Прыгоды беларускі ў Расіі: Снег

  • 23.01.2016
  • Блог
  • Уладзя Лагун

Снег. Горад твой стаў караблём, лёдам забраны ў палон…

Андрэй Макарэвіч, “Снег”

Паўночная сталіца ціха пасопвае пад цёплым снежным покрывам: пакрэхтваюць праз глыбокі сон Нява і Фінскі заліў, паскрыпваюць прысыпаныя снегам і парубленыя лёдам вуліцы, бармочуць і незадаволена пашыпваюць працаголікі-машыны, ціхенька варочаюцца пад жаўтаватым снегам каналы.

IMG_0011

Горад, закутаны па самыя вушы, шумліва дыхае, выпускаючы аблокі цёплага пару, людзі, нібы перакормленыя і закутаныя ў цёплыя шалі мурашы, рупліва перабіраюцца ад аднаго будынку да другога, грэючы далоні аб папяровыя кубачкі з гарбатаю ці кавай. Яны спяшаюцца, штурхаюцца і коўзаюцца на заледзянелых пареходах, атрымліваючы ад гэтага прытоенае задавальненне, заўважнае толькі па колькасці людзей на коўзанках ля дваравых каткоў ці спантанных горак.

IMG_0001

Святы паціху адыходзяць, ападаючы са снегам і лістамі календара, але і дарослыя, і дзеці настойліва чапляюцца за кожную магчымасць святкаваць далей. Дзесяць першых студзеньскіх дзён прыемна грэюць душу і разліваюцца па крыві смакам глінтвейну і мандарынаў. Паціху з вуліц знікаюць ялінкі, але кавярні, як і раней, заварваюць літры гарачага віна са спецыямі і смакам апельсіну. Марознае надвор’е парадаксальна сагравае, сплочвае і падштурхоўвае да дзеяння.

IMG_0012

Дзеці да позняга вечару ганяюць адзін аднаго па мяккім снезе, коўзаюцца з горкі ці ганяюць шайбу, пэўна, уяўляючы сябе Авечкінымі і Лаландамі. Горад, які заўсёды мне здаваўся сонным і шэрым, жыве кожную секунду так, нібы заўтра канец свету. Млявасць і наша любімая ўсеагульная абыякавасць да жыцця прысутнічае толькі ў ранішнім метро, прыбітая ўчорашнімі ўспамінамі і планамі на сёння. І адзінае, што ніяк не ўпісваецца ў гэтую карціну свету – гэта вучоба. Кругаверць кавярняў з цёплай кавай ці малаком, новенькая горка ў двары і заліты бацькамі каток… Галава ідзе кругам, вочы лезуць з арбіт ад недасыпу, а незнаёмая паўсядзённасць ап’яняе…

IMG_0014

За вокнамі ціха падае снег, лёгка, амаль нячутна пахруствае марозік-гарэза. У цёплым, ласкавым свеце ліхтароў магічна паблісквае паўсонная дзіцячая пляцоўка, на якой фігурыст-паўночнік выкручвае дзівосныя піруэты. Ад лёгкай дымкі цяжка правесць грані рэальнасці, тым больш, што снег дзіўна замятае сляды.

А недзе пад пухматым покрывам пакрэхтвае ў сне прыгажуня-Нява…