Прыгоды беларускі ў Расіі: Уводзіны
- 20.07.2015
- Блог
Блог пра тое, як я трапіла ў Санкт-Пецярбург на магістарскую праграму па прыкладной і междысцыплінарнай гісторыі.
Кожны беларус добра ведае, што ў Расію нам не патрэбны візы. Амаль кожны ведае, што нашая адукацыя прыроўніваецца да расійскай, і, дзякуючы некаторым апошнім зменам у жыцці Саюзнай Дзяржавы Беларусі і Расіі, беларускія дыпломы і атэстаты адэкватныя дзяржаўным дакументам аб вышэйшай і сярэдняй адукацыі нашай суседкі на палітычнай мапе свету злева.
Мабыць, у кожнага знойдзецца адзін-другі блізкі ці не вельмі знаёмы, які спрабаваў паступаць, вучыцца ці працаваць на тэрыторыі Расійскай Федерацыі. У кагосьці гэта атрымалася, а нехта павінен быў вярнуцца па розных прычынах.
Але ў гэтым блогу размова пойдзе не пра тое, як застацца ў Маскве/Піцеры ці зарабіць капітал на добрае жыццё дома, нават не пра тое, як там лепей чым тут, ці дзесьці яшчэ. Тут я распавяду, як патрапіць у магістратуру ў Расіі, навошта менавіта ў Расіі, калі “шумнай ракою на Захад сплываюць мазгі”(NRM – “Тое, што ёсць паміж намі”). Распавяду пра тое, як гэта: быць амаль што ў тым жа культурна-гістарычным асяроддзі, але ўсё-такі адчуваць сябе ў гасцях.
Але пра гэта – у наступных пастах, пакуль жа крыху базавых пасылаў:
Па-першае, я не маю нічога супраць адукацыі на Захадзе ці ў Беларусі, а ўвогуле спрабую не падзяляць адукацыйныя ўстановы на “добра, бо не ў нас”, ці “кепска, бо мае на сабе грыф на адной з усходнеславянскіх моваў” – адукацыю кожны выбірае для сябе сам, абапіраючыся на свае і ўніверсітэцкія магчымасці, рэйтынгі, ці на якую іншую халеру, якая панавала ў галаве ў момант прыняцця рашэння.
Па-другое, я не збіраюся прапагандаваць ці адгаворваць, прасоўваць нейкія палітычныя погляды ці агітаваць да паходу на Маскву ці на Брусэль, я тут толькі для таго, каб у тых, хто думае пра якасную і рознабаковую адукацыю, была магчымасць маімі вачыма пабачыць жыццё студэнта ў Расіі, параўнаць з Еўропай, Амерыкай ці Азіяй і зрабіць свой выбар на падставе збалансаванай інфармацыі. I’m on the mission to civilize (Don Quixote via “The Newsroom”).
Па-трэцяе, я беларуска, але жыву ў рускамоўным асяроддзі, таму прашу прабачэння і дапамогі (праз каментары) ў тых, чыё вока раптоўна спатыкнецца на памылцы. Разам мы робім свет вакол і адзін аднаго лепш, таму не шкадуйце сваіх ведаў і… паехалі!
На сувязі,
Ваша Уладзя