Прыгоды беларускі ў Расіі: вуліца-слота, вуліца на дваіх…
- 16.02.2016
- Блог
- Здымкі Уладзі
Для каго 14 лютага – Дзень закаханых, а для мяне – дзень группы HandMade і настальгіі па ліцэйскіх днях. Пакуль сацсеткі паступова, але ўпэўнена папаўняюцца фатаграфіямі пастарэлых (ці пасталелых) аднакласнікаў, піксельнымі кветкамі і прыгожымі словамі ў гонар былых класных кіраўнікоў, я павольна іду па Неўскім пад саркастычна-пранікнёны голас Яўгена Валошына. Канешне, тое, што мы абодва скончылі некалі (з розніцай гадоў у дзесяць) адзін і той жа Ліцэй (менавіта так, з вялікай літары!) не робіць нас… ды нікім не робіць!
Але ж нешта ёсць ў гэтым – нешта цёплае, калі ты чуеш голас, чуеш мову і разумееш, што нават калі людзі не ведаюць адзін аднаго, людзі гэтыя не проста чужынцы – яны сям’я. І таму холад Паўночнага краю адыходзіць на другі план, калі ў навушніках за тысячу кіламетраў ад месца, дзе “summa cum laude” і дзе назаўсёды застаецца частка сэрца, іграе:
Спіць метро, спяць дамы,
Спіць ліцэй і бібліятэка.
Ды сядзім пад коўдрай мы
І чытаем Умбэрта Эка. (Я. Валошын, Калыханка).
На жаль, у гэтым годзе я ў Ліцэй не патрапіла: далёкая дарога і сесія перашкодзілі магчымасці прыехаць і наведаць сям’ю – блізкую і далёкую, але ж відэа і музыка робяць нас бліжэй, аб’ядноўваюць тых, хто ведае, што значыць сабрацца “на зорцы” і чаму ЛОСЬ – гэта самая беларуская жывёліна.
Проста так бывае, што за плячыма некалькі навучальных устаноў, а alma mater – яна ўсё роўна там, дзе і да вучня, і да настаўніка – з найвышэйшай пашанай…
Выбачайце, каму гэты допіс падаўся маразматычнай лухтой, і віват тым, хто зразумеў кожнае слова!