Прыгоды беларускі ў Расіі: Раство кувырком
- 30.12.2015
- Блог
- Здымкі: Уладзя
Мой дзень народзінаў звыкла выпадае на экзамен. Менавіта так атрымоўвалася кожны год. Нават сёлета, калі запаветная дата прыпала на нядзелю, я не спяшалася радавацца – і не прагадала. Якраз на гэтыя выходныя нас “вывезлі” на семінар, паралельна з тым на тыдні давялося пісаць чатыры эсэ і рыхтаваць дакументы да канференцыі. Жыццё не асабліва звяртала ўвагі на тое, што кола года кацілася да кропкі “канец”, – замест гэтага толькі працягвала набіраць абароты. Не буду жаліцца і казаць, што мне гэта не падабалася, але планаваць святкаванне даводзілася на каленцы: празвоны месцаў і сяброў змяшалася з працай над паперамі на кофе-брэйках. Але вось ён, той самы дзень сустрэчы, спланаваны на вышэйшым узроўні, наступіў.
Седзячы ў кафэ напачатку шостай у адзіноце, я страшэнна хвалявалася, што мае мінулыя жахі пра недахоп месца іранічна вырашыліся самастойна, і зараз пачнуць сыпацца званкі і смс-кі з ветлівымі выбачэннямі і тысячамі прычынаў, чаму не сёння… На той момант, калі ўсмешлівая афіцыянтка трэці раз падышла з пытаннем пра напоі, я была амаль што на нізкім старце: збегчы далей ад гэтага страху! Экзаменацыйная сесія трымала траіх з маіх дзесяці патэнцыйных гасцей ў палоне падрыхтоўкі. Адзін магуча абараняўся ад бюракратычнай машыны ўніверсітэцкага гуртожытку без надзеі на “паспець”. Надзея была на пецярых. Калі з’явіліся дзяўчаты з кветкамі і віншаваннямі, я разам памаладзела да 11 гадоў, калі тата ўпершыню падарыў мне букет.
Раптам горад, які так доўга здаваўся чужым і халодным, заззяў мільёнамі каляровых агеньчыкаў, разнёсся гулам калядных бубянцоў па нешырокіх праспектах. Горад стаў маім. Людзі, якія беглі па яго вуліцах ў гэты марозны вечар перад Раством, сталі маленькімі крыніцамі цеплыні, якія асвятлялі дарогу наперад. Людзі, якія да слёз смяяліся за нашым сталом, сталі міні-краінай, дзе ніколі не заходзіць сонца, дзе над сур’ёзнымі рэчамі так проста жартаваць, а над жартамі можна доўга і задумліва разважаць…
Ведаеце, планы нашыя ніколі не збываюцца так, як нам таго хацелася б, але ёсць рэчы – паўсядзённыя маленькія кропелькі шчасця, якія нашмат больш любога замоўленага цуда.
Маленькі цуд сяброўскай сустрэчы і цёплага вечара падчас марознай зімы…
Маленькі цуд раптоўнага сяброўства..
Маленькі цуд нечаканага вяртання…
Вялізны цуд проста быць дома.
З Раством і Новым годам, сябры! З цудамі!
Шчасця, поспехаў і добрых святаў усім ў наступным годзе і снегу ў гэтым!
Ваша Уладзя