Прыгоды беларускі ў Расіі: першая сесія, ці як правільна прагульваць падрыхтоўку да іспыту

  • Час чытання: 5 хвілін
  • 03.11.2015
  • Блог
  • Здымкі: Уладзя, парк-сядзіба Дзяржавіна

Кожны раз калі надыходзіць экзаменацыйная сесія, мы з сябрамі зачыняемся ў сваіх пакоях (ці на крайні выпадак у бібліятэках) і пачынаем галасісітую жалобу ва ўКантакце. Кожны раз хто-небудзь пачынае прапаноўваць рыхтавацца разам, раздзяліць пытанні ці прагаворваць тэмы адзін аднаму. Гэта, вядома ж, не працуе. Невядома чаму (вядома: зашмат вяселля, мала сэнсу), але нічога добрага ў выніку не выходзіць. Пяць гадоў досведу замацавалі ўва мне разуменне таго, што трэба рыхтавацца самастойна і… не выкрэсліваць нефармальныя сродкі.

IMG_0023

Вось менавіта пра гэта мы сёння з вамі і пагаворым: нефармальныя сродкі для вывучэння гісторыі (і не толькі).

Найперш, вядома гугл. І так, гэта гучыць як здзек, але насамрэч, менавіта гэты відавочны інструмент адчыняе дзверы ў прасторы невядомага. Гугл можна спытаць пра ўсё, у любой фармуліроўцы і атрымаць адказ рознай разгорнутасці. Але самае галоўнае, што праз гугл можна “выйсці” на самыя патаемныя і самыя багатыя крыніцы ведаў – форумы.

На форумах збіраюцца прафесіяналы, людзі якія не толькі доўга і марудна абменьваюцца шматслоўнымі мессаджамі, якія пабочнаму чытачу здаюцца выклікам д’ябла, але і дзеляцца важнай інфармацыяй, адкуль яны ўзялі базу для сваіх заклінанняў, там ёсць не толькі поўны спіс патрабуемай для сур’езнай падрыхтоўкі літаратуры, але і вялікая колькасць водгукаў на такую літаратуру, прычым водгукаў разгорнутых і напісаных тымі, чый досвед і веды дазвляюць крытыкаваць. Таму, бясспрэчна, па-другое – гэта форумы.

Па-трэцяе, я, вядома, мала каго здзіўлю, але гэта YouTube. Большасць сучаснага чалавецтва ведае, што на гэтай пляцоўцы можна знайсці гігабайты карыснай інфармацыі, але мала хто ставіцца сур’ёзна да каналаў на буйнейшым відэа-хосцінгу свету. Там, акарамя відэа з коцікамі і жартамі (заўжды за коцікаў і жарты), шмат чаго карыснага і сапраўды цікавага, асабліва калі гаворка ідзе пра паўтарэнне матэрыялу альбо вывучэнне вялікіх аб’ёмаў за кароткі тэрмін.

Нижэй адзін з прыкладаў таго, як можна вывучыць асновы сусветнай гісторыі за чатыры дні, не зарываючыся ў мнагаслоўныя трактаты.

Ну і на апошняе: гісторыя – гэта не толькі іспыты і кіпы кніжак, можна глядзець відэа ці прагульваць падрыхтоўку ў  Дзяржаўным Музеі Палітычнай Гісторыі, дзе нават ахоўца – экскурсавод.

У Пецярбургу больш за 200 музеяў – на любы густ і на самыя розныя тэмы, але толькі музей палітычнай гісторыі – гэта месца сустрэчы бясконцых процілегласцей. Ад экспазіцыі да экспазіцыі – гэта эмацыйнае тарнада, спроба дыстанцыявацца, быць гісторыкам, гледачом, а не тым, чыя генетычная памяць змяшчае гены Homo Soveticus.

Але нішто так не матывуе да вывучэння гісторыі, як жаданне разабрацца ў сваёй персанальнай гісторыі, і хоць па гэтым прадмеце экзаменатар ніколі не запытае цябе, не задасі дадатковых пытанняў, але на ім жа не спішаш і не выкруцішся, калі раптам адказ не знойдзецца ў нататках.