Прыгоды беларускі ў Расіі: свята да нас прыходзіць, ці 5 нататак нацыяналіста…
- 18.12.2015
- Блог
- Здымкі: Kudago.ru
Ну, па-першае, ўся мая «нацыялістычнасць» сканчаецца тым, што некалі для паходаў на хакей я купіла палатняны беларускі сцяг і світанаўскую фуфайку з надпісам ‘I love Belarus’. Канешне, як любы нармальны грамадзянін сваёй краіны, я ганаруся дасягненнямі нашых спартоўцаў і навукоўцаў, з асаблівай радасцю назірала за цырымоніяй узнагарождання Святланы Алексіевіч… Але радыкальным ці нават пасіўна-агрэсіўным нацыяналістам я ніколі не была і вельмі сумняюся, што калі-небудзь стану.
Але… Вы, безумоўна, адчулі, што за гэтым самаадводным пасажам хаваецца тлусценькае і крыху злараднае “Але”. І не прагадалі: яно там сапраўды ёсць і складаецца ажно з пяці кампанентаў.
Кампанент першы – надзённы. Як выкармыш беларускіх аграрных камбінатаў і вясковых “прыветаў” ад бабулі, з малаком маці я ўвабрала смак сапраўднай ежы, давер да ГОСТаў і поўную абыякавасць да надпісаў на пакунках. Я проста ведаю, што беларуская прадукцыя можа адрознівацца характарыстыкамі і маркамі, але пасля самага таннага і невядомага ягурту я не рызыкую блізкім знаёмствам з мясцовай хуткай дапамогай. У Расіі ўсё наадварот: кожная вылазка за ежай – гэта цэлы марафон у пошуках сапраўды карыснага і смачнага, прычым у 50% выпадкаў падарожжа скончыцца ў паўсюльмесным кіёску “Белорусские товары”. І гэта не проста рэклама ЦУМа – “Купляйце беларускае”. Гэта сакрэт, якім з табой даверліва дзеляцца бабулі ў чарзе на рынку. Моладзь, канешне, менш звяртае ўвагу на вырабніцтва, але калі з нармальных сыроў засталася толькі мацарэла з беларускай прапіскай… Карацей, каму санкцыі, а нам профіт і рэклама. Смачненька і прыемненька, хоць каштуе не па-студэнцку.
Кампанент другі – ліберальны. Так, гэта не міраж і не “проіскі ворагаў”. Мае тутэйшыя сябры могуць колькі заўгодна гігікаць на тэмы “больш за трох не збірацца”, але самі ж скептычна косяцца на інфармацыйныя стэнды з рэкламай дзяржаўных мерапрыемстваў і студэнцкіх ініцыятыў. Магчымасцяў, можа, у Пецярбургу і больш, але ці больш тут свабоды?
Кампанент трэці – магчымасны. Ці проста беларускаму студэнту з’ехаць за мяжу? Пагуляйце па сайце – і вы знойдзеце адказ. Ці проста беларусу атрымаць грант? Калі палічыць колькасць жадаючых на колькасць праграм, то не так і складана. Расія – краіна буйная і адносна блытаная, калі падумаць пра бюракратычныя працэдуры. Ёсць, канешне, шанец, што я чапляюся, але не будзем пра гэта. У той жа час: ці складана беларускамі студэнту з’ехаць ў Расію? Адказ таксама відавочны.

Затое ў метро тут бывае даволі весела. Пецярбург, ст. м. Балтыйская
Кампанент чацвёрты – культуралагічны. Усё-ткі, што ні кажы, а мы розныя. Справа нават не ў мове, тут якраз ніякіх праблем не існуе. Ніхто нават не сумняецца ў маіх рускамоўных лінгвістычных здольнасцях, але культурна – мы розныя. Гэта адчуваецца ў шырыні межаў мыслення, у нашым – беларускім – разуменні свету. Мы ведаем, што мы маленькія прадстаўнікі свайго народу ў вялікім свеце, існаванне і самастойнасць культур для нас не з’яўляюцца сюрпрызам. Безумоўна, і тут таксама ўсё па-рознаму, але ж шэрая маса ёсць шэрая маса.
І, нарэшце, кампанент пяты – святочны. Расіяне не святкуюць Раство 25-га снежня. Тут наогул гэта працоўны дзень, нічым не адрозны ад 21, 22, 23 і г.д. Канешне, яны потым цэлых два тыдні святкуюць Новы год і Раство, якія плаўна пераходзяць у Стары Новы год, але ж… Дзіўна. Зразумела з пункту гледжання логікі і дзяржаўнай лініі (“Православие. Самодержавие. Народность», так-так.) Але ж дзіўна. Старыя звычкі так проста не забудзеш.
Падводзячы рысу пад усім сказаным, магу прызнацца толькі ў адным – засумавала я па Мінску і дачакацца не магу, калі ж прыеду на святы!