Прыгоды беларускі ў Расіі: Што такое восень?
- 01.10.2015
- Блог
- Уладзя Лагун
Апошнім часам на мяне даволі часта нападае настальгія: спатканы знянацку ашмянскі сырок і глыбоцкая сгушчонка, шэрасць даждлівага гораду і ўсеагульная восеньская млявасць – капілка настальжы перапоўненая, самы час патраціць эмацыйныя запасы, што накапіліся за доўгія непрасветныя працоўныя будні.
Будні, яны, канечне, не заўсёды такія, але расійскія рэаліі – гэта гістарычна нязломная рэч, якая пракралася нават у самую з еўрапеізаваных праграм універсітэту. Культуру паперкамі не прыдавіш, а культура савецкага навучання нечым падобная на плямы ад чырвонага віна – не кожны выбельвацель справіцца. Дадаць да гэтай сумесі междысцыплінарныя непаразуменні і неверагоднае шчырае жаданне навучыць нас усёй гістарычнай прымудрасці за два месяцы, то можна ўявіць сабе ўвесь маштаб катастрофы.
Раскінуўшыся на правым беразе Нявы, мой універсітэт радыкальна супраць прагулаў, а заадно і сацыяльнай адаптацыі студэнтаў: шэсць вучэбных дзён, напоўненых чытаннем і напісаннем эсэ – да такога мяне БДУ не рыхтаваў, тут я скажу адкрыта. Маленькія, амаль непрыметныя перапынкі ў выглядзе нядзелі – гэта не тое, што бачылі мае вочы, калі куплялі прыгожую рэкламу інавацыйнай праграмы навучання.
Але і шкадаваць, і злавацца – бессэнсоўна: дадому з’ехаць можна заўсёды, але з’язджаць з ганьбаю слабачкі і з дыпломам магістра, пагадзіцеся, розныя рэчы. Таму, прыпынаю блюзніць і расскажу лепш пра тое, як гэта – змяніць свой палітычны напрамак на гісторыю, не страціўшы глузду.
Гісторык у Піцеры – гэта не рэдкасць, я б нават сказала, што гэта вельмі лакальная жывёліна, асноўным месцам пражывання якой сталі музеі і архівы, а таксама ўніверсітэцкія класы, шматлікія бібліятэкі і кнігарні. Знешне гісторык вельмі падобны да чалавека, але вылучаюць яго з натоўпу пачырванелыя, запарошаныя пацінаю мыслення пра мінулае вочкі, глыбока заселыя паміж пачырванелымі і прыпухлымі вейкамі. Бледны твар ды поўная адсутнасць цяперашняга тысячагоддзя ў позірку дапаўняюць карціну. Так выглядае самы папулярны від – гісторык звычайны, з сямейства батаноідаў звычайных прамаходзячых. Вядома, такая шырокая папуляцыя не абыходзіцца без падвідаў, і тут можна вылучыць тры самыя галоўныя, якія для прастаты запамінання пазначым як – сапраўдны, пераходны і мімікруючы.
Сапраўдныя гісторык – біялагічны рарытэт, іх месцы пражывання ахоўваюцца навукоўцамі і дзяржавай, а самыя рэдкія прадстаўнікі атрымліваюць спецыяльны статус, які дапамагае іх класіфікаваць па напрамках.
Нашмат вясялей жыццё ў гісторыкаў пераходнага тыпу: прадстаўнікі “пераходнікаў” куляюца з навукі ў культуру, пыльнай бібліятэчнай зале ва ўніверсітэце яны адданыя куды менш, чым цёпленькім утульненькім музейным куточкам і аднатыповым залям стылёвых навамодных бібліятэчных цэнтраў.
Самымі цікавымі для назіральніка, вядома, будуць гісторыкі апошняга тыпу – мімікруючыя гісторыкаабразныя прадстаўнікі калябагемнага тыпу мыслення і паводзін. Пыльныя бібліятэкі з замыленымі фаліянтамі і замусоленымі старонкамі вызываюць у прадстаўнікоў “мімікрантаў” лёгкую алергію і непрытоены жах; старыя залі з высотнымі столямі і выстаўленымі ў радок сталамі – прыпадак клаўстрафобіі, а думка пра архівы можа скончыцца непрытомнасцю з замашкаю на кому. Мімікруючыя гісторыкі – асобіны звычайнага студэнцкага ўзросту, якія большасць свайго існаваня групуюцца па інтарэсах, звычайна адносна далёкіх ад гісторыі, хоць і вельмі рупліва прыцягнутых да тытульнага прадмету. Яны легкія на пад’ём, жвава рэагуюць на знешнія раздражальнікі, як то студэнцкія тусоўкі і культурна-забаўляльныя вандроўкі і паходы, часта і з густам панікуюць, цэняць волю і пераацэньваюць магчымасці свайго арганізму, калі гаворка ідзе пра сон і здаровую ежу.
Так, праз шутачкі ды жартачкі, прадстаўляецца жыццё звычайнага гісторыка, раскварціраванага ў Піцеры, таго самага, які лагоднымі зімнімі мінскімі вечрамі марыў пра пераезд на поўнач, бліжэй да мора, а зараз, гледзячы на воды Фінскага заліва, самотна і задуменна смакуе ашмянскія сыркі і духмяную фінскую каву, каб потым павярнуцца спіною да вады, уздыхнуць і, вырашыўшы недаспаць у каторы раз, пашпацыраваць на развод мастоў…