Прыгоды беларускі ў Расіі: у пошуках сябе, працы і ежы
- 11.09.2015
- Блог
- Здымкі: Уладзя Лагун
Адаптацыйны тыдзень ў Вышцы (яна ж НДУ ВШЭ Спб, яна ж Вышэйшая Школа Эканомікі) прайшоў неяк зусім незаўважна: я не ўбачыла пад кіпаю дакументаў цёплых восеньскіх дзянькоў і пачатковага сумбуру навучання, адзінае, на што час ад часу натыкалася вока – гэта бюракратычнае кола, па якім бывае карысна пабегаць, каб атрымаць тую ці іншую паперку, якая – не гарантавана, але вельмі магчыма – дапаможа ў нялёгкім студэнцкім жыцці.
Тоўсценькія шыншылы, што ўтульненька коўзаюцца по клетцы ў агульным пакоі, павінны ад зайздасці пачаць размаўляць: ні адно пластыкавае кола не дасць таго эфекту, які нагульваеш у перабежках з корпуса ў корпус, з хостэлу ў корпус і з хостэла ў бібліятэку. Апошняя, вядома, знаходзіцца даволі побач (па Піцерскіх вымярэннях, па якіх “курс” кіламетраў супадае з курсам рубля), але не заўжды мае ўсе неабходныя кнігі.
Aгульная сітуацыя з кнігамі тут, праўда, грэе душу і пагражае фінансавай стабільнасці (калі можна назваць імкненне да нуля стабільнасцю), але кнігарні тут выскокваюць “як забойцы з завулку”, пагражаючы асартыментам і коштамі. Дзякуй Богу, што Патрыяршыя за восем гадзін адсюль, якая-ніякая, а гарантыя, дый размаўляць з незнаёмымі бывае вельмі пазнавальна.
Так пасля першай размовы з незнаёмай на той момант групай і амаль што незнаёмым выкладчыкам, для мяне адкрыўся новы свет, у якім я – студэнт калягістарычнага напрамку (мне ўсё студэнцкае жыццё менавіта так і падавалася) – адшукала ў сабе абсалютную калянірванную пустэчу гістарычнага сусвету. А згодна з адным з законаў Прыроды, па якім яна не любіць пустэч, гэтая дзікая лакуна-бездань павінна быць запоўненая ведамі. І, здаецца, што менавіта гэтым законам кіраваліся стваральнікі ўсёй праграмы, бо шасцідзённае навучанне ні логікай, ні законамі Хамурапі растлумачыць я не магу. Толькі прыродная цяга да вышуканага садызму з элементамі асаблівай (звычайна старонак на 50-70) англамоўнай жорсткасці.
З усяго апісанага можа падацца, што вучоба ў НДУ ВШЭ СПБ – гэта клопатна і жорстка, і збольшага гэта так. Асабліва калі жыць даводзіцца ў непрыстасаваным для працяглага прабывання хостале, дзе адна лядоўня на 40 чалавек і адсутнасць тэрыторыі для вучобы, як тут не перадаць гарачыя прывітанні гуртожытку ФМА ў Рошчы: бывае і горш, дзеці мае! Асабліва калі наплаканая катом стыпендыя адсоўваецца на месяц да афармлення карткі, а спробы знайсці працу натыкаюцца на графікі з грацыяй чыгунка і спасылкамі на “12 год рабства” замест радку пра заробак.
Але жаданне залезці на сцену і завыць на Месяц разбіваецца аб векавыя муры старога гораду, тэатральнай атмасферы і еўрапейскіх паркаў, што вынырваюць з маленькіх вулачак і ўрэзваюцца ў нешырокія праспекты (Незалежнасці пераплюнуў па шырыне Неўскі разы ў тры). Калі ж на душы гарэзліва точыць кіпцюрыкі каціная суполка, то застаецца апошні, самы радыкальны сродак: маленькая кавярня на маляўнічай вулачцы, дзе знойдзецца і цёплая ўсмешка, і гарачая кава роўна столькі, каб пераседзець час да поўначы і гадзіну апасля і каб пад развядзенне мастоў зразумець, што ты тут робіш і што Галілей памыляўся, бо ЯНА не круцілася, пакуль ў 1703 годзе, не з’явіўся ЁН…
Желтый пар петербургской зимы,
Желтый снег, облипающий плиты…
Я не знаю, где вы и где мы,
Только знаю, что крепко мы слиты.
І. Анненскі “Пецярбург”