўваючы экскурсію, вядома, цікава, але колькасць люду невыносная, таму лепш пайсці наперакор традыцыйным маршрутам.

Першае, што накрывае з галавою – гэта атмасфера 18-19 стагоддзя: высокія столі і маленькія прыступачкі лесвіц, мармуровыя сцены і падлога, заплюшчваеш вочы і бачыш сябе ў крыналінах, вальсуючы праз прыгожа і мудрагеліста апрануты высакародны кагал. Раз-два-тры, паварот, раз-два-тры, пераступаюць ногі ў нячутным вальсе…

IMG_0009

Галава кружыцца ад прыгажосці на сценах: фрэскі, мазаікі, карціны, мармуровыя фігуры і крышталь люстр,  люстэркі, мэбля і чырвоны, чырвона-залацісты колер…

IMG_0016

Я легка ўяўляю жыхароў гэтых комнат, як яны павольна праходзяць па калідорах, вальсуюць ці скачуць кадрыль па залях, папіваючы шампанскае з цукеркамі і фруктамі. Ім лёгка дыхаецца на шырокіх лоджыях і ў маленькіх садках, магчыма для кагосьці не такімі лёгкімі падаюцца навукі, але замежныя настаўнікі карпатліва ўбіваюць у галовы прадстаўнікоў фаміліі асновы функцыявання сусвету. Музыка вядомых сучасных кампазітараў рэзануе з высокімі столямі, а мармуровыя скульптуры распавядаюць гісторыі сваіх цывілізацый… Свет круціцца вакол, нібы ў вальсе Шуберта: павольна і па нотах.

IMG_0011

За іх вокнамі таксама ідзе дождж. Лёгкія кроплі падтакваюць раялю ці піяніна, а гром дадае велічныя акорды час ад часу, нібы за пюпітрам на даху стаіць нябачны кіраўнік, які легкімі махамі ўпраўляецца з прыродным аркестрам…