Прыгоды беларускі ў Расіі: З чаго пачаць?
- 28.07.2015
- Блог
- Здымак: Уладзя Лагун
З чаго пачаць? Куды пайсці?
Зусім не сорамна прызнавацца, што ўся гэтая піцерская заварушка пачалася з пінка ад шведаў, на міласць якіх я падалася праз Візбю: як-ніяк, я дзіця сваёй краіны і свайго пакалення, дый год у Скандынавіі зрабіў мяне амаль што фізічна хворай на шведскую мову і культуру. Але ў гэтым годзе і ў гэтым напрамку мяне чакала фіаска памерам з Ладажскае возера, прычым я, зразумела, была не з боку Неўскага, такая вось іронія. Карацей, варынтаў засталося не так шмат: магістратура БДУ і праца з надзеяй на рэванш праз год.
І яно б так і было, калі б раптам я не наткнулася на цікавую прапанову на адным з сайтаў для апантаных адукацыяй беларусаў. Першае, што мне спадабалася – гэта мова: абяцалася, што праграма будзе на ангельскай і скіраванай на міжнароднае супрацоўніцтва з рознымі ўніверсітэтамі свету. Другое – назва праграмы “Міждысцыплінарная і прыкладная гісторыя”. Загадкава і незразумела, а далей – ілюстрацыя да прымаўкі пра цікаўную Варвару: не прайшло і трох дзён, як я ў Доме Масквы ў Мінску размаўляю з прадстаўнікамі ўніверсітэту і з усіх сваіх здольнасцяў да самакантролю спрабую не рассыпацца ад магчымасцяў, якія малююць перада мною ветлівыя людзі з трох розных кампусаў Вышэйшай Школы Эканомікі.
Але крыху вярнуся назад:
Што за сумоўе і як на яго трапіць
Безумоўна, ўсе ведаюць, што беларусам не так цяжка паступіць у расійскія ВНУ, але мала хто ведае, як да некаторай пары не ведала і я, што для краін СНД і Прыбалтыкі існуе асобная праграма, т.зв. “квотны адбор”, які дае магчымасць паступіць ў любую ВНУ ў Расіі на бюджэт выключна па выніках сумоўя. Сумоўе праводзяць самі ўніверсітэты, яны ж адбіраюць кандыдатаў, а потым падаюць гэты спіс у Міністрэства навукі і адукацыі РФ, якая дае вышэйшы дазвол.
Дзе
Самая прыемная частка, што няма патрэбы нават ехаць у Расію. Усе сумоўі праводзяцца ў сталіцах краін-удзельніц праграмы, альбо па скайпе, адзінае, што патрэбна, – зарэгістравацца на сустрэчу і з’явіцца ў месца збору. У Мінску гэта Дом Масквы, офіс “Россотрудничества”, якое займаецца папулярызацыяй рускай культуры і адукацыі.
Калі
Адбор праходзіць кожны год, складаецца з некалькіх этапаў. У Вышку ён складаўся з 5 крокаў, але самыя важныя для абітурыента – гэта крок 1 і 5, астатнія, у асноўным – чаканне вынікаў і збор дакументаў.
Зразумела, што праграма мае свае асаблівасці: па-першае, як і ў нас, стыпендыі расійскіх студэнтаў моцна адарваныя ад рэальных расходаў жывога чалавека, а ўмовы жыцця больш падобныя на ўмовы летніку (гуртожытак з двума-трыма суседзямі), але прыгоды і досвед заўжды знаходяцца крыху далей, чым камфортненькая канапка ў бацькоўскай кватэры.
Па-другое, пераезд у Расію, звычайна, не дае магчымасці адчуваць сябе свольнай птушкай з шэнгенам у кішэні (так-так, менавіта на гэтае купляецца чвэрць студэнтаў-беларусаў, калі спрабуе з’ехаць у Еўрасаюз), але затое ніякіх праблем з працай, дакументамі і культурнымі непаразуменнямі.
Плюс Эрмітаж. Але гэта толькі для тых, хто едзе ў Пецярбург, вядома, не тое, каб я выхвалялася, але ж… Эрмітаж. Бескаштоўны ўваход у Эрмітаж…
На сувязі,
Ваша Уладзя