Прыгоды беларускі ў Расіі: Што трэба ведаць загадзя

  • 14.08.2015
  • Блог
  • Здымак: Уладзіслава Лагун

“Я

достаю

из широких штанин

дубликатом

бесценного груза.

Читайте,

завидуйте,

я –

гражданин

Советского Союза». Ул. Маякоўскі

Як пісаў некалі вялікі савецкі паэт (ці лепей сказаць прапагандыст-паэт, але літаратурныя спрэчкі – гэта не сюды) – да розных пашпартоў рознае стаўленне, што праўда, у першую чаргу, адносна заканадаўства. З асаблівым захапленнем вычытваючы междзяржаўныя пагадненні ў рамках Саюза Беларусі і Расіі, разумееш гэта як ніхто іншы: неяк цікава грэе душу той факт, калі простая прыналежнасць да пэўнай краіны выносіць цябе за дужкі. Ну і што, што “справа папахвае газаю” – гэта жыццё, а калі гэтае жаццё за безмяжоваю мяжой становіцца крыху лягчэйшым для студэнта-беларуса (расіянам шанцуе не так і не ва ўсім), то “водар” не так і адчуваецца. А плюшкі – як адзначыў бы мой любімы жыхар стакгольмскіх дахаў і вялікі спецыяліст у плюшачна-джэмавым напрамку – гэта заўсёды добра.

IMG_0028

Па-першае, беларусам не трэба віза, не трэба міграцыйная карта, нават пашпартны кантроль і той не існуе: менш паперак і менш турботаў з вечна замаруджанымі дзяржаўнымі ўстановамі, але і большая неабходнасць ведаць нюансы: так атрыманне віда на жыхарства для ўладальніка пашпарта сінявокай спрошчана, але застаецца неабходнасць здаваць тэст па рускай мове (так, я таксама перачытвала гэта некалькі разоў), заканадаўству і гісторыі Расіі. І хоць тэст па мове выглядае як нешта сярэдняе паміж школьным апроснікам па гісторыі і цытатамі з Башоргу, кошт яго не ўсміхаецца. На рэгістрацыю даецца 90 дзён і пакет дакументаў да смешнага маленькі, а тэрміновая рэгістрацыя (90 дзён) па факту з’яўляецца бестэрміновай, ды і патрабаваць яе на працы не маюць права.

Па-другое, беларусам няма неабходнасці пацвярджаць дыплом аб вышэйшай адукацыі і ўладкаванне на працу для нас па тых жа правілах, што і для грамадзян РФ, без дадатковага дазволу, з поўным сацыяльным пакетам, за выключэннем абавязковага пенсіённага страхавання, але пры наяўнасці віда на жыхарства яно таксама прадастаўляецца. Падаходны падатак, як і ў Беларусі складае 13% пры ўмове, што кантракт заключаны на больш чым 183 дні, ці грамадзянін Беларусі ўжо мае 183 працоўныя дні на тэрыторыі РФ ў запасе. Так званы “падатак на дармаедства” таксама здымаецца, калі ёсць катракт ці пацверджанне аб навучанні ў Расіі.

Па-трэцяе, аказанне экстраннай медыцынскай дапамогі і дапамогі цяжарным у выпадку родаў бескаштоўнае і гарантавана пагадненнямі без выключэння, але спіс канкрэтных медыцынскіх паслуг, якія прадастаўляюцца бескаштоўна, трэба ўдакладняць у пэўнай медыцынскай установе. Больш за тое, беларусам без ВНЖ усё-ткі патрэбны поліс абавязковага медыцынскага страхавання, кошт якога на жнівень 2015 года складае 6000 рублёў.

Такім чынам, беларусу жыць на тэрыторыі РФ, вядома, не так соладка ў сацыяльным плане, як дома, але і не так горка як “прышэльцу” з іншых краін СНД ці дальняга замежжа. Вычытаць і знайсці гэта ў інтэнэце не цяжка, а як яно будзе ў жыцці  – пакажа час, а пакуль, па добрай і не вельмі даўняй традыцыі скончу тым, што шматлікія музеі і выставы ў Расіі дазваляюць беларусам карыстацца сацыяльнымі зніжкамі і льготамі. Дробязь, але ж прыемна!

Ваша Уладзя