Прыгоды беларускі ў Расіі: Новыя гарызонты

  • 01.03.2016
  • Блог
  • Уладзя Лагун

Кажуць, калі хочаш насмяшыць Бога – расскажы яму свае планы. А планаў у мяне прыкладна столькі ж, сколькі некалі было ў бравага ваякі Напалеона: праца і вучоба, тысячы новых тэмаў і мільярды новых кніг. І зразумела, што ліст шырыцца, планы растуць і расцягваюцца, займаючы ўсё больш месца, пакуль гадзіннік рвецца з ланцугу і шалёна захлёбваецца хвілінамі.

Звычайна, што нічога не паспяваеш, таму з нечым даводзіцца развітвацца. У маім выпадку лёс падштурхнуў да растання з працай: крута, канечне, мець добрыя грошы ў кішэні, але поўны працоўны дзень з графікам магістратуры звязаць амаль немагчыма: куды не кінешся – швы з трэскам разыходзяцца.

Канал Грыбаедава, Санкт-Пецярбург

Даволі іранічна, што ў момант выканання рашэння раптам з’явілася невялічкая крупінка вольнага часу, такі сабе нечаканы перапынак паміж працоўнай нядзеляй і новай працоўнай нядзеляй. Добрыя кніжкі, купленыя на распродажы, грэюць душу, а добрыя людзі – сэрца, адзін толькі мозг, звыклы працаваць, непрыкаяна блытаецца па запыленай каробцы ў паслявучобнай дэпрэсіі. Нядоўга думаючы, адкрываю гугл і набіраю ў пошуку “Арзамас“.

Калі ёсць некаторае разуменне адкрытых адукацыйных платформ, то гэтая старонка дзівам не падаецца: тыя ж самыя курсы, невялічкія відэа па культуры, гісторыі, антрапалогіі, літаратуры і мастацтву. Простымі словамі таленавітыя навукоўцы з вядомымі і невядомымі імёнамі  расказваюць пра жыццё і паралельныя рэальнасці не просячы за гэта грошай.  Асветніцкі праект расійскіх навукоўцаў накіраваны на папулярызацыю навукі і культуры сярод моладзі.

Праект – гэта інтэрактыўная пляцоўка кшалту “Калегіюма” ці “Лятучага ўніверсітэту”, пераведзеная ў анлайн-прастору. Курсы, даволі простыя і зразумелыя нават без папярэдніх ведаў у пэўнай сферы, разбітыя на кароткія серыі, і , як пісаў мой любімы Булгакаў “часу бярэ самую кроплю, а карысці – цэлы вагон”.  Пісаў ён, канечне пра спевы хорам, але тут сумнёваў няма аніякіх.

Двор, Санкт-Пецярбург

Канечне, любая адукацыя ідзе лягчэй, калі на вуліцы, нягледзячы на пачатак сакавіка, гурбы снегу, і я ніяк не магу абяцаць, што не пазабудуся на ўсё на свеце як толькі ў горад завітае сапраўдная вясна. А пакуль хай берагуць кава/какава і адукацыйныя відэа супраць зімовай мярзлоты і нудоты!