Пяць прычын адукаваць сябе пра Еўропу
- 29.08.2018
- Час чытання: 5 хвілін
- Цікавосткі
45 хлопцаў і дзяўчат прайшлі курс “Адукуй сябе пра Еўропу” ад Адукацыі.інфо і Фонда ім. Конрада Адэнаўэра ў Беларусі. Трэці набор распачнецца ў верасні. Разам з выпускнікамі курсу мы сабралі для цябе пяць прычын, чаму трэба падавацца на набор наўпрост зараз.
- Незвычайны падыход да навучання
Падчас курса ты не будзеш сядзець днямі за партай. Мы выкарыстоўваем методыку “blended learning”. Гэта значыць, што цябе чакае праца на анлайн-платформе (прыкладна некалькі гадзін на тыдзень) ды жывыя двухдзённыя сэсіі раз на месяц.
Віялета Завадская: Такі мікс, як blended learning, дапамагае замацаваць веды максімальна эфектыўна. Мне гэта падабаецца тым, што спачатку ты разбіраеш матэрыял самастойна, а потым абмяркоўваеш гэта з крутой камандай! А каманда што трэба: вельмі разумныя, цікавыя і крэатыўныя людзі.
Ганна Гаўрушына: Я лічу, што ў сучасным свеце blended learning – гэта лепшы падыход да навучання. Спадзяюся, што яго хутка пачнуць прымяняць у беларускіх універсітэтах.
- Нефармальная атмасфера плюс інтэрактыў
Любіш нефармальную атмасферу? Мы таксама, таму ў нас на занятках менавіта так, і з трэнерамі можна на “ты”. А замест класічных практыкаванняў ты будзеш распрацоўваць міні-праекты, абараняць іх перад аднагрупнікамі ды аднагрупніцамі ды адказваць на іх каверзныя пытанні, удзельнічаць у дыскусіях і дэбатах ды не толькі!
Святлана Грышкевіч: Курс сабраў тых, хто сапраўды быў гатовы да таго, каб змяніцца самому і ў разам з тым змяніць увесь мікрасусвет навокал сябе. Таму і атмасфера была цалкам творчая, лёгкая: ідэі на вочных сустрэчах так і лёталі ў паветры! Тым больш, што ўсе хлопцы і дзяўчаты з розных сфер, з розным жыццёвым вопытам – таму на сутыкненні інтарэсаў нараджалася шмат цікавых думак. Ну і ўвогуле вельмі клёва было пашырыць кола сваіх знаёмстваў!
- Трэнеры, якія таксама прайшлі праз гэты курс
Сярод трэнераў і арганізатараў трэцяга набора ёсць тыя, хто ўжо паспелі адукаваць сябе пра Еўропу. Хто зразумее ўдзельніка лепш, чым той, хто ўжо прайшоў курс?
Алеся Петравец: Пасля гэтага курса хочацца, каб больш моладзі ў Беларусі ведалі даставерныя факты пра супрацоўніцтва Беларусі і ЕС у межах Усходняга партнёрства. А таксама разумелі, як 28 краін успешна функцыянуюць па шэрагу самых разнастайных пытанняў у адным саюзе і асацыявалі Еўрапейскі саюз не толькі з магчымасцю падарожнічаць лоўкостамі і ездзіць у Вільню на шопінг, а таксама з магчымасцямі адукацыі, стажыровак і атрымання прафесійнага досведу ў шэрагу праграм, даступных для беларусаў. Таму мне вельмі прыемна быць сярод арганізатараў трэцяга набора “Адукуй сябе пра Еўропу”.

Выпускнікі і выпускінцы першага набору
- Цікавыя магчымасці і прапановы ад арганізатараў курса
Тыя, хто паспяхова скончаць курс, змогуць атрымаць ментарскую падтрымку і мець перавагу пры адборы на мерапрыемствы Адукацыі.Інфо і Фонда Конрада Адэнаўэра ў Беларусі. Так двое нашых выпускінікоў гэтым летам трапілі на study visit у сталіцу Еўрапейскага саюза – Брусэль!
Дзіяна Ляшкевіч: Што можа быць лепш, чым замацаваць атрыманыя веды у сталіцы Еўрапейскага саюза – Брусэлі? Асабліва, калі ты робіш гэта разам з актыўнымі хлопцамі і дзяўчатамі з сямі краін. На практыцы мы даведаліся, як працуюць еўрапейскія інстытуцыі, сустракаліся з супрацоўнікамі Еўрапейскай камісіі, Еўрапарламента і не толькі. А тут ты можаш даведацца, як трапіць на стажыроўку ў Еўракамісію.
- Знаёмствы ды нэтворкінг, АДУрэнная атмасфера
З табой у групе будзе яшчэ два дзясяткі светлых галоваў. Разам будзем рабіць праекты, выконваць заданні і практыкаванні. Толькі ўяві – тры месяцы з АДУрэннымі людзьмі!
Мікіта Абрамчык: “Выходзь з зоны камфорту” – з такім дэвізам я ўвайшоў ў вялікую каманду ўдзельнікаў курсу. Пачынаючы з эсе і скончваючы фінальным праектам. Тут я знайшоў людзей, якія натхняюць, шмат карыснай інфармацыі і пазітыўных эмоцый. Неверагодна рады быць часткай курса “Адукуй сябе пра Еўропу”.
Не спі ў шапку і станавіся героем або гераіняй трэцяга набору “Адукуй сябе пра Еўропу”. Далучайся і дасылай заяўку да 8 верасня тут!