Прыехаць і закахацца ў Гародню

  • Час чытання: 7 хвілін
Даслаць сваю анкету

Восем месяцаў таму з шумнай вялікай Варшавы ў Гародню прыехала дзяўчына з чароўнай усмешкай і зіхатлівымі вачамі. Завуць яе Катажына Рэмбеза і цягам усяго гэта часу яна працуе ў “Цэнтры “Трэці сектар” па валантэрскай праграме ЕВС.  Яна выкладае польскую і спевы сталым людзям ва “Універсітэце Залатога Веку”, робіць уласныя аўтарскія курсы, праводзіць розныя адукацыйныя імпрэзы.

Кася, чаму менавіта валантэрская праграма і чаму Беларусь, а не Мальта, Грэцыя, Гішнанія ці іншая краіна з цудоўным кліматам і іншымі плюшкамі?

Я хацела перш за ўсё зрабіць перапынак у сваёй нармальнай працы. Па-другое, мне хацелася праверыць свае здольнасці ў працы выкладчыка. Яшчэ мяне заўсёды цікавіла праца са сталымі людзьмі, таму калі я знайшла абвестку “Трэцяга сектара”, то адразу вырашыла паехаць менавіта сюды. Мяне вельмі зацікавіла праграма, чагосьці падобнага я не знайшла ўвогуле, плюс я хацела паехаць у рускамоўную краіну. Вось так і атрымалася.

Кася смяецца і гаворыць, што менавіта добра складзеная абвестка “Трэцяга сектара” заманіла яе ў Беларусь, а з іншага боку, кажа яна, можа гэта быў і лёс. Як апынулася, Кася была ўжо даўно знаёма з Гародняй і Беларуссю. Яшчэ да ЕВС яны была ў горадзе і спрабавала адшукаць дом свайго дзядулі, які тут нарадзіўся. Знайсці месца, дзе пэўны час жыў дзядуля, было яе марай, і вось з дапамогай ЕВС мара здзейснілася.

Ці былі ў цябе стэрыятыпы пра Беларусь?

Не, а калі і былі, то ўжо даўно забыліся, бо шмат чаго першапачаткова звязвала мяне з гэтай краінай туманоў і балот. Я адразу ведала, што мядзведзі і зубры тут па вуліцах не шпацыруюць.

Шчыра кажучы, калі я ехала па праграме, у мяне быў ужо досвед і аб Гародні, і аб Беларусі. Таксама мяне сюды запрашалі сябры з Facebook. Я штосьці веда пра гісторыю і культуру гэтага месца, ехала ўжо з торбай ведаў.

Ці лёгка было акліматызавацца ў нашай прасторы? Як развіваліся адносіны з мясцовымі?

Збольшага нязвыклым апынулася знайсці аналагі тым прадуктам, якімі я карысталася на радзіме, але я паступова справілася. Таксама пачала сама гатаваць сабе ежу, бо раней, у Варшаве, практычна харчавалася толькі  ў барах ці кафэ, а тут не такая вялікая разнастайнасць месцаў, каб падсілкавацца.

Яшчэ здзівіла тое, што сталыя людзі адгукаліся на мае заняткі больш зацікаўлена, чым моладзь. Я думала, што будзе ўсё наадварот, але са сталымі людзьмі апынулася лягчэй наладзіць кантакт. Зараз я сябрую са сваімі студэнтамі, мы гутарым на розныя тэмы. У іх вачах столькі захаплення, столькі полымя, а ў больш маладых гэтага, на жаль, няма.

Хацелася, каб такіх арганізацый і мерапрыемстваў, якія ладзім мы на ЕВС, было б больш, і каб наша аўдыторыя павялічвалася. Я разумею, што гэта не атрымаецца ў адно імгненне, але ўсё ж такі. Я гляджу на Польшчу і на Беларусь, і магу сказаць, што дваццаць гадоў таму ў нас была аднолькавая сітуацыя, але яна змянілася, вядома, гэта адбылося не адразу, крок за крокам гэта змянялася. Таксама трэба сказаць, што змянялася і сацыяльнае становішча жыхароў, калі людзі пачалі больш зарабляць, у іх з’явілася маёмасць, яны пачалі працаваць над развіццём грамадства, ладзіць і прыходзь на імпрэзы. Але, вядома, важны гэты фінансавы фактар, бо пакуль людзі дзённа і ночнна думаюць пра тое, каб зарабіць грошы толькі на ежу і адзенне, бо неабходна неяк выжываць,  у іх проста не хопіць фізічных сілаў прыйсці на імпрэзу, ужо не гаворычы аб тым, каб самім пачаць ствараць мерапрыемствы.

Ці былі новыя звычкі, якія ты атрымала тут і забрала б з сабой?

Перш за ўсё гэта мова і тое, што мне спадабалася самой гатаваць ежу і ўсе тыя навыкі працы са сталымі людзьмі. Асабліва навык быць са сваімі студэнтам сябрам, бо добры настаўнік – гэта партнер. Яшчэ я б хацела забраць з сабой крыху канструктыўнага эгаізму: “Я заўсёды працавала для людзей і гэта добра, але нельга забываць і пра сябе.”

Што скажаш пра тыповага беларуса?

Я па адукацыі статыст-эканаміст, і калі зыходзіць з дадзеных вашай статыстычнай камісі, то атрымліваецца, што тыповы беларус гэта напалову мужчына, напалову жанчына сарака гадоў. Я лічу, што няма такой рэчы як “тыповы”, кожны з нас мае свае асаблівасці, свой досвед і г.д. І я не люблю так казаць пра людзей. Няма такой рэчы, якая б тычылася ўсіх беларусаў, але магу назваць адну асаблівасць – мала хто сапраўды займаецца спортам, кажу не пра прафесійных спартсменаў, а пра простых людзей. Я раблю параўнанне з Варшавай, кожны мой знаёмы займаецца спортам: нехта ходзіць на фітнэс, нехта ходзіць у басейн, або на ровары катаецца. У мяне таксама ёсць ровар і я на ім і ўвосень, і ўзімку ездзіла.

У чым плюсы жыцця ў невялікім горадзе?

Жыць тут вельмі камфортна, усё на вельмі блізкай адлегласці, практычна ніколі няма пробак, калі параўноўваць з той жа Варшавай. Тут прыемна жыць і адпачываць ад мітусні. Таксама тут практычна ўсе больш менш адзін аднаго ведаюць. Гародня развіваецца і будзе развівацца, не ведаю, у які бок усё пойдзе, але гэта вельмі добры знак.

Я б з радасцю засталася жыць тут. Мне падабаецца. Выдатны горад, цікавая гісторыя і культура, такі спакой у Гародні. Сапраўды, засталася б, але для мяне тут праблема з пошукам працы. Я ведаю, што працы хапае праграмістам і… і ўсё. А так – файны горад.

Пасля ўсіх запланаваных пытанняў мы размаўляем з Касяй аб простых жыццёвых рэчах, яна распавядае мне, што яны з сябрамі вельмі любяць вандраваць па ваколіцах Гародні і не толькі. Мне падаецца, што Кася сапраўды закахалася ў горад, які стаіць на вялікім Нёмане і я спадзяюся, што гэта каханне будзе ўзаемным.